Фрыдман: «Каб убіць клін паміж Лукашэнкам і Масквой. На ўсялякі выпадак»
Вынікі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы для Украіны і Беларусі, а таксама кантакты Мінска і Вашынгтона Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Напярэдадні канферэнцыі ў Мюнхене панаваў досыць алармісцкі настрой наконт ролі і месца Украіны ў будучых перамовах. Якія папярэднія высновы можна зрабіць па выніках форума?
— Галоўная выснова — канферэнцыя прайшла для Украіны лепш, чым гэтага можна было чакаць. З аднаго боку, у рамках канферэнцыі яна відавочна атрымала падтрымку ад Еўропы. Выглядае так, што ёсць жаданне і з боку Еўропы, і з боку Украіны разам працаваць, сумесна дасягаць найлепшай для Кіева пазіцыі ў перамовах. Гэта такі пазітыўны момант.
З другога боку, тое, што рабілі амерыканцы — яны паводзіліся больш спакойна і ўзважана, чым гэта было перад канферэнцыяй. Калі насамрэч падавалася, што яны вырашаць усё разам з Пуціным, што Украіна не будзе нікуды запрошана, што яна не будзе пачутая.
Выглядае на тое, што амерыкацы выкарысталі канферэцыю, каб трошкі адкруціць назад. Адразу некалькі спікераў з ЗША падкрэслілі, што Украіна будзе ўдзельнічаць, што яна будзе пачута. Тут і пытанне пра карысныя выкапні, агучанае амерыканцамі ў кантэксце канферэнцыі.
Што да нашумелай прамовы віцэ-прэзідэнта ЗША Вэнса, то яна адносна Украіны была досыць спакойнай. І нават трошкі дзіўнай, у тым сэнсе, што Вэнс сканцэнтраваўся на адносінах ЗША з еўрапейцамі, агулам на становішчы ў Еўропе.
І ў гэтым сэнсе для Украіны пакуль усё выглядае не так і дрэнна. Галоўнае тут не ў тым, што прамаўляецца публічна, а падзеі і размовы за кулісамі. І адтуль мы ўжо шмат цікавага пачулі. У апошні дзень канферэнцыі, напрыклад, стала вядома пра падрыхтаваны план адпраўкі войскаў з Францыі і Вялікабрытаніі ва Украіну.
Зразумела, што наперадзе вельмі цяжкі шлях. І пакуль зусім не зразумела, што нас чакае. Але, калі сыходзіць з самых алармісцкіх сцэнароў накшталт таго, што Трамп рыхтуе капітуляцыю Кіева, то сёння я бы гэта так не расцэньваў.
— Не менш востра сёння стаіць і пытанне суб’ектнасці Беларусі. Наколькі важны факт удзелу ў канферэнцыі Святланы Ціханоўскай? І пра што сведчаць словы Уладзіміра Зяленскага пра нашу краіну?
— Гэта важны момант, хоць пераацэньваць яго, напэўна, не варта. Ціханоўская ўсё ж не належала да ліку галоўных удзельнікаў канферэнцыі. Хоць тое, што яе запрасілі ў Мюнхен, гэта ўжо вельмі добра.
Наколькі я бачыў, Ціханоўская імкнулася скарыстацца ўсімі магчымасцямі, якія ў яе былі. Былі сустрэчы з амерыканцамі, з еўрапейцамі. Пра якасць гэтых сустрэч я казаць пакуль не бяруся, як і пра іх магчымыя вынікі.
Але пэўны эфект заключаецца ўжо ў тым, што на канферэнцыі пра Беларусь прыгадалі. Пры чым Ціханоўская настойвала на тым, што Беларусь нельга разглядаць у якасці часткі Расіі, што ў яе павінныя быць уласныя інтарэсы. Што Беларусь у гэтай гісторыі не аб’ект, а суб’ект.
Пра гэта, канечне ж, трэба было нагадаць. І было асабліва важна нагадаць пра гэта менавіта ў кантэксце сённяшніх падзей.
Што да заяваў Зяленскага, то ягонае стаўленне да Беларусі не змяняецца. Ён згадвае ўсё, што звязана з беларускім пытаннем, каб нагадаць пра небяспеку, пра пагрозу далейшага распаўсюджвання вайны.
Я не бяруся судзіць, у якой ступені праўдзівая інфармацыя, якую ён распаўсюджвае пра пагрозу новага з’яўлення расійскіх войскаў у Беларусі. Ён жа падкрэслівае, што гэта дадзеныя выведкі. У любым выпадку, тут ужо пытанне даверу, бо пераправерыць мы самі гэта не можам.
З іншага боку, калі браць апошнія навіны, то гэтыя заявы Зяленскага могуць карэляваць з іншымі паведамленнямі такога кшталту. Напрыклад, калі казаць пра заяву ваеннай выведкі Даніі пра тое, што ў гэтым годзе можна чакаць нападу Расіі на аднаго з суседзяў. Там нічога няма пра Беларусь, але можна цалкам сабе ўявіць, што такі напад можа адбыцца з беларускай тэрыторыі.
Пра што ў рэшце рэшт і кажа Зяленскі. Што Расія не збіраецца спыняцца, што яна можа скарыстаць для сваіх мэтаў беларускую тэрыторыю.
Беларусь для Зяленскага цікавая менавіта ў такім кантэксце. Ён жа не кажа пра неабходнасць змены рэжыму ў Беларусі, пра яе дэмакратызацыю. І ў Мюнхене, наколькі я разумею, ён не сустракаўся з Ціханоўскай.
А гэта было б вельмі сімвалічна. З аднаго боку, сказаць пра небяспеку з боку Беларусі, а з другога — зрабіць такі вось жэст, сумесны фотаздымак, што каштавала б яму нейкія пяць хвілінаў.
Маўляў, глядзіце, ёсць у нас у беларускім кантэксце партнёры, якія на нашым баку. А беларускія дэмсілы гэта ж і падкрэсліваюць, яны разам дзейнічаюць з Украінай, падтрымліваюць яе.
Але ў атачэнні Зяленскага не палічылі патрэбным гэта рабіць. Хто яго ведае, чаму. Можа ў іх іншыя прыярытэты, можа яны лічаць, што ў беларускіх дэмсілаў няма ўплыву, можа яны не жадаюць лішні раз злаваць Лукашэнку.
Гэта ўсё адкрытыя пытанні. Так ці іначай, яны гэта не зрабілі. А беларуская тэма ў чарговы раз была выкарыстаная, каб узняць пытанне бяспекі.
— Фонам да форума ў Германіі былі падзеі ў Беларусі. Вызваленне палітвязняў пры наўпроставым удзеле амерыканскіх чыноўнікаў — пра што гэта сведчыць?
— Я б тут звярнуў увагу на некалькі цікавых момантаў у публікацыі The New York Times, у якой сцвярджаецца пра сустрэчу намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па Усходняй Еўропе з беларускімі ўладамі.
Паводле публікацыі, Крыстафер Сміт сустракаўся ў Мінску з Лукашэнкам і кіраўніком КДБ Іванам Церцелем. Пры усёй павазе да Сміта і ягонай цікавай біяграфіі, гэта далёка не топ-чыноўнік.
І тое, што Лукашэнка пайшоў на сустрэчу з ім, ды яшчэ прыхапіў з сабой старшыню КДБ, сведчыць пра тое, якое значэнне такія сустрэчы сёння маюць найперш для лукашэнкаўскага рэжыму.
Я шмат думаў, чаму менавіта Церцель, чаму нікога не было з боку МЗС. Напэўна, таму, што яны лічаць Сміта прадстаўніком ЦРУ. Акрамя таго, не выключана, што Лукашэнка не рызыкнуў весці нейкія перамовы за спіной у Масквы.
А Церцель, з таго, што мы пра яго ведаем — гэта сілавік з «русским миром» у галаве, гэта чэкіст з цеснымі сувязямі ў Маскве. І таму ягоны ўдзел мог быць выкліканы імкненнем стварыць дадатковую празрыстаць для Крамля ў гэтай гісторыі.
Мне падаецца, Лукашэнка зразумеў, у якім кірунку разгортваюцца падзеі. Перамовы пад кіраўніцтвам ЗША могуць прывесці да прыпынення вайны. І тады ён можа застацца сам насам з Пуціным, ізаляваны ад Захаду і Украіны. Для яго гэта не вельмі прыемная сітуацыя.
І таму ён зацікаўлены ў тым, каб выйграць час, атрымаць нейкую палёгку на заходнім накірунку. Таму, напэўна, ён так і ўчапіўся за гэтыя перамовы з амерыканцамі.
Я б тут вярнуўся яшчэ раз да публікацыі ў NT. Галоўнай тэмай, за якую зачапіліся аўтары, было вызваленне палітвязняў. І гэта зразумела. Бо калі Лукашэнку і рабіць нейкія крокі насустрач, то самае лёгкае з таго, што ён можа зрабіць, гэта вызваліць палітзняволеных.
Бо нават тыя топавыя палітвязні, якія ў яго сёння ў закладніках, сёння ніякай сур’ёзнай палітычнай пагрозы для яго не ўяўляюць.
Зусім невідавочна, што той жа Віктар Бабарыка, калі ён сапраўды апынецца на свабодзе (а яго хутчэй за ўсё ў такой сітуацыі змусяць з’ехаць з краіны), захоча займацца палітычнай дзейнасцю пасля ўсяго перажытага ў няволі.
Іншы момант, куды больш цікавы — у артыкуле NT гаворыцца пра тое, што Лукашэнка нібыта пагадзіўся спыніць рэпрэсіі. Гэта можа быць крокам да лібералізацыі, адкатам да падзеяў да 2020 года.
Але ізноў жа — адкрытае пытанне: што азначае спыніць рэпрэсіі ў сістэме каардынат Лукашэнкі? Але менавіта гэта і самае цікавае. Ён відавочна адчувае пагрозу і таму зацікаўлены неяк дамовіцца з амерыканцамі.
Зрэшты, не выключаю, што ён, як і раней гэта рабіў, паспрабуе перахітрыць амерыканцаў, абдурыць іх. З іншага боку, Крыстафер Сміт вельмі дасведчаны чалавек, ён шмат працаваў у Кіеве, рабіраецца ў нашым рэгіёне. І ў яго наўрадці ёсць нейкія ілюзіі наконт Лукашэнкі.
І гэта публікацыя выглядае відавочнай выцечкай. Бо такія публікацыі робяцца, калі справа ўжо зробленая, а не на той стадыі, якую мы назіраем цяпер. І яна была зробленая, каб убіць клін паміж Лукашэнкам і Масквой. На ўсялякі выпадак.
Читайте еще
Избранное