«Інтэлігентны, моцны, шчыры, сучасны, стылёвы, з вялікім прафэсійным патэнцыялам чалавек»

«Жыццё маліна, ці палын?». Памяці Мікіты Мелказёрава.

21 снежня пайшоў з жыцця беларускі журналіст і блогер Мікіта Мелказёраў. Аўтару каналаў Жыццё-Маліна і Загляне Сонца было 37 гадоў.

Гэта навіна разбіла сэрцы, беларусы смуткуюць, пішуць словы памяці Мікіту. Гэта ўдар для ўсёй краіны, свет страціў выбітнага і вельмі чулага чалавека.

Фота: Наша Ніва

«Прыгожы, моцны малады чалавек, упэўнены, добра падрыхтаваны»

Апошнім госцем у апошні дзень жыцця Мікіты Мелказёрава быў былы дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук: «У суботу мы правялі зь Мікітам Мелказёравым чатыры гадзіны перад камэрамі студыі на варшаўскай вуліцы Aleji Ujazdowskie.

Гэта была наша першая асабістая сустрэча, таму не магу параўноўваць, горш ці лепш ён выглядаў, але чатыры нялёгкія гадзіны запісу ён адпрацаваў на адным дыханьні. Дакладней, на двух — мы ўсё ж зрабілі перапынак на каву пасьля першых дзьвюх гадзінаў.

Мікіта тэлефанаваў дадому — там была нейкая праблема, ён пераймаўся, казаў што ратуе свайго сабаку, перапытваў як што.

Мікіта выглядаў як звычайна на экране — прыгожы, моцны малады чалавек, упэўнены, добра падрыхтаваны. Можа, твар быў бледны, вочы трохі праваліліся, але я ня ведаў, ці гэта ад самаадчуваньня, ці ад лёгкага макіяжу.

Ды і гутарка была няпростая, тэмы — ад маіх кніжак да Радыё Свабода, ад журналісцкай этыкі да архіваў КДБ, ад прэзыдэнта Трампа да Зянона Пазьняка, ад Сьвятланы Алексіевіч да Крыма і палітвязьняў.

Пытаньні былі не выпадковыя. Незадоўга перад тым Мікіта зрабіў цэлую перадачу паводле маёй апошняй кнігі «Гульня ў Освальда», прыемна ўразіўшы дакладным веданьнем тэксту і разуменьнем ключавых момантаў, добрым падборам відэашэрагу.

Таксіст пераблытаў адрасы, і Мікіта выйшаў мне насустрач, з паўкілямэтра мы ішлі разам, даволі хутка, ён узяў маю валізку (я адразу меўся адправіцца ў аэрапорт), лёгка падняўся па лесьвіцы. Нас чакала яго каманда, і неўзабаве пачаўся запіс — у добрым тэмпе, але нязмушаны, нават без асаблівых перабівак, мадэратар цярпліва даваў дагаворваць да канца.

Пра інтэрвію ён пачаў дамаўляцца некалькі месяцаў таму, але толькі ўчора пляны зьдзейсьніліся. Гэта была наша першая асабістая сустрэча, хоць мы, канечне, ведалі адзін пра аднаго. Таленавіты, дынамічны «Жыцьцё маліна» — асалода, перадача ўпэўнена стала зьявай у прафэсіі, вядучы стаў зоркай, супрацоўнічаў з Белсатам, іншымі СМІ.

«Я неафіт», — казаў ён пра сваю апантанасьць беларушчынай. У мяне склалася ўражаньне інтэлігентнага, моцнага, шчырага, сучаснага, стылёвага, зь вялікім прафэсійным патэнцыялам чалавека — гэта, магчыма, было самае прыемнае знаёмства гэтага году.

Адной з тэмаў гутаркі, якая цікавіла Мікіту, была журналісцкая памяць, дакладней, успаміны журналістаў. Мы гаварылі, што іх, на жаль, мала, што журналісты маюць адказнасьць перад прафэсіяй, перад гісторыяй, што такая мэмуарыстыка — патрэбная, неабходная ня толькі для мінулага, але для будучыні.

Спадзяюся, каманда, якая працавала зь Мікітам, ведае, што рабіць зь яго апошнім інтэрвію. Бо Мікіта ўжо там — у будучыні. В.П.».

«Мікіта ўмеў рабіць рэдкую рэч — даваць чалавеку прастору быць сабой»

Лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская: «Немагчыма паверыць. Здаецца, быццам такога проста не магло здарыцца. На жаль, у ноч на 21 снежня памёр журналіст і вядоўца «Жыццё-маліна» Мікіта Мелказёраў.

Мікіта ўмеў рабіць рэдкую рэч — даваць чалавеку прастору быць сабой. Яго праца зрабілася важнай часткай беларускай медыйнай прасторы. І заўсёды ёй застанецца.

Выказваю шчырыя спачуванні родным і блізкім Мікіты, сябрам, калегам і ўсім, хто любіў яго. Гэта вялікая страта для беларусаў.

Светлая памяць».

«Ёсьць такія журналісты, якім падсьвядома давяраеш»

Музыка, калумніст Лявон Вольскі: «Ёсьць такія журналісты, якім падсьвядома давяраеш, і размова ліецца зіхоткім струменем. Нягледзячы, нават, на розьніцу моваў.

«Маліну» са мною мы зь Мікітам запісвалі ў Менску ў 20-м годзе. Мікіта гаварыў па-расейску, я — па-беларуску. Некалькі гадзінаў мінулі незаўважна.

Наступным разам мы размаўлялі ў Варшаве. У гэтым годзе, напачатку восені. Цяпер ужо — на адной мове. І — каюся! — я забыўся падзякаваць Мікіту за ягоны пераход на беларускую. А гэта ж быў цуд! Мікіта быў расейскамоўны і, што дзіўна для нашае зямлі, добра гаварыў па-расейску. Але, калі перайшоў на беларускую, усё зазьзяла новымі фарбамі і адценьнямі.

І гэта быў неацэнны прыклад для іншых журналістаў і блогераў.

Дзякуй табе! І бывай!»

«Мне хочацца пакрэсьліць ягоную ўнутраную глыбіню»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў: «Журналіст найвышэйшай якасьці.

Літаральна тры дні таму Мікіта Мелказёраў званіў мне, прасіў падзяліцца думкамі і цікавосткамі пра свайго чарговага героя.

Мікіту называюць блогерам, і мне хочацца гэтаму запярэчыць. Мне найперш хочацца назваць яго высокапрафесійным журналістам. Мне хочацца пакрэсьліць ягоную ўнутраную глыбіню, якая, магчыма, ня ўсім была заўважная.

Хачу засьведчыць, наколькі ўнікліва і маштабна ён рыхтаваўся да сваіх праграмаў. Разоў 5 за гэтыя гады ён тэлефанаваў, каб я падзяліўся нейкімі думкамі, момантамі, развагамі пра ягоных будучых герояў, зь якімі я быў даўно знаёмы. Ён часам нават разважаў пра лепшы паварот размовы з тым ці іншым героям, якая тэма менавіта з гэтым чалавекам найлепш зойдзе.

Калі я стаў героем Маліны, ён даволі нечакана цытаваў нейкія мае пасты, артыкулы 5, 10-гадовай даўніны, якія я і сам ужо не памятаў. Ён рыхтаваўся вельмі карпатліва і ўдумліва.

І яшчэ. У ім заўсёды адчувалася павага да калегаў, якія былі да яго. Да старэйшых. Як чалавек, які ўжо ў дарослых узросьце далучыўся да гісторыі, да беларушчыны – ён паглынаў яе сквапна, нагбом, адкрываў для сябе новае са зьдзіўленьнем падлетка.

Вечная памяць!»

«Для тысяч беларусов эти ролики сделали больше, чем все школьные уроки по истории вместе взятые»

Православный священник Александр Кухта, координатор направления сборов BYSOL: «С Никитой мы познакомились в 2019 году, когда он пришел делать со мной ролик для Онлайнера (помните, был такой проект «Бытовуха»). Это был первый ролик в карьере Никиты, который собрал миллион просмотров.

Потом в 2020 мы пару раз встречались на кофе. Мне было страшно-страшно, а он меня поддерживал. Так мы подружились.

Потом была «Жизнь-малина» – одно из самых важных для меня интервью в новой военной реальности. И как говорил Никита, для него это видео тоже было важным.

И еще несколько встреч на кофе. Каждый раз мы изучали мою обувь и смеялись, что по марке моих кедов можно определять стадию моего взросления.

А еще я с большой радостью ждал каждый новый выпуск «Загляне Сонца». Я абсолютно уверен, что для тысяч беларусов эти ролики сделали больше, чем все школьные уроки по истории вместе взятые.

А сегодня мой друг, Никита Мелкозеров, умер. Ему было 37.

Никита, я надеюсь, что в Раю, в который ты попадешь, будет ютуб где ты сможешь и дальше делать то, что ты любишь, и что у тебя лучше всего получается.

Бывай, Сябра!».

«Яшчэ многа хачу сказаць табе, многа хачу ўспомніць з табой»

Журналістка Наста Занько: «У мяне няма словаў... Я не магу паверыць, што цябе, Мікіта, больш няма…

Мы сазвоньваліся ў пятніцу, абмяркоўвалі выхад Бяляцкага і што ты мог бы зрабіць гутарку з ім, але там ужо чарга і перамагла ў хуткасці Роўда. Учора ты даслаў мне галасавое (і тое пра працу). Я адказала толькі сёння... Калі, аказалася, цябе ўжо не было...

Апошні раз (пішу і не веру, што пішу «апошні») мы глыбока і доўга гаварылі летам, на твой дзень народзінаў, 14 жніўня. Гаманілі пра тваю сям'ю. Ты шукаў сваю другую палову доўга, хоць знешне выглядаў лавеласам, але ўнутры заўжды праг быць з той адзінай.

Помню, як на пачатку сустрэчаў з Лінай ты мне асцярожна сказаў, што, відаць, яна тая самая. А ў твой 37-ы дзень народзінаў, з гонарам адзначыў: «Наста, цяпер у мяне сям'я — жонка і малы». Так ты называў свайго сабака.

За працай і тлумам мы сазвоньваліся радзей, але лялёкаць маглі гадзінамі. Абмяркоўвалі трывогі, страхі, размовы з псіхатэрапеўтам, траўмы, пошук сэнсаў. Хоць і былі на адлегласці, але як бы і не. Быццам бы ізноў ходзім з офіса на Дзяржынскага да Нямігі, як раней.

На беларускую мову ты перайшоў раптоўна. Я ніколі не падумала б, што гэта здарыцца. Але адбылося. Ты мяне здзівіў. Помню, як прасіў правіць табе памылкі. І з кожным разам табе ўсё лепей і лепей удавалася. Я ганаруся, што ты змог.

Апошнім часам ты моцна трывожыўся, як і ўсе эмігранты, што не хопіць грошай, што праект стане, што беларуская журналістыка памрэ і пойдзем мы працаваць, хто куды. Хапаўся таму за падпрацоўкі, нягледзячы, што каманда «Маліны» і наракала. Як ты казаў, называлі цябе зоркай, а зорцы, маўляў, не да твару падпрацоўкі. А ты не асабліва верыў, хоць і праг любові і ўвагі ад гледачоў – такая была твая натура. Рана застаўшыся без бацька, ты заўжды меў унутры дзірку памерам з Сусвет, запоўніць якую было заўжды складана (дзеці алкаголікаў зразумеюць).

Мы ведалі адно аднаго 19 год, з першага курса ўніверсітэта, вучыліся ў адной групе, працавалі на «Анлайнеры» шэсць год. І потым стараліся трымаць сувязь.

Я пераглядаю нашы сумесныя фота і ўспамінаю прыколы і жартачкі, без якіх не абыходзіўся ні адзін дзень. Бо наш аддзел быў самым вясёлым — ты, я, Чарнуха і Владыка — залатыя часы...

Я яшчэ многа хачу сказаць табе, многа хачу ўспомніць з табой. Злуюся, што цяпер не будзе магчымасці, ніколі. Гэтае «ніколі» прыціскае мяне і не дае дыхаць...

Не магу паверыць, што больш ніхто не пазвоніць мне, ніхто не напіша: «Занчышча! Як ты? Пагаманіць хацеў».

«Жыццё маліна, ці палын?» –

Спытаў аднойчы бацьку сын.

І той сказаў, абняўшы сына:

«Каму – палын, каму – маліна».

Бывай, Мікіта!

Уладзімір Някляеў, паэт, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)