«Гэтае жаданне «быць харошым беларусам» зараз вельмі моцнае: з'явіўся страх падацца нацыяналістам»

Рэжысёрка, пісьменніца, мастацтвазнаўца Віта Раманенка (Solzberg) — пра тое, чаму беларусы баяцца ўсведамляць сябе нацыяй.

Віта Раманенка, фота Еўрарадыё

— На мой погляд, у 80-я гады ў Беларусі было менш людзей, негатыўна настроеных на беларушчыну, — параўноўвае Віта Раманенка (Solzberg) на Еўрарадыё. — Таму што ў нас тады і тэлебачанне працавала па-беларуску, і ў школах выкладалі беларускую мову.

Было нармальна і святы праводзіць — усё гэта не забаранялася. У той час мне было сем гадоў, калі я размаўляла толькі на беларускай мове. У лякарні ляжала, размаўляла па-беларуску — усюды, і не было негатыву.

Зараз, на мой погляд, негатыву значна больш, у тым ліку і сярод моладзі, і нават той моладзі, якая зараз у эміграцыі. Як ні дзіўна, яны далучаюцца да беларускага, але пераважвае тое, што мы «павінны быць добрыя».

Гэтая сарамлівасць за тое, што раптам мы станем нацыянальна свядомымі і гэта як бы кепска, то лепш давайце будзем сябраваць.

Цяпер, здаецца, у беларусаў гэта значна больш праяўляецца, чым у нашай маладосці. З аднаго боку, пасля 2020 года настрой у шмат каго змяніўся, шмат людзей адкрылі для сябе беларушчыну, шмат пачалі гаварыць па-беларуску, шмат хто працуе ў гэтым кірунку.

Нават мой сын, які нарадзіўся ў Маскве. Ён пражыў там 10 гадоў, а потым мы пераехалі ў Мінск, і ён пайшоў у беларускую школу. Па-беларуску не размаўляў, і мы нічога не маглі з ім зрабіць.

А пасля 2020 года, нягледзячы на тое, што ён даўно жыве ў зусім іншай краіне, пачаў размаўляць па-беларуску сам. І такіх шмат.

Але, калі браць агульны настрой і параўноўваць яго з тым настроем, які быў тады, нягледзячы на тое, што было менш людзей, якія свядома гаварылі па-беларуску, таксама было менш і тых, хто да іх ставіўся негатыўна.

А зараз у Беларусі шмат хто настроены негатыўна, таму што баіцца, таксама шмат настроены супраць краін Балтыі і палякаў чамусьці ненавідзяць.

Асабліва калі людзі не на беларускім баку, дык яны зусім катэгарычна супраць. А калі на беларускім, дык яны яшчэ могуць вагацца. У тым сэнсе, што я патрыёт, я супраць гэтай улады, але я за тое, каб мы разумелі адзін аднаго.

І гэтае жаданне «быць харошым беларусам» зараз вельмі моцнае. Раней у нас такога не было. А цяпер з'явіўся гэты страх падацца нацыяналістам.

Віта Раманенка кажа і аб тым, што павінна адбыцца, каб беларусы ўсё ж пачалі сябе ўспрымаць па-іншаму, каб пачалі сябе ўсведамляць нацыяй.

— Зараз у Беларусі, напэўна, ёсць грамадзяне, такія «тутэйшыя», якія хочуць назад у Савецкі Саюз. Натуральна, ёсць тыя, якія адчуваюць сябе беларусамі і размаўляюць на беларускай мове.

Але тыя, хто падтрымліваюць цяперашні рэжым, радыя, што ён не падтрымлівае беларускую будучыню. Ім гэта ўсё не патрэбна, бо для іх гэта дадатковыя цяжкасці: вучыць мову, яны на самой справе не ведаюць культуры і не хочуць ведаць.

Яны атрымліваюць тое, што прапаганда ім паціху засоўвае ў галаву, і не ірвуцца вывучаць нешта новае. Такі стан расліннага існавання, у сэнсе неўсведамлення сваёй ідэнтыфікацыі.

То бок я існую біялагічна і не спрабую зразумець, хто я, які я. Мне гэта абыякава, я проста хаджу на працу, зарабляю грошы, купляю прадукты, езджу ў Турцыю ў адпачынак і дастаткова. І не чапайце мяне са сваімі дэмакратычнымі ідэямі.

А вось, скажам, людзі, якія перасоўваюцца, нават тыя, хто ў Амерыцы ўжо пяць пакаленняў, але яны, там, з Украіны, ці з Рыгі, ці з той жа Беларусі, могуць нават не размаўляць на сваёй мове, але ўсе ведаюць, хто яны такія, памятаюць, што ёсць продкі.

Таму што людзі, якія перасоўваюцца, думаюць пра сябе, пра сваё існаванне і тое, дзе ёсць лепшыя ўмовы для развіцця майго жыцця.

А ў самой Беларусі, на жаль, шмат тых, хто не думае, таму што прызвычаіліся думаць, што мы з Савецкага Саюза — і нармальна.

І баяцца, канешне, як казала, таму што гэта небяспечна.

Але я моцна веру, што калі б нешта змянілася і дзяржава пачала зноў прапагандаваць, паказваць беларускую культуру і даваць ёй магчымасць быць і квітнець, людзі пачалі б выбіраць, пачалі б разважаць.

І я ўпэўнена, значна хутчэй бы павярнуліся да сваёй нацыянальнай свядомасці, таму што гэта вельмі класна, калі ты раптам усвядоміў, хто ты ёсць. Калі ты раптам сам для сябе зразумеў, у чым мая асаблівасць, — кажа Віта Раманенка.