Карбалевіч: «Беларусь можа стаць чарговай ахвярай імпэрскіх амбіцый расейскай эліты»
Каму патрэбная рэанімацыя СССР? Аналіз палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча на Радыё Свабода.
Апошнім часам у Расеі ўсё часьцей гучаць галасы ў падтрымку ідэі, што распад СССР адбыўся незаконна. Такія заявы робяцца афіцыйнымі ці паўафіцыйнымі асобамі. Яны намякаюць, што калі зроблена памылка, то, маўляў, патрэбен лягічны наступны ход, яе трэба выправіць.
У выніку Беларусь можа стаць чарговай ахвярай імпэрскіх амбіцый расейскай эліты.
Развагі пра незаконнасьць роспуску СССР
21 траўня, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі па выніках XIII Пецярбурскага міжнароднага юрыдычнага форуму дарадца прэзыдэнта Расеі Антон Кабякоў заявіў, што працэдура роспуску СССР у 1991 годзе была парушаная.
Маўляў, ні кіраўнікі Беларусі, Расеі, Украіны, падпісаўшыя Белавескія пагадненьні, ні Вярхоўныя Саветы гэтых рэспублік ня мелі права прымаць рашэньні аб роспуску Савецкага Саюзу. Бо, паколькі СССР ствараў з’езд Саветаў у 1922 годзе, то менавіта гэты орган і павінен прымаць рашэньне аб ліквідацыі свайго ўтварэньня.
З гэтага вынікае, што Савецкі Саюз юрыдычна працягвае існаваць. І вось тут дарадца прэзыдэнта РФ робіць важную выснову:
«Калі СССР не распушчаны, то лягічна, з прававога пункту гледжаньня, атрымліваецца, што ўкраінскі крызіс — гэта ўнутраны працэс».
Гэтую ж думку выказвае былы прэм’ер-міністар Расеі, а цяпер кіраўнік Асацыяцыі юрыстаў РФ Сяргей Сьцяпашын. Ён таксама канстатуе, што працэдура роспуску СССР нібыта была парушана, і як сьледзтва, «СССР юрыдычна існуе».
Тут дарэчы будзе прыгадаць нядаўнюю заяву чальца камітэта расійскай Дзярждумы па абароне генэрала Віктара Собалева:
«Поўным рашэньнем вось гэтых мэтаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі зьяўляецца стварэньне адзінай саюзнай дзяржавы Расіі, Украіны і Беларусі. Аднаўленьне рускага сьвету ў межах яго натуральных межаў».
Лукашэнкаўскі міт
Варта адзначыць, што Ўладзімір Пуцін у свой час называў распад СССР «геапалітычнай катастрофай». Напярэдадні нападу на Ўкраіну ён абгрунтаваў свае дзеяньні гістарычнай крыўдай Расеі з нагоды распаду Савецкага Саюзу.
Пуцін скардзіўся, што многія гістарычныя расейскія землі апынуліся на тэрыторыі другіх дзяржаў постсавецкай прасторы. І назваў гэта вялікай несправядлівасьцю. Прэзыдэнт РФ выказаў меркаваньне, што прыйшоў час аднавіць справядлівасьць, вярнуць рускія землі на гістарычную радзіму.
Такім чынам, ён канстатаваў, што не прызнае вынікаў распаду СССР, тыя межы, якія былі зафіксаваны ў 1991 годзе. І аб’яўляе сваё гістарычнае, маральнае, а значыць і палітычнае права на іх перагляд.
Шырока вядомы міт, які да гэтага часу распаўсюджваецца самім Аляксандрам Лукашэнкам і дзяржаўнымі СМІ, што ён быў адзіным дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, які галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў. Гэтае цьверджаньне стала часткай ягонай афіцыйнай палітычнай біяграфіі, ён ім вельмі ганарыцца.
Але насамрэч гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Рэч у тым, што галасаваньне па згаданым пытаньні ў Вярхоўным Савеце 10 сьнежня 1991 года не было пайменным. Гэта азначае, што прозьвішчы дэпутатаў, якія галасавалі «за» ці «супраць», не фіксаваліся і не захаваліся ў афіцыйным пратаколе.
Затое ў пратаколе адзначаны прозьвішчы дэпутатаў, якія не ўдзельнічалі ў галасаваньні, гэта значыць прысутных на пасяджэньні (бо яны зарэгістраваліся), але па нейкіх прычынах не галасавалі. Хутчэй за ўсё, такім чынам яны ўхіліліся ад адказнасьці за гэтае рашэньне.
Такіх аказалася 27. Пад нумарам 18 у гэтым сьпісе значыцца Лукашэнка. У 1995 годзе газэта «Свабода» надрукавала фатакопію гэтага пратаколу.
Гісторыя і сучаснасьць
Знакавая гісторыя адбылася ў далёкім 1996 годзе. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у РФ расейская Дзярждума, якая тады кантралявалася камуністамі, прыняла рашэньне аб дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў.
Гэта было зроблена дзеля дыскрэдытацыі Барыса Ельцына, які падпісаў тыя пагадненьні ў Белавескай пушчы, і падтрымкі ягонага галоўнага апанэнта лідэра кампартыі РФ Генадзя Зюганава. У Беларусі фракцыя камуністаў спрабавала паставіць гэтае пытаньне ў парадак дня сэсіі беларускага Вярхоўнага Савету.
І тут цікавыя былі паводзіны Лукашэнкі. Чалавек, які рэклямаваў сябе як адзінага дэпутата, галасаваўшага супраць ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў, які аб’яўляў сябе галоўным натхняльнікам постсавецкай інтэграцыі, паводле лёгікі павінен быў бы актыўна падтрымаць гэтую ідэю расейскіх камуністаў.
Спачатку так і адбылося. Лукашэнка адзіны сярод лідэраў СНД станоўча ацаніў рашэньне Дзярждумы Расіі. На нарадзе з прэм’ерам, кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі і кіраўніцтвам парлямэнту Лукашэнка заявіў, што гатовы ініцыяваць разгляд пытаньня аб дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў у Вярхоўным Савеце Беларусі.
Аднак на наступны дзень Лукашэнка перадумаў. На сустрэчы з кіраўнікамі прапрэзыдэнцкіх фракцый парлямэнту ён запатрабаваў не падтрымліваць ініцыятыву камуністаў, якія ўжо даўно падрыхтавалі праект пастановы Вярхоўнага Савету Беларусі, аналягічнага прынятай расійскай Дзярждумай. Бо не хацеў аддаваць кампартыі ролю галоўнага інтэгратара постсавецкіх дзяржаваў. Акрамя таго, яму тады было нявыгадна псаваць адносіны зь Ельцыным.
Калі вяртацца да сёньняшніх падзей, то гэтыя развагі расейскіх дзеячаў пра намеры рэанімаваць СССР, безумоўна, небясьпечны для сувэрэнітэту ўсіх постсавецкіх дзяржаваў. У тым ліку, для Беларусі. Аднак нейкіх заяваў пратэсту з афіцыйнага беларускага боку не было. Хоць у той жа Пецярбурскай канфэрэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, на ёй выступаў генэральны пракурор Андрэй Швед. Аднак ніякай заявы з нагоды таго, што расейскія афіцыйныя асобы ставяць пад сумнеў незалежнасьць беларускай дзяржавы, не прагучала. Хоць Беларусь можа стаць чарговай ахвярай імпэрскіх амбіцый расейскай эліты.
Читайте еще
Избранное