Ёсьць яшчэ нейкая містычная, нават фатальная згубная сувязь, якую здольныя растлумачыць толькі сацыяльныя псыхолягі, бо беларускі ўладар ня можа схаваць свайго захапленьня дыктатарамі, часта на шкоду ўласнай рэпутацыі, як тое была пры ацэнцы Гітлера.
Карбалевіч: «Дзяржаўная прапагандысцкая машына спрабуе прэзэнтаваць вобраз дыктатара як станоўчы»
У працэсе фармаваньня культу асобы Аляксандра Лукашэнкі зьявіўся новы нюанс, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Дзяржаўная прапагандысцкая машына спрабуе прэзэнтаваць вобраз дыктатара як станоўчы, а дыктатарскі рэжым Беларусі падаць як норму, якая цалкам адпавядае інтарэсам краіны.
Варта адзначыць, што стаўленьне Лукашэнкі да самога паняцьця «дыктатура» і вобразу дыктатара вельмі супярэчлівае. У залежнасьці ад сытуацыі, аўдыторыі ён ацэньваў створаную ім у Беларусі палітычную мадэль і сваё месца ў ёй зусім па-рознаму.
Калі Лукашэнка дае інтэрвію заходнім мэдыя, то спрабуе даказаць, што з дэмакратыяй у Беларусі ўсё проста выдатна, лепей і быць ня можа. Некалькі цытат. «Ды і хіба чалавек, які дэмакратычна прыйшоў да ўлады, можа быць дыктатарам? Не»; «Я не магу быць дыктатарам. Гэта немагчыма ў Беларусі. Наш народ не прымае дыктатуры»; «Тое, што я не дыктатар, — гэта 100 адсоткаў так, таму што гэта супярэчыць наогул маёй сутнасьці. Я дэмакрат больш, чым вы, нават у вашым разуменьні гэтага працэсу і гэтага слова. Я свабоду чалавека цаню вышэй за ўсё»; «Яны патрабуюць больш грамадскіх свабодаў, хаця ў Беларусі іх ня менш, чым у Францыі» (з інтэрвію францускай газэце Le Monde).
«Дзяржава гарантуе беларусам больш правоў, чым тая ж Гішпанія... У нас такая ж дэмакратыя, як у Нямеччыне і Францыі» (з інтэрвію гішпанскай газэце El Pais). «Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як у Аўстрыі, амаль як на падбор» (з інтэрвію Аўстрыйскаму агенцтву прэсы).
«У Беларусі ня можа быць дыктатуры, таму што тут няма рэсурсаў: нафты, газу і інш». (Якая сувязь паміж рэсурсамі і дыктатурай, незразумела. На Кубе, у Паўночнай Карэі няма рэсурсаў, але гэта ніяк не перашкаджае існаваньню там дыктатарскіх рэжымаў многія дзесяцігодзьдзі).
Але абвінавачваньні ў дыктатарстве ня вельмі непакояць Лукашэнку. Бо ў ягоным уяўленьні дыктатар — гэта моцны лідэр. Зьвяртае на сябе ўвагу нейкая дзіўная, не да канца вытлумачальная сымпатыя Лукашэнкі да дыктатараў усіх часоў і народаў. Зразумела, сваю ролю тут выконваюць аднолькавыя ўяўленьні аб сыстэме дзяржаўнага ладу, формах і мэтадах кіраваньня, дапушчальных сродках дзеля дасягненьня мэты. Але, відаць, ня толькі гэта.
Магчыма, гэта і называецца роднасьцю душ або цягай да людзей з падобнымі псыхалягічнымі асаблівасьцямі.
Паводле такіх уяўленьняў, лідэры дэмакратычных краін Эўропы — слабакі. Бо ў любы момант могуць страціць уладу.
Час ад часу Лукашэнка адкрыта прызнаваў існаваньне ў Беларусі дыктатуры. Асабліва ён быў шчыры, выступаючы перад расейскімі журналістамі, бо відавочна хацеў спадабацца: «У мяне чвэрць тэрыторыі сёньня ў брудзе чарнобыльскім — я буду зь нейкай дэмакратыяй гуляцца?»; «Так, я нідзе гэта ня ўтойваю: улада ў Беларусі жорсткая, аўтарытарная».
23 лістапада 2006 году, адказваючы на пытаньне ўкраінскага журналіста наконт дыктатуры ў Беларусі, Лукашэнка зазначыў: «Можа, у гэтай дыктатуры ёсьць нешта добрае? Мы не камплексуем з гэтай нагоды».
Іншым разам Лукашэнка даводзіў, што канцэнтрацыя ўлады ў яго руках патрэбная для выратаваньня краіны. І да таго ж вялікая ўлада — гэта ж і вялікая адказнасьць. (Аднак адказнасьць можа быць толькі ва ўмовах дэмакратыі, калі народ з дапамогай выбараў і іншых мэханізмаў дае сваю ацэнку ўладзе. Калі такіх мэханізмаў няма, то няма і адказнасьці).
Апошнімі гадамі Лукашэнка ставіўся да абвінавачаньняў у дыктатарстве ўсё больш паблажліва. Маўляў, вось мы з Пуціным засталіся ўдвух дыктатары, раней толькі мяне называлі апошнім дыктатарам, цяпер гэты статус перайшоў да прэзыдэнта Расеі.
Адчуўшы такія настроі Лукашэнкі, ягонае атачэньне пачало больш адкрыта прэзэнтаваць гэты вобраз. Ягоная прэсавая сакратарка Наталья Эйсмант яшчэ ў 2019 годзе заявіла: «Мы бачым, што адбываецца навокал — хаос, часам беспарадак. Я, можа, нейкую парадаксальную рэч скажу, нечаканую, але часам мне здаецца, што ня сёньня, дык заўтра, а пасьлязаўтра дакладна ў сьвеце можа паўстаць запыт на дыктатуру. Таму што за дыктатурай у нашым сёньняшнім разуменьні ў першую чаргу мы бачым, на мой погляд, парадак, дысцыпліну і абсалютна нармальнае і спакойнае жыцьцё... Мне здаецца, ужо мы так часта вымаўляем гэтае слова, што дыктатура — гэта ўжо наш брэнд».
Пасьля 2020 году хаваць дыктатарскія мэтады кіраваньня стала ўвогуле цяжка. І вось у вялікім сьвяточным канцэрце зьяўляецца «Балада пра дыктатара». І галоўны мэсэдж кампазыцыі зводзіцца да словаў: «Так, у Беларусі ёсьць дыктатура — справядлівасьці і дабра».
Варта зазначыць, што ў беларускім грамадзтве тэрмін «дыктатура» яшчэ з савецкіх часоў мае нэгатыўны сэнс. Такімі словамі характэрызывалі палітычныя рэжымы ў краінах Захаду і «трэцяга сьвету» («дыктатура Франка», «дыктатура Піначэта»). Таму цяперашняя спроба беларускіх уладаў рэабілітаваць словы «дыктатура», «дыктатар» зьяўляецца даволі рызыкоўнай.
Іншая справа, што ў Беларусі вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія, акрамя дыктатуры Лукашэнкі, больш нічога ня бачылі і ня ведаюць. Менавіта ім анамалію спрабуюць выдаць за норму.
Читайте еще
Избранное