4 тысячы чалавек больш за месяц змагаліся супраць бальшавікоў. Але гэта быў пік таго змагання, якое адбывалася ў розных рэгіёнах краіны – ад Гомеля па Бешанковічы.
Гурневіч: «Па-сутнасці, гэта была кароткая беларуска-савецкая вайна»
Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч – да 104-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.
– Беларусы – вельмі сціплыя людзі, – піша Гурневіч. – Вось днямі я прыгадваў як адбывалася змаганне за незалежнасць Латвіі. Там урад паўгода плаваў на караблі і не кантраляваў практычна нічога на зямлі.
У нас быў Слуцкі збройны чын або Слуцкае паўстанне.
Па-сутнасці, гэта была кароткая беларуска-савецкая вайна. Але мы сціплыя, нам хопіць чын, ну максімум паўстанне.
Партызанілі супраць бальшавікоў на Койданаўшчыне, былі пратэсты на Ігуменшчыне, дзе скінулі савецкую ўладу. Беларускія сяляне захапілі Барысаў. Кіраўніку Савецкай Беларусі Чарвякову дакладалі: «Няма аніводнай воласці павета, дзе не было б бандаў. Па чутках, ва ўсім павеце маецца некалькі тысяч бандытаў».
Дызертырства з Чырвонай Арміі было магутнае. Шэрагі чырвоных пакінуў увесь кавалерыйскі атрад Барысаўскага ваенкамата, прыхапіўшы коней і зброю. З новастворанай міліцыі сышла палова складу. Разбегліся ахоўнікі мясцовай турмы. А вось цытата з дакладу Ваенрэўкома БССР, лістапад 1920 года.
«Население некоторых волостей, узнав о самоопределении Беларуси, не хочет признавать никакой другой власти, кроме несуществующего правительства «незалежнай Беларусі» и относится очень враждебно к организуемым волостным ревкомам, заявляя, что власть нужно выбирать, а не назначать из Москвы».
Тады ж, у лістападзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі паўсталі Пагарэльская і Якшыцкая воласьці.
Вадзім Гігін у адной з нядаўніх перадач на СТВ захапляўся слуцкімі камсамольцамі. А-ёй. Калі на Случчыне стваралі камсамол, то ў яго запісалася ажно… 25 чалавек.
Для параўнання. Калі толькі ў адной вёсцы Шышчыцы на той жа Случчыне набіралі ў Чырвоную армію, то туды трапіў толькі адзін мужчына, а астатнія 72 дэзерціравалі і запісаліся добраахвотнікамі ў Брыгаду Беларускай Народнай Рэспублікі.
З глускіх лясоў да іх спрабавалі прабіцца 3 тысячы дызертыраў-беларусаў з Чырвонай арміі. Яны даведаліся, што ідзе вайна за беларускую рэспубліку, уцяклі ад бальшавікоў, хаваліся ў лясах.
У іх была свая артылерыя, і яны хацелі прабіцца на Случчыну. Але прайсці праз фронт было немагчыма.
Случчакі, якіх гвалтам забіралі ў бальшавіцкую армію, не мелі матывацыі, каб змагацца супраць сваіх. Таму расейскія камандзіры сталі высылць супраць паўстанцаў кітайцаў і татараў, у якіх не было сентыментаў да мясцовых.
У слуцкіх паўстацаў быў свой штаб, была выведка, контрвыведка, быў вайсковы трыбунал, гаспадарчыя тылавыя службы, вайсковая школа, шпіталь. Баявая лінія фронта складала каля ад 45 да 60 км, а баявыя дзеяньні ішлі больш за месяц.
Сёння прапагандысты маргіналізаваць тое паўстанне. Але архівы не гараць. Яшчэ пару год таму яны здымалі фільмы і раказвалі, як сяляне без самі, без прымусу, забяспечвалі паўстанцаў харчамі.
А ў спецсховшчах захоўваюцца сотні тамоў па судовых справах супраць паўстанцаў. За імі палявалі ад 1920 да 1939 гадоў. Gloria Victis!
Читайте еще
Избранное