Скандалы

Аляксандр Ярашэвіч, Бюро

Гульня на два фронты

Расследаванне Бюро: як беларускія ўладальнікі завода ў ЕС забяспечвалі чыпамі ваяўнічую Расію.

Беласнежныя пясчаныя пляжы, маляўнічыя каралавыя рыфы, густыя зялёныя джунглі. Экзатычныя Сейшэльскія астравы ў сэрцы цёплага Індыйскага акіяна прыцягваюць турыстаў з усіх краін.

Летам мінулага года сям’я беларускага бізнэсоўца Сяргея Хвалько апублікавала фота з адпачынку ў гэтым кутку райскай асалоды. Яны спыніліся ў шыкоўным гатэлі Four seasons, дзе кошт нумара на дваіх дарослых і траіх дзяцей за тыдзень стартуе ад 10 тысяч еўра.

Пагадзіцеся, рэдкая беларуская сям’я можа дазволіць сабе такі адпачынак. Але не сям’я Хвалько.

Сям’я Хвалько на Сейшэлах. Крыніца: інстаграм-акаўнт жонкі Хвалько – Алены

Сяргей Хвалько, непублічны беларускі бізнэсовец, сабраў багацце дзякуючы мікрасхемам. Без гэтых маленькіх прылад цяжка ўявіць сучасны свет. Чыпы ўжываюцца паўсюдна ў тэхніцы – ад смартфонаў да робатаў. З пачаткам вайны еўрапейскі бізнэс Сяргея Хвалько і партнёраў імкліва набраў абароты, а беларускія кампаніі павялічылі даходы ў дзясяткі разоў.

Бізнэс на грошы Еўропы

Хвалько пачынаў бізнэс з гандлю электронікай у Беларусі ў далёкім 2006 годзе, а праз дзесяць год разам з партнёрамі Максімам Богушам, Сяргеем Саяўцом і Дзмітрыйсам Радкевічсам запусціў завод па вытворчасці мікрасхем у суседняй Латвіі.

Бела-шэры двухпавярховы будынак завода SMD Baltic размешчаны ў прамысловай зоне Даўгаўпілса на Заходняй Дзвіне. За даволі кароткі час прадпрыемства стала рэзідэнтам Латгальскай спецыяльнай эканамічнай зоны і атрымала падатковыя льготы. Завод таксама атрымлівае фінансавую падтрымку ад Еўрасаюза на даследаванні і распрацоўкі.

Завод SMD Baltic. Аўтар – Сяргей Кузняцоў, «Латвійскае радые»

Калі Крэмль напаў на Украіну, то кампанія SMD Baltic публічна асудзіла ваенную агрэсію і заявіла, што спыніла прымаць заказы з Расіі і Беларусі. Але нашае расследаванне паказала, што беларускія ўладальнікі латвійскага завода наладзілі тайныя пастаўкі мікрасхем у краіну, якая ваюе.

У шэрых схемах задзейнічаная цэлая сетка з кампаній. А сярод кліентаў беларускіх і латвійскіх бізнэсоўцаў – буйны расійскі вытворца беспілотнікаў, дзе ёсць доля ў інавацыйнага фонду на чале з дачкой Уладзіміра Пуціна.

Беларускія чыпы для расійскіх дронаў

За трыста кіламетраў ад латвійскага Даўгаўпілса знаходзіцца гонар беларускіх уладаў – створаны сумесна з кітайскім урадам індустрыяльны парк «Вялікі камень». Асаблівая эканамічная зона з шырокімі льготамі задумвалася як пляцоўка для стварэння высокатэхналагічных вытворчасцяў.

У кастрычніку 2021 года рэзідэнтам індустрыяльнага парку стала беларуская кампанія «СМД Бай». Ейны дырэктар і асноўны ўладальнік, той самы Сяргей Хвалько, асабіста падпісваў дакументы з кіраўніком адміністрацыі «Вялікага каменя». Кампанія «СМД Бай» абяцала запусціць у індустрыяльным парку вытворчасць электронных платаў.

«Прадукцыя будзе пастаўляцца на рынак ЕАЭС», – сказана ў прэс-рэлізе.

Падобна, у іх атрымалася дамагчыся сваіх мэтаў.

Сяргей Хвалько (справа) у парку «Вялікі камень». Крыніца: industrialpark.by

Праз тры месяцы пасля падступнага нападу Расіі на Украіну беларуская кампанія «СМД Бай» раптоўна памяняла назву на «Мікрамаунт», а ўжо восенню таго ж года яна пачала пастаўкі электронікі ў Расію.

Сяргей Хвалько валодае кампаніяй «Мікрамаунт» не адзін, а на пару з партнёрамі па SMD Baltic Дзмітрыйсам Радкевічсам і Максімам Богушам, а таксама менеджарам па продажах на латвійскім заводзе Павелсам Левінсам.

Кампаненты ў рэзідэнта «Вялікага каменя» закупляла смаленская кампанія «Кантрактыка», адзіным уладальнікам якой з’яўляецца беларус Віталь Хацук.

Як удалося высветліць «Бюро», гэты бізнэсовец звязаны з нашымі героямі. Хацук працаваў у беларускай кампаніі Хвалько і Богуша «Алсачып». «Кантрактыка» не раскрывае, каму прадавала беларускую электроніку. Але поўную карціну пра бізнэс Хвалько і партнёраў мы атрымалі з мытных дадзеных.

З мінулага года важным кліентам беларускай фірмы «Мікрамаунт» робіцца пецярбургская група кампаній «Геаскан». Гэта буйны вытворца беспілотнікаў у Расіі, дзе 10% належаць фонду пад брэндам «Інапрактыка» на чале з дачкой Пуціна Кацярынай Ціханавай.

Мытныя дадзеныя паказалі, што з ліпеня 2023-га па чэрвень 2024 года «Мікрамаунт» пастаўляў «Геаскану» разнастайныя электронныя кампаненты на 1,2 мільёна долараў. Сярод іх – праграмаваныя кантролеры з памяццю. Такія тавары асабліва важныя для ваеннай індустрыі Крамля, таму заходнія краіны забаранілі пастаўляць іх у Расію.

Сам «Геаскан» знаходзіцца пад санкцыямі Украіны і ЗША як вытворца беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны. Яшчэ ў 2021 годзе расійскае прадпрыемства падзялілася планамі пра стварэнне беспілотнага кластара ў Башкартастане, а прэм’ер-міністр гэтай рэспублікі пазней анансаваў пастаўкі вырабленых там дронаў «для патрэбаў СВА».

Сёлета «Геаскан» разам з «Раскосмасам» паспяхова пратэставаў тэхналогію па кіраванні беспілотнікамі праз спадарожнік. Такая сістэма спадарожнікавай сувязі пад назвай «Ганец» мае патэнцыял выкарыстання ў вайне супраць Украіны, заяўлялі ў Расіі.

Акрамя «Геаскана» беларускі «Мікрамаунт» таксама пастаўляў электроніку для екацярынбургскай фірмы «Рэглаб». Яна ўваходзіць у групу «Прасофт-Сістэмы», якая яшчэ да вайны шчыльна супрацоўнічала з буйным расійскім вытворцам танкаў – «Уралвагонзаводам».

Калі Re:Baltica коратка перадала сутнасць расследавання старшыні Латвійскай гандлёва-прамысловай палаты (ЛГПП) Янісу Эндзіньшу, ён паспяшаўся праверыць, ці з’яўляецца SMD Baltic членам іх арганізацыі. Кіраўнік ЛТПП упэўніўся, што гэта не так, а пасля падкрэсліў, што калі ўсё вышэйвыкладзенае праўда, то такія дзеянні злачынныя і гэта праца праваахоўных органаў.

«Поспеху Расіі ва ўварванні ва Украіну не трэба дапамагаць ні ў якім разе, трэба зрабіць усё, каб Украіна перамагла. Лагічна, што мы ні ў якім разе не павінны ўзмацняць Расію», – зазначыў Эндзіньш.

Ён падкрэсліў, што яны нават выключаюць з ЛГПП членаў, якія працягваюць экспартаваць у Расію тавары, што не маюць стратэгічнага значэння для арміі, бо гэта падаецца ім неэтычным.

У Расію з любоўю

Гэта не ўсе «дасягненні» Хвалько і ягоных партнёраў. Як выявілася, яны – аўтары маштабнай схемы па дастаўцы амерыканскіх мікрасхем у Расію ў абыход санкцый.

Да ўварвання ва Украіну латвійскі завод SMD Baltic адпраўляў у Расію каля паловы сваёй прадукцыі. У 2020 годзе – 12 тысяч мікрасхем на 188 тысяч долараў, у 2021 годзе – 66 тысяч мікрасхем на 1,16 мільёна долараў. Адзіным атрымальнікам грузу быў смаленскі пасярэднік – «Новая электронная кампанія» (НЭК), на той момант падкантрольная ўсё тым жа Хвалько, Богушу і Саяўцу.

Гэты бізнэс паставіў пад пагрозу вераломны напад на Украіну і наступныя заходнія санкцыі супраць пуцінскага рэжыму. Увосень 2022 года ЗША і ЕС забаранілі пастаўкі мікрасхем у Расію. Заходнія краіны адносяць чыпы да асаблівай катэгорыі тавараў, якія маюць павышаную рызыку незаконных паставак для падтрымання ваеннай машыны Пуціна.

«Гэта прадметы, якія выклікаюць найбольшую занепакоенасць у сувязі з іх крытычнай роляй у вытворчасці перадавых расійскіх сістэм высокадакладнай зброі, адсутнасцю айчыннай вытворчасці і абмежаванасцю сусветных вытворцаў», – сказана ў заяве амерыканскага ўрада.

Прамыя пастаўкі з латвійскага завода ў Расію спыніліся восенню 2022 года. Але да моманту ўвядзення санкцый «Новая электронная кампанія» ўжо адпрацавала новыя маршруты, каб даставіць крытычна важныя кампаненты ў ваяўнічую Расію ў абыход абмежаванняў. НЭК закупала чыпы праз кампаніі ў Казахстане, Турцыі, Кітаі і Ганконгу. Гэтыя юрысдыкцыі часта выкарыстоўваюцца, каб абысці заходнія абмежаванні. У 2023 годзе НЭК імпартавала больш як 300 тысяч мікрасхем на 1,3 млн долараў.

З вясны 2016 года да восені 2023 года «Новай электроннай кампаніяй» валодалі Сяргей Хвалько, Максім Богуш і Сяргей Саявец. З кастрычніка мінулага года адзіным уладальнікам робіцца расіянін Віталь Прывольнеў, які кіруе НЭК з моманту заснавання кампаніі. Па сутнасці, беларуская тройца прадала бізнэс даверанай асобе.

Вытворцамі чыпаў пазначаныя буйныя амерыканскія кампаніі – Intel, Texas Instruments, Analog Devices і іншыя, але краінай паходжання – пераважна Кітай, Малайзія, Філіпіны і Тайланд. Тым не менш такія тавары падпадаюць пад амерыканскія санкцыі, таму што яны маюць экстэрытарыяльнае дзеянне.

«Любыя тавары з амерыканскай сыравінай падпадаюць пад экспартны кантроль ЗША, незалежна ад таго, дзе і кім яны вырабленыя ў адпаведнасці з Правілам аб прамых іншаземных таварах», – растлумачыў у каментары для «Бюро» старшы эканаміст Кіеўскай школы эканомікі, удзельнік міжнароднай працоўнай групы па санкцыях супраць Расіі Беньямін Хільгеншток.

«Новая электронная кампанія» – не адзіная фірма, задзейнічаная ў маштабнай схеме для абыходу санкцый. Сяргей Хвалько мае фірму ў Мінскім раёне пад назвай «СкайГлобал».

Мы высветлілі, што летась яна таксама паставіла ў Расію больш як 230 тысяч чыпаў заходніх брэндаў на 1,5 мільёна долараў. Атрымальнікам чыпаў у мытных дэкларацыях пазначанае прадпрыемства «Булат». Яно кантралюецца «Ростэлекамам» і навукова-вытворчым цэнтрам «Элвіс», якія знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі.

У Texas Instruments і Analog Devices адказалі, што не вялі спраў са згаданымі намі кампаніямі, якія пастаўлялі амерыканскія чыпы ў Расію.

«Кампанія Texas Instruments (TI) спыніла продаж прадукцыі ў Расію і Беларусь у лютым 2022 года. Любыя пастаўкі мікрасхем TI у Расію з’яўляюцца незаконнымі і несанкцыянаванымі. TI рашуча выступае супраць выкарыстання нашых мікрасхем у расійскім абсталяванні і незаконнай уцечкі нашай прадукцыі ў Расію», – зазначылі ў кампаніі Texas Instruments.

Але амерыканскія мікрасхемы могуць трапляць у Расію нелегальнымі шляхамі. Каб прадухіліць такія пастаўкі, амерыканскія кампаніі робяць разнастайныя захады кантролю ў супрацоўніцтве з праваахоўнымі органамі, дзяржаўнымі ўстановамі, няўрадавымі арганізацыямі і партнёрамі па галіне.

«Барацьба з несанкцыянаваным перапродажам і неправамерным выкарыстаннем прадуктаў і тэхналогій – гэта задача, якая стаіць перад усёй паўправадніковай прамысловасцю. Мы працягваем шукаць спосабы выяўлення і прадухілення спробаў трэціх асоб несанкцыянавана перапрадаваць, перанакіроўваць або выкарыстоўваць не па прызначэнні нашу прадукцыю і тэхналогіі», – зазначылі ў Analog Devices.

Максім Богуш і Сяргей Саявец адмовіліся ад каментараў. Сяргей Хвалько расказаў «Бюро», што цяпер (!) падкантрольныя яму і партнёрам фірмы не працуюць ні з вытворцам беспілотнікаў «Геаскан», ні з вытворцам камунікацыйнага абсталявання «Булат».

«З вайной мы не працуем. Гэта нашая прынцыповая пазіцыя», – зазначыў Хвалько.

Але бізнэсовец ухіліўся ад адказу на пытанне, ці супрацоўнічалі яны з расійскімі прадпрыемствамі раней.

«Я разумею, што вам патрэбная сенсацыя, а тут чалавечыя лёсы. <...> Дапусцім, цяпер там [у Даўгаўпілсе] завод закрыецца, а ў нас дзяўчынка працуе, ейны мужык на бетонным заводзе. У іх трое дзяцей. Куды яны з’едуць?! Мы ўсе цудоўна ўсё ўсведамляем. Ёсць пэўныя маральныя складнікі», – адказаў Хвалько.

У цэлым, на пастаўках заходніх чыпаў у Расію ў абыход санкцый Хвалько і партнёры выручылі больш як 2,5 мільёна долараў. Больш як 1,2 мільёна долараў склалі пастаўкі электронікі для буйнога вытворцы дронаў. Цёмныя справункі бізнэсоўцаў дазволілі істотна палепшыць фінансавыя паказчыкі беларускіх кампаній. Летась выручка кампаніі «СкайГлобал» вырасла ў 70 (!) разоў – да 13 мільёнаў долараў. «Мікрамаунт» павялічыў абароты ў 12 (!) разоў – да 14 млн долараў.

Заробленыя грошы беларускія бізнэсоўцы цяпер могуць траціць на падарожжы па Еўропе. Мяркуючы па пастах у сацыяльных сетках, сям’я Хвалько любіць адпачываць у Італіі, Францыі, Грэцыі, а сям’я Богуша даўно жыве ў Партугаліі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)