Партнеры

Кацярына Батлейка

«Калі грошы ёсць — гуляем на ўсе». Экспертка назвала фінансавыя памылкі беларусаў, якія не даюць ім разбагацець

«Салідарнасць» паразмаўляла з суаўтаркай курса «Сямейныя фінансы пад кантролем: разам да ўстойлівасці» ад Нацыі Лідараў Наталляй Халанскай пра тое, якія фінансавыя звычкі трэба фарміраваць, каб быць больш фінансава ўстолівымі, і ад чаго, наадварот, варта пазбаўляцца.

Фінансы атачаюць нас штодня: купля прадуктаў, аплата кватэры, захаванне зберажэнняў, планаванне адпачынку. Але ці заўсёды мы асэнсавана ставімся да кіравання грашыма? Ці разумеем, як уплываюць фінансавыя рашэнні на наша жыццё ў доўгатэрміновай перспектыве?

— У кожнага з нас ёсць свае паводзінныя патэрны ў абыходжанні з фінансамі, якія прыйшлі з сям’і, — распавядае Наталля. — Раней тэма грошай была табуяванай — пра іх мала размаўлялі, не ўводзілі ў сямейны бюджэт дзяцей. Мы ўсе ведаем, адкуль бяруцца грошы, ведаем, што нам трэба плаціць за кватэру, купляць ежу. Але як мы гэтым усім кіруем: асэнсавана або так, як гэта рабілі, напрыклад, у мінулым нашы бацькі?

Каб змяніць нейкія звычкі, якія перашкаджаюць нашай устойлівасці, трэба вучыцца фінансавай пісьменнасці. Наш досвед будуць пераймаць дзеці, і ім будзе прасцей.

Наталля адзначае: часцяком людзі думаюць, што фінансавая пісьменнасць — гэта веды з універсітэта. Але насамрэч усё прасцей.

— Ці ёсць у чалавека нейкі ўлік выдаткаў, «падушка бяспекі», ці ведае ён, на што і колькі грошай ён траціць або што рабіць з махлярствам у фінансавай сферы? Часта людзі ведаюць нешта адно з гэтай сферы, і не ўсе разумеюць, што фінансавая пісьменнасць — гэта працэс, які ахоплівае шмат аспектаў.

Зараз шмат кажуць пра звычкі для здаровага ладу жыцця, і фінансавая пісьменнасць — гэта таксама пра звычкі. Нам трэба прывыкнуць да таго, што мы фіксуем і аналізуем, колькі грошай і на што мы трацім. Напрыклад, я прыйшла ў кавярню: ці абавязкова мне снедаць або я магу проста выпіць кавы?

У сваёй сям’і, распавядае Наталля Халанская, яна заўважала некалькі тыповых патэрнаў абыходжання з грашыма, якія насамрэч характэрныя для многіх людзей:

— Першы — гэта «калі грошы ёсць, то гуляем на ўсе». Калі грошай няма — ціха сядзім і эканомім, чакаем, пакуль зноў нешта «прыляціць». Я шмат у каго такое бачу: калі з'яўляюцца грошы, ты нават не думаеш — проста траціш. А другі патэрн — гэта калі людзі заўсёды эканомяць, пастаянна чакаюць «чорнага дня», на які трэба збіраць грошы.

Пасля развалу СССР многія людзі згубілі шмат грошай, не было даверу да банкаў: зберажэнні захоўвалі дома. Бывала, чытаеш навіны, што махляры скралі ў бабулі вялікую суму, і думаеш: адкуль? Проста ўсё жыццё грошы збіраліся, нават незразумела на што.

Людзі не ўмелі траціць грошы, баяліся іх. Ніхто не казаў пра планаванне. А калі, напрыклад студэнт у сям’і паступаў на платнае, бацькі працавалі толькі дзеля гэтага.

— Цяпер многія беларусы не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні. Як пры гэтым раскладзе планаваць сваё жыццё і фінансы?

— У заўтрашнім дні мы можам быць не ўпэўненыя, але арэнда кватэры часта падпісваецца як мінімум на год. І за яе трэба плаціць. Цікава, што гэтая няўпэўненасць тычыцца грошай. Ніхто не сыходзіць з працы, таму што заўтра ўсё скончыцца. Трэба паглядзець тут з псіхалагічнага боку: чаму мы чапляемся менавіта за грошы? Гэта інструмент, які дамагае нам у жыцці. Нават калі заўтра можа не быць, можна лічыць грошы сёння.

Мы кажам пра асэнсаванне: я разумею, навошта мне грошы як інструмент тут і цяпер. 

Я таксама часта чую: «Навошта лічыць грошы, калі іх няма? Я ведаю, што заплачу за тое-сёе і ўсё». Але мы можам разабрацца, што з гэтым рабіць. Магчыма, чалавек купляе шмат гатовай ежы, але ў сям'і нехта хоча гатаваць сам. Бывае, у сям’і ёсць гараж, які не выкарыстоўваецца: яго можна здаць у арэнду. І гэта будзе актыў, сродак для стварэння «падушкі бяспекі».

Мы ў сваім курсе не адказваем на пытанне «дзе ўзяць грошы, калі іх не хапае». Гэта курс пра тое, як кіраваць тым, што ёсць. Мы часта сутыкаемся з тым, што людзі трацяць больш, чым могуць сабе дазволіць.

Тут, вядома ж, ёсць псіхалагічны момант: трэба прызнаць, што на дадзены момант у цябе на гэта няма грошай. Але можна запланаваць, як дасягнуць таго, каб у будучыні гэта стала магчымым. І наша асноўная задача — разабрацца з фінансамі так, каб якасць жыцця не пагоршылася.

Гэта не пра тое, што «ўсё, у адпачынак мы больш не ездзім, у кавярні не ходзім, на транспарт не трацімся». Важна знайсці баланс і падыходзіць да выдаткаў асэнсавана.

Заданні, якія будуць выконваць удзельнікі курса, фарміруюць іх асабісты фінансавы план: кожны і кожная змогуць убачыць, чаго ім не хапае, дзе можна зэканоміць.

За сваю практыку аўтарка курса не раз сутыкалася з міфамі пра фінансы. Напрыклад, што не трэба запісваць выдаткі і даходы, бо «ўсё і так у галаве».

— Але калі людзі пачынаюць запісваць, аказваецца, што гэта зусім не так. Часта гучыць ідэя, што «ў мяне няма магчымасці адкладаць». І калі мы кажам, што зберажэнні — важная частка фінансавай устойлівасці, людзі памылкова мяркуюць, што гэта павінны быць вялікія сумы. Не. Няхай будзе 10 рублёў, потым 100, 200, зноў 10. Галоўнае, каб была звычка.

— У пачатку гутаркі вы казалі, што раней дзяцей не далучалі да вырашэння фінансавых пытанняў. На ваш курс можна запісацца разам з дзіцём. Чаму гэта важна?

— На нашым курсе мы кажам не «сям'я», а «сямейная каманда». Бо да нас могуць прыйсці, напрыклад, бабуля і ўнук, калі яны жывуць разам, ці партнёры.

Мы бачым, што часта толькі адзін чалавек у сям'і ведае, колькі грошай траціцца і колькі іх трэба. А іншыя могуць нават не здагадвацца. Проста ў многіх сем’ях няма звычкі адкрыта размаўляць пра грошы. Гэта вельмі эмацыйная тэма, якую часта лічаць «нязручнай».

Падчас курса мы прапануем ідэю кішэнных грошай не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Каб кожны меў свае асабістыя сродкі, якія не ідуць на аплату камунальных паслуг або на прадукты для ўсёй сям’і.

Ну і важны момант — кішэнныя грошы не павінны кантралявацца іншым. Нават калі гэта грошы дзіцяці. Канешне, часам хочацца сказаць: «Не купляй гэта, яно табе не трэба» або «У цябе ўжо такое ёсць». Але дзіця павінна самастойна рабіць выбар і вучыцца на сваіх памылках.

Таксама дзеці павінны ведаць сямейны бюджэт, мець магчымасць самастойна хадзіць у краму і разумець, колькі можна патраціць на прадукты.

Важна тлумачыць дзецям і пра абавязковыя выдаткі, каб яны разумелі, што гэта не «нейкія грошы, якія проста ёсць». Часам мне здаецца, што мы гадуем дзяцей, якія думаюць, што грошы з’яўляюцца самі па сабе. Падпіска на Netflix і Spotify — гэта таксама грошы, і дзеці павінны гэта ўсведамляць.

Таксама мы размаўляем з дзецьмі пра падаткі, бо гэта вельмі важна. Тая інфраструктура, якой мы карыстаемся — транспарт, школы, медыцына, — фінансуецца за кошт нашых падаткаў.

— Улічваючы сённяшнюю сітуацыю, многія баяцца страціць працу ў адзін момант. Якія парады можна даць у такім выпадку? І колькі грошай павінна быць у «падушцы бяспекі»?

— Працу можна страціць у любы момант. І не толькі праз сённяшнюю сітуацыю, але і, напрыклад, праз праблемы са здароўем. Колькі грошай трэба мець у «падушцы бяспекі», залежыць ад чалавека. Але разлічваць яе варта не ад даходаў, а ад абавязковых выдаткаў. Менавіта іх трэба пакрыць у першую чаргу.

Калі ў вас стабільны даход, то пажадана мець зберажэнні на тры месяцы жыцця. Калі даход нерэгулярны, то лепш мець запас на 6-12 месяцаў.

Яшчэ адзін важны момант — інвестыцыі ў сябе. Працу можна страціць, калі прафесія губляе актуальнасць. Наколькі мы гатовыя тады да новай працы? Пра гэта трэба думаць заўжды, а не калі гэтая небяспека тут і цяпер.

— Мы шмат казалі пра звычкі. Назавіце асноўныя, якія патрэбны для фінансавай устойлівасці.

— Весці ўлік выдаткаў. Запісваць штодня або штотыдзень. А потым аналізаваць гэтыя выдаткі. І каб гэта ведала ўся сямейная каманда, а не толькі адзін чалавек. Ну і адваротнае — пазбаўляцца ад думкі, што лічым прыкладна, у галаве. Фінансы — гэта лічбы, канкрэтыка.

Другое — асэнсавана ставіцца да таго, што купляеш. Зняць табу з тэмы грошай у сям'і, абмяркоўваць гэтае пытанне. І абавязкова рабіць зберажэнні. Не думаць фразай «не жылі багата, не трэба і пачынаць». Трэба ашчаджаць, вучыцца інвеставаць.

Курс ад Нацыі Лідараў, які пачнецца 17 сакавіка, як адзначае Наталля, будзе на беларускай мове — менавіта над гэтым аўтаркам курса было важна папрацаваць, бо інфармацыі пра фінансы на беларускай мове цяпер няшмат. Пры гэтым усе удзельнікі курса атрымаюць інфармацыю на дзвюх мовах: рускай і беларускай.

Цікава, што валюта курса будзе «ўмоўнай» — талеры. Гэта дазволіць удзельнікам з розных краін зручна весці падлікі, не прывязваючыся да канкрэтнай валюты.

Зарэгістравацца на бясплатны курс «Сямейныя фінансы пад кантролем: разам да ўстойлівасці», які Наталля праводзіць сумесна са сваёй каляжанкай Інгай Вінглеўскай, можна да 16 сакавіка па спасылцы.

Парнёрскі матэрыял