«Калі Пугач сказаў: «Давай, Сярожа, мне патрэбна падтрымка — даставай акардыён!», — я вырашыў, што гэта жарт»

Пра Купалаўскі тыдзень у Варшаве, гастролі ў Берліне і Празе і як зайграў на акардыёне са сцэны, «Салідарнасці» распавёў акцёр і аўтар ідэі Тэатральнага фэсту Сяргей Чуб.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

— Сяргей, колькі купалаўцаў будзе ўдзельнічаць у тэатральным тыдні і колькі будзе спектакляў?

— Насамрэч не лічыў, усе, хто жыве ў Варшаве. Хтосьці будзе ехаць з  іншых гарадоў Польшчы, хтосьці нават з Нямеччыны. Бо ў спісе спектакляў ёсць адзін, які збярэ максімум купалалаўцаў, як толькі магчыма на дадзены момант. Гэта «Гусі-людзі-лебедзі» паводле «Сабак Эўропы», рэжысёр Аляксандр Гарцуеў.

Спектакль быў зроблены даўно, але з-за таго, што там шмат актораў (17-18) вельмі цяжка фінансава было яго выцягваць і граць. Але зараз вырашылі ўспомніць і аднавіць, бо гэта магчымасць сустрэцца нашай вялікай купалаўскай кампаніяй, каб усім разам выйсці на сцэну.

І каб спектакль быў жывы, вырашылі два разы сыграць яго ў сакавіку. Дагэтуль, здаецца, у Варшаве ён ішоў толькі аднойчы.

Рэпертуар, які гралі ў Беларусі, мы там і пакінулі. Усе спектаклі, якія будуць на Тэатральным тыдні ў Варшаве, па сутнасці новыя, створаныя ў эміграцыі.

Першы спектакль — гэта монаспектакль Зоі Белахвосцік «Moj Hleb», гісторыя сям’і Зоі Белахвосцік. Далей «Гусі-людзі-лебедзі». Трэці — «Экстремісты», зноў жа рэжысёра Гарцуева па п’есе Юліі Цімафеевай. І гэта ўвогуле пакуль што прэм’ера.

І скончым мы нашы сустрэчы спектаклем «Зэкамерон». Аднойчы мне беларускія музыкі пры сустрэчы казалі: «Я ўжо два разы глядзеў! І трэці пайду (смяецца)!»

«Спадзяюся, гэта белая зайздрасць у нашых калег»

Не было ў акцёраў крыўды, што кагосьці не запрашаеце? Гэта ж грошы, і зразумела, што некаторыя мо незадаволеныя, што дасталіся не ім. Калісьці Пугач стаў Купалаўцам, і цудоўна з вамі  ў «Зэкамероне» выступае. Але ж нехта, магчыма, думае, што мог бы быць на яго месцы.

— Спадзяюся, гэта белая зайздрасць у нашых калег, што хтосьці іншы атрымлівае працу. Але мы ўсё разумеем і шчыльна працуем над тым, каб усе былі занятыя, так ці інакш.

Па сакрэце скажу, што рыхтуецца новы цікавы праект, настолькі складаны, што прэм’еру мы плануем восенню, а праца распачалася ажно з пачатку года. І там з’явяцца тыя, хто не быў заняты раней.

Да таго рыхтуем яшчэ адну прэм’еру ад Вольных Купалаўцаў з іншымі артыстамі. Бо трэба неяк мяняць твары на сцэне, каб людзі не сказалі: «Колькі можна на гэтага Гарбуза і Чуба глядзець!..»

«Дай Гасподзь разлічыцца хаця б са сваімі артыстамі»

Чаму «Тыдзень тэатра», але толькі з Купалаўцамі? Ёсць жа і іншыя беларускія акцёры і тэатры ў эміграцыі.

— На дадзены момант у нас няма ніякага дадатковага фінансавання, мы цалкам разлічваем на свае сілы. Гэта значыць, што дай Гасподзь, разлічыцца хаця б са сваімі артыстамі.

Я разумею, што калі нават мы нічога не заробім, не будзе «вайны» з нашымі артыстамі: «Чаму мне не заплацілі за працу?» Ці заплацілі так мала. Мы гэта робім на энтузіязме, на сваім жаданні папрацаваць і пабачыцца з гледачом, акунуцца ў такую атмасферу на пяць дзён.

Таму запрашаць кагосьці звонку — рызыка. Хто пагодзіцца бясплатна працаваць?

Гэта мо наш такі першы крок да будучага Тэатральнага фестывалю. Таму разлічваю, што ў наступным годзе будзе ўжо Другі тэатральны тыдзень з Вольнымі Купалаўцамі, куды запросім і іншых калег. І яны ўжо будуць ведаць, што ў нас атрымалася. Мо і спонсары знойдуцца.

Тады гэта будзе значна прасцей. Але першая спроба — вельмі складанае для нас мерапрыемства, якое робіцца сваімі сіламі. Каб зразумець увогуле: ці магчыма такое зрабіць?

Усё адбываецца дзякуючы вялікай колькасці нашых польскіх сяброў. Дэкарацыі дапамагаюць прывезці калегі з Цэнтра культуры Любліна і арганізацыі «Люблін — еўрапейская сталіца культуры 2029».

Ёсць наш любімы Драматычны тэатр у Варшаве, які па прыемных для нас коштах аддае ў арэнду на пяць дзён сцэну.

І нам дапамаглі простыя людзі: калі яны плоцяць падаткі, то могуць свае 1,5% падаткаў кудысьці пералылічыць. У мінулым годзе прыйшла пэўная сума, якая амаль цалкам пакрыла арэнду сцэны, дзе і адбудзецца Тэатральны тыдзень. І гэта вялікая дапамога ад беларусаў, якія зрабілі той пералік.  

«Каханенькія, родненькія, якія сядзяць і смяюцца. Альбо затойваюць дух, каб не перашкаджаць»

А як атрымаліся гастролі «Зэкамерона» ў Нямеччыне?  Вы ж ехалі ўсе разам у бусіку?

— Гэта наша першая самастойная паездка, я ехаў як кіроўца. Гарбуз, Пугач, рэжысёр таксама. Спачатку ў дарозе мы паўтаралі тэкст, потым перайшлі іграць у гарады, потым на іншыя гульні. Было весела.

У Берліне было вельмі мала часу, яшчэ і таму, што спектакль гралі не ўвечары, а днём. Але ж была поўная заля, усё прайшло вельмі файна. Арганізацыяй тых гастроляў займаўся Алег Гарбуз, вялікае яму чалавечае дзякуй. Спектакль адбыўся ў межах фестывалю Pradmova.

Другая наша паездка з «Зэкамеронам», у Прагу, была больш павольная. Мы знайшлі час і пагуляць па Празе, і зайсці ў паб, у гэтым плане было цікавей.

Можаце параўнаць публіку Варшавы, Прагі і Берліна?

— Гэта ж умоўны падзел. Бо хто прыйдзе на Чуба, Гарбуза і Пугача? Прыйдуць жа беларусы. На 99%. Свае — каханенькія, родненькія, якія сядзяць і смяюцца. Альбо затойваюць дух, каб не перашкаджаць у нейкіх інтымных ці страшных сцэнах. І заўсёды гэта скончваецца прыемнымі апладысментамі.

Таму б я не падзяляў публіку на пражскую, берлінскую ці варшаўскую. І ў Празе, і ў Берліне пыталіся: «Калі вы прыездеце другі раз?» 

Шмат людзей падыходзіла: узбударажаныя, з заплаканымі вачыма. Былі тыя, з кім мы супрацоўнічалі і ў 2020-м і ў 2021-м, калі яшчэ большай часткай знаходзіліся ў Менску. А цяпер лёс склаўся так, што сустрэліся ў Берліне.

Пасля спектакля ў Празе да нас за кулісы прыйшла дзяўчына, яна была вельмі ўзрушаная, усхваляваная, спрабавала выказаць словы падзякі. А потым проста заплакала.

Я не разумеў, што рабіць. Яна расказала, што ў 2020-м «я рабіла маленечкія падаруначкі для вас, мы сустракаліся каля Купалаўскага». І так мне гэта было і балюча, і кранальна адначасова. Калі чалавек увогуле ў сабе гэта нясе, да гэтай пары, і ён сябе не стрымлівае... Было так кранальна, што памятаю і дагэтуль. 

«Скончылася тым, што я папрасіў знаёмых прывезці мой асабісты акардыён з Менску»

Пабачыла вас у «Зэкамероне» з акардыёнам. Пугач з гітарай то зразумела, а калі Чуб зайграў, то гэта так моцна было!

— Калісьці, яшчэ ў пачатковых класах, мне вельмі спадабалася, як гучыць акардыён: у яго такі арыстакратычны гук, як мне падаецца. І мне так спадабалася, што я папрасіў бацькоў адвесці мяне ў музычную школу. Там я адвучыўся, нават з усімі пяцёркамі. У Купалаўскім, на капусніках, час ад часу даставаў акардыён. Рабілі цэлыя бэнды!

А калі ўжо рыхтавалі «Зэкамерон» у Варшаве,  Валодзя Пугач сказаў: «Давай, Сярожа, мне патрэбна падтрымка!» Спачатку я думаў, што гэта жарт. Скончылася тым, што папрасіў знаёмых прывезці мой асабісты акардыён з Менску. З ім я калісьці хадзіў у музычную школу. Так і распачалася гісторыя акардыяніста Сірожы (усміхаецца).

А на сцэне Купалаўскага, у Менску, на ім гралі?

— Не, не было такіх спектакляў. Нешта не даходзілі рукі, можа, і рэжысёры не ведалі, што я ўмею. Ці нават такіх і роляў не было. То варта было пераехаць у Варшаву, каб стаць акардыяністам!

Як атрымоўваецца сумяшчаць працу кіроўцы таксі і менеджара-акцёра падчас падрыхтоўкі сакавіцкага фэста?

— Складана, нават не магу патлумачыць, як гэта ўсё атрымоўваецца. Бо трэба зарабляць на кватэру, на сям’ю. Частка жыцця праходзіць у таксі. Зарабляеш грошы, потым прыходзіш дахаты, трэба займацца справамі рэкламы. Сам зрабіў рэкламны ролік, трэба напісаць нейкі ліст, знайсці транспарт.

Зараз такі час, што няма магчымасці доўга адпачываць, трэба заўсёды быць у працэсе. Але я ж не адзін працую над гэтым.

Каб ўсё здзейснілася, працуе і Валя Гарцуева, якая займаецца сацсеткамі, піша тэксты, дапамагае ўсім чым можа. Алег Гарбуз вырашае цэлы ворах адміністрацыйных праблем. Такой невялічкай камандай але ж усё ж такі рухаемся наперад.

І ў мяне, як чалавека, які гэта ўсё прыдумаў, ініцыяваў — «а давайце гэта зробім!» — проста трошкі больш адказнасці перад сабою.

«Хочам зрабіць максімальна камфортную тэатральную падзею, якую б змагла ўбачыць максімальная колькасць людзей»

Што самае цяжкае для вас у гэтай падрыхтоўцы?

— Не хапае ведаў у тых галінах, у якіх ніколі не працаваў. SMM, таргет, рэклама, маргетынг, менеджмент і ўсё астатняе. Я разумею, што нейкі пакет спраў ці праблем адукаваны чалавек вырашыў бы за адзін дзень. Мне трэба некалькі дзён сядзець і разбірацца, як працуе гэта рэклама, як перавесці грошы, каб правільна правесці па бухгалтэрыі.

Страта часу вельмі для мяне балючае пытанне. Але, на жаль, мы ня можам сабе дазволіць плаціць заробкі людзям звонку, таму ўсе праблемы вырашаем самі. Набіваем сабе гузакі, як можам. Але набіраемся досведу.

Прыйдзе час, і мы будзем самыя вялікія майстры ў творчай справе: хочаце, спектакль паставім! Хочаце — прададзім! Хочаце — збяром-разбяром!

Матывацыя ёсць, бо ёсць жаданне зрабіць. А ўжо колькі разоў мы плакаліся адзін аднаму! Што Алег мне: «Ды нейкі капец з гэтай бухгалтэрыяй!» Што я яму: «Ды гэта поўны капец з гэтым маркетынгам і рэкламай!» Што Валя нам: «Ды капец гэтыя тэксты! Да колькі можна!»

Паплакаўся ў моманце, атрымаў добрую сяброўскую аплявуху ці наадварот, сяброўскае плячо — і працуем. Бо ніхто акрамя нас гэтага не зробіць

Таму паплакацца — гэта добра, як выпусціць пар. А далей трэба працаваць, і ўсе працуюць.

Спадзяюся, што першы Тэатральны тыдзень у Варшаве — не апошняя акцыя ад Купалаўцаў. Магчыма, гэта перарасце ў нешта большае. І мы вельмі шчыльна зараз працуем над тым, каб наш Тэатральны тыдзень, які адбудзецца ў сакавіку, атрымаўся трошкі большым, чым «проста пяць спектакляў».

Нам патрэбна фінансавая дапамога, шукаем спонсараў, вядзем перамовы. І калі раптам знойдуцца людзі, якія змогуць дапамагчы — то будзем біць ва ўсе званы, бо нам ёсць што расказаць. Бо тады наш Тэатральны тыдзень выйдзе за межы Варшавы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)