«Імпэрыя пачне рвацца, калос на гліняных нагах пачне сыпацца»

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра прычыны і наступствы расейска-ўкраінскай вайны.

Лявон Вольскі

Можна казаць пра невычэрпныя рэсурсы, у тым ліку і чалавечы, пра ледзьве ня стоадсоткавую падтрымку народнымі масамі вар’яцкіх ідэяў неадэкватнага кіраўніцтва, пра якаснае замбаваньне людзей прапагандыстамі, але Расеі засталося нядоўга. З пачаткам вайны адразу запусьціўся й працэс самазьнішчэньня імпэрыі.

Навошта было пачынаць вайну?

Нінавошта. Ніводнага адэкватнага (ня ватнага) аргумэнту няма. Фашызм-нацызм, прыгнёт расейскамоўнага насельніцтва — гэта ўсё казкі для фанатыкаў, якія й так апантаныя ідэяй «рускага міру» ва ўсім сьвеце, для цётак, у якіх да вайны было шэрае аднастайнае правінцыйнае жыцьцё, а як пачалася агрэсія, расквецілася зыркімі рамантычнымі ваеннымі фарбамі, для адстаўнікоў, якія за час службы страцілі адзіную зьвіліну і для іншых (на жаль, досыць шырокіх) групаў насельніцтва, прадстаўнікі якіх прызвычаіліся сьвята давяраць тэлевізару.

Ніводнае сапраўды важкае нагоды для таго, каб пачынаць ваенныя дзеяньні, не было.

Дзяржавы-суседкі гандлявалі, мелі культурніцкія й іншыя стасункі, ва ўкраінскіх школах вучылі расейскую літаратуру, на ўсходзе пераважна размаўлялі па-расейску (з характэрнай ўсходнеўкраінскай рэдакцыяй), у гарадах стаялі помнікі розным расейскім дзеячам.

І, каб не было Крыму, Данбасу, а потым і поўнамаштабнае агрэсіі, так бы працягвалася, хіба што, стагоддзямі. Бо людзі за савецкія гады надзейна прызвычаіліся да ўсіх гэтых пушкіных-лермантавых, да маршала Жукава, да жаўнера-вызвольніка, да гасьцей і сваякоў з Расеі, да таннае расейскае эстрады — да ўсяго гэтага, што й цяпер звыкла працягваецца ў Беларусі.

А ўлады звычайна вельмі асьцярожна ставяцца да назапашаных народных звычак — калі іх пачаць ламаць, можна выклікаць чалавечае незадавальненьне, якое можа перайсьці ў хваляваньні.

Таму — хай ужо будзе, як ёсьць, ясна, што сытуацыя нездаровая — Савецкага Саюзу даўно няма, а дурацкія савецкія звычкі й стэрэатыпы ёсьць, і трэба неяк асьцярожна і паступова ад гэтага ўсяго пазбаўляцца, але хай сабе гэтым зоймецца наступная ўлада, а мы пакуль што пакінем усё ў цяперашнім стане. І так думае кожны новы ўрад (ва Ўкраіне яны зьмяняюцца, калі вы ня ведалі).

Хапіла пары гадоў, каб ментальна вызваліцца ад «рускага сьвету»

І тут — ні з пушчы ні з поля — пачынаецца акупацыя Крыму, Данбасу, паўнавартасная вайна! Як у стане вайны з Расеяй вучыць у школе клясыкаў расейскае літаратуры? Як глядзець расейскія фільмы? Як жыць сярод помнікаў расейцам? Як размаўляць на мове акупантаў?

Пачынаюцца масавыя зьмены ў сьвядомасьці, справакаваныя вайной. Бязьлітаснымі бамбаваньнямі жылых кварталаў, бессэнсоўнай жорсткасьцю акупантаў да мірнага насельніцтва...

Народ сам, без аніякае ініцыятывы з боку ўладаў, выракаецца ўсяго расейскага.

Паўтаруся, каб не бязьлітасная і бязглуздая акцыя з цынічнай назвай «СВА», Украіна доўга яшчэ б выдзіралася з «братніх» абдымкаў расейскага мядзьведзя. А тут — хапіла пары гадоў.

Мэнтальна ўкраінцы ўжо не з Расеяй, ня ў сфэры дзейнасьці «рускага сьвету».

Расколіна, несумяшчальная з жыцьцём

І гэта пачатак расейскага развалу. Там, дзе варта было падумаць-асэнсаваць, дзейнічаць разважліва і асьцярожна, каб не скрануць зь мейсца крохкі «сасуд» «рускага сьвету», расейцы скарысталіся часовай слабасьцю суседа, каб завалодаць ягонай маёмасьцю. Груба, па-мужыцку, парушаючы ўсе міжнародныя дамовы. «Сасуд» даў расколіну, несумяшчальную з жыцьцём.

Памятаеце, Гітлер калісьці пачаў агрэсію, каб падтрымаць нямецкамоўнае насельніцтва, правы якога «груба парушалі»?

І што з гэтым нямецкамоўным насельніцтвам (часьцяком і большасьцю) было пасьля вайны? Высылка, масавая дэпартацыя, зьдзекі і забойствы.

Колькі тэрыторыяў страціла «Вялікая Нямеччына» пасьля пераможнага бліцкрыгаўскага шэсьця? Дагэтуль нямецкія Захад і Ўсход — гэта дзьве розныя краіны, бо Ўсход правёў пад камуністычнай уладай сорак пяць гадоў, і гэты час наклаў на яго сваю спэцыфічную пячатку.

І гэта вялікая праблема для ўсяе Нямеччыны. А колькі гадоў мінула пасьля той вайны?

Наступствы для Расеі

Расею чакаюць значна горшыя наступствы. Нават калі яна захопіць усю Украіну і Беларусь — гэта толькі бомба запаволенага дзеяньня. Немінуча кепска пашытая з рознанацыянальных лапікаў імпэрыя пачне рвацца, калос на гліняных нагах пачне сыпацца.

Галодная й бедная расейская правінцыя кінецца «рабаваць нарабаванае» ў багатую тлустую сталіцу, вэтэраны «СВА» са зброяй у руках будуць наводзіць свае ваўчыныя парадкі, карумпаваныя сілавікі ў імгненьне вока ператворацца ў рэкеціраў, алігархі і прадстаўнікі ўладнае эліты, хто пасьпее, вылецяць у Дубай, Лёндан і Маямі, у «рэгіёнах» абудзяцца нацыянальныя рухі, якія прыгадаюць расейцам усе свае беды, пачнецца цёмны час народнае смуты, у параўнаньні зь якім ліхія 90-я, пра якія так любяць успамінаць рускія, пададуцца аздараўленчым піянэрскім лягерам...

Эўропа вельмі баіцца гэтага. Таму дапамагае Ўкраіне, але вельмі асьцярожна — каб чаго ня выйшла. Бо гэтыя працэсы расейскага развалу і дзікіх цёмных часоў пасьля падзеньня імпэрыі невядома як адаб’юцца на ўсім эўрапейскім кантынэнце. Ды й ня толькі на ім.

Працэс запушчаны

Але позна!

Працэс быў запушчаны, калі празь беларуска-ўкраінскую мяжу паехалі першыя калёны раскансэрваванае савецкае тэхнікі, яго ўжо ніяк нельга спыніць і стрымаць.

Дакладней, можна было — на самым пачатку, калі б усе сабраліся-згуртаваліся — і Эўразьвяз, і Злучаныя Штаты — і адным ударам абясшкодзілі б агрэсара. Тады б адразу ў Маскве можна было праводзіць дэнацыфікацыю, ставіць новы дэмакратычны ўрад, і абноўленая імпэрыя магла б пратрымацца колькі дзясяткаў (ці то сотняў?) гадоў. А цяпер ужо нічога ня зробіш. Працэс пайшоў, як казаў апошні савецкі кіраўнік, працэс пайшоў!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(69)