Гардон пра здароўе Лукашэнкі: «Поціск рукі ў яго моцны. Бадзёры, добра выглядае»
Сёньня ў Палацы Незалежнасьці ў Менску Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону. Па дарозе з рэзыдэнцыі кіраўніка краіны Гардон адказаў на пытаньні Свабоды.
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Гардон
«Гэта была мая ініцыятыва»
— Гэта Аляксандар Лукашэнка запрасіў вас на інтэрвію?
— Гэта была мая ініцыятыва, як і ўсіх іншых маіх інтэрвію. Ніхто пакуль мне не прапаноўваў і не казаў, што я маю рабіць. Сустрэча адбылася сёньня ўдзень, у прэзыдэнцкім палацы. Працягвалася яна больш за 3 гадзіны, само інтэрвію трывала недзе 2 гадзіны 40 хвілін.
— Некалькі дзясяткаў замежных журналістаў ня могуць тыднямі атрымаць акрэдытацыю на выбары ў Беларусі. Як гэта ўдалося вам?
— Я чакаў гэтай размовы каля двух тыдняў.
— Як вам Палац Незалежнасьці? Многія крытыкуюць яго за азіяцкі стыль у цэнтры Эўропы.
— Я там ня першы раз быў. Мы былі там з жонкаю на «менскіх перамовах» і бачылі палац. Мне падабаецца.
«Поціск рукі ў яго моцны»
— Шмат хто ў Беларусі кажа, што стан здароўя Лукашэнкі не найлепшы. Якое ў вас уражаньне?
— Выглядае вельмі добра. Вельмі добра размаўляе. Інтэрвію было нечакана рэзананснае, сьмелае, цікавае. Ён агучыў цэлы шэраг сэнсацыйных фактаў. Поціск рукі ў яго моцны. Бадзёры, добра выглядае. Ён сказаў, што перахварэў на каранавірус, перанёс на нагах. Мы дэзынфікавалі зь ім некалькі разоў рукі.
— Дарэчы, чаму? Лукашэнка заявіў некаторы час таму, што Беларусь перамагла каранавірус.
— Ён дык пэўна перамог каранавірус. Спадзяюся, што і Беларусь перамагла каранавірус таксама.
— Учора Аляксандар Лукашэнка зьвяртаўся да парлямэнту і народу. Яму было досыць цяжка гаварыць у пэўных момантах, ён бясконца выціраў пот. Гэтага было настолькі шмат, што ўжо ўвечары тэлеканал АНТ выразаў усе кадры з насоўкай падчас эфіру.
— Калі шчыра, у мяне моцны поціск рукі, але ягоны поціск аказаўся мацнейшы. Ён быў вельмі энэргічны і 2 гадзіны 40 хвілін вёў дыялёг, прычым эмацыйна, зь вялікай колькасьцю інсайдаў. На маю думку, ён абсалютна здаровы.
«Ён паабяцаў зялёнае сьвятло для перадачы баевікоў»
— Што такога сэнсацыйнага і нечаканага ён сказаў?
— Мяне як патрыёта сваёй краіны цікавяць найперш інтарэсы Ўкраіны. Украіна моцна зацікаўленая ў тым, каб вялікая мяжа зь Беларусьсю была мяжой зь Беларусьсю, а не з Расеяй.
Мяне прыемна натхніла рашучасьць прэзыдэнта Лукашэнкі адстойваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць сваёй краіны. Гэта тое, чаго не хапіла Ўкраіне, калі Расея скрала ў яе Крым.
Мне было вельмі цікава пачуць тое, што сказаў Лукашэнка: калі б Расея ці іншая краіна замахнулася б на тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, ён бы змагаўся за сваю краіну да апошняга.
— Ці запэўніў ён вас, што перадасьць украінскіх грамадзян, сярод затрыманых, Украіне?
— Ён сказаў, што Зяленскі прасіў яго перадаць Украіне тых, хто ўдзельнічаў у баях на Данбасе супраць Украіны, і ўкраінцаў у тым ліку. Ён сказаў, што будзе дадзена зялёнае сьвятло пракуратуры і іншым праваахоўным органам Беларусі, якія адпаведна зь беларускімі законамі зробяць усё неабходнае для таго, каб вінаватых перадаць і Расеі, і Ўкраіне.
— Ці зьменіцца вашае да яго паважлівае стаўленьне, калі Менск усё ж ня выдасьць так званых баевікоў Кіеву?
— Я спадзяюся, што ўсе людзі, якія былі замяшаныя ў злачынствы супраць Украіны і якія апынуліся на тэрыторыі Беларусі, будуць перададзеныя Ўкраіне. Я ня проста маю надзею, мне здаецца, што будзе менавіта так.
— А сёньняшні званок Зяленскага быў выпадковы ці неяк сынхранізаваны з вашым візытам?
— Давайце гэта пакінем маленькай таямніцай.
«Еду па Менску і ня бачу, каб нешта было ў паветры»
— Гэтыя выбары называюць самымі складанымі для Лукашэнкі за ўсе гады ягонага кіраваньня. Ці адчулі вы ў беларускім паветры напружанасьць?
— Я прыляцеў учора і сёньня зьлятаю. Вядома, я чую і чытаю пра пратэсты, і бачу іх. Я зь ім размаўляў і пра іх, і пра арышты Бабарыкі, Ціханоўскага, іншых апазыцыянэраў, пра справу Цапкалы. І пра стан свабоды слова, і пра Ціханоўскую.
— А ці адчулі вы ў Менску тое, чаго не адчувалі раней?
— Я ў дадзены момант еду па Менску, знаходжуся ў машыне. Мяне каторы раз зачароўвае чысьціня і парадак у гэтым горадзе. Гэта горад для жыцьця, дагледжаны, цудоўныя дарогі, і я ня бачу, каб нешта было ў паветры. Але... Тысячы людзей выходзяць на мітынгі, значыць, ім нешта не падабаецца.
І я пра гэта таксама спытаў яго — чаму людзі выходзяць і што ім не падабаецца? На мой погляд, ён вельмі сумленна адказваў на пытаньні.
Не было аніводнага майго вострага пытаньня, якое б ён абмінуў увагай або не адказаў. Ён адказаў на ўсе пытаньні. А адказы будуць заўтра ўвечары.
— Вы некалькі разоў казалі, што ён на ўсё шчыра адказаў. Дайце хоць нейкі спойлер.
— Я ўбачыў перад сабой найперш чалавека, зь якім мне было цікава размаўляць. Гэта чалавек, які стаў сымбалем эпохі, сымбалем часу, ён засьпеў грандыёзныя падзеі геапалітычнага значэньня, гістарычныя для цэлага шэрагу краінаў. Ён засьпеў многіх міжнародных лідэраў, стаў часткай гісторыі, а размаўляць з часткай гісторыі заўсёды вельмі цікава. Я адкрыў яго для сябе па-новаму.
— Ці завершыцца гэтая гісторыя 9 жніўня?
— Гэта ня мне пытаньне. Гэта пытаньне беларускаму народу. Я ніколі ня ўмешваюся ў выбар іншых народаў. Маё прызначэньне, як журналіста — адлюстроўваць час і паказваць мільёнам людзей тых, хто стаў сымбалямі часу і сымбалямі эпохі.
Читайте еще
Избранное