Карбалевіч: Галоўны тэзіс Коўла — Лукашэнка павінен вызваліць усіх палітзняволеных
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч пракаментаваў «Салідарнасці» новае памілаванне вязняў у Беларусі і майстэрства палітычнага шпагату правіцеля.
Напярэдадні 8 сакавіка стала вядома пра памілаванне ў Беларусі яшчэ 18 чалавек — з іх 15 вязняў былі асуджаныя за «экстрэмізм». З агульнай колькасці — 11 жанчын, сярод іх некалькі маці, якія выхоўваюць дзяцей, у тым ліку з інваліднасцю, і адна цяжарная.
Адметна, што гэтае вызваленне супала не толькі з Міжнародным жаночым днём, але і з новай вайной на Блізкім Усходзе. Днямі правіцель, які некалькі дзён захоўваў маўчанне, усё ж такі выказаўся асабіста на сустрэчы з іранскім паслом і асудзіў «вераломны напад Ізраілю пры падтрымцы ЗША».
Можа быць, памілаванне, якое адбылося літаральна на наступны дзень — чарговая дэманстрацыя палітычнага шпагату, спроба згладзіць магчымае негатыўнае ўражанне Штатаў і пацвердзіць гатоўнасць працягнуць дыялог?
— Сапраўды, у гэтым памілаванні шмат функцый, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч. — Тут і задача прадэманстраваць гуманізм адносна жанчын напярэдадні 8 сакавіка, і спроба перабіць негатыў ад таго, што днямі памерла палітычная зняволеная Алена Панкова.
Яе смерць выклікала розгалас, стварыла негатыўны фон у тым ліку і для беларуска-амерыканскага дыялогу — і мы бачым памкненне стварыць інфармацыйны шум, перабіць гэтую навіну памілаваннем.
А разам з тым — і нейтралізаваць пэўныя, хутчэй псіхалагічныя, праблемы, якія ўзніклі на беларуска-амерыканскім трэку. Бо назапасіўся шэраг негатыўных момантаў: і гісторыя з Іранам і вакол яго, дзе Лукашэнка быў вымушаны падтрымаць Іран, і гісторыя з тым, як ён не паехаў на першы саміт Рады міру ў Вашынгтон — даслаў замест сябе міністра Рыжанкова, а таго ўжо амерыканцы не пусцілі.
Таму Лукашэнка паспрабаваў змякчыць сітуацыю і стварыць нейкі больш спрыяльны фон для перамоў, новы раўнд якіх мусіць адбыцца даволі хуткім часам.
— Рэакцыя Коўла, які назваў Лукашэнку «прэзідэнтам», але і нагадаў, што Трамп даручыў дабіцца вызвалення ўсіх палітвязняў — гэта сігнал, што Вашынгтон пас прыняў, альбо таксама і напамін, што хочаш-не хочаш, давядзецца вызваліць людзей?
— І тое, і другое. Я звярнуў бы ўвагу на тры моманты ў гэтай рэакцыі.
Коўл звярнуўся да Лукашэнкі «прэзідэнт» — але няма ншых кампліментарных зваротаў, як гэта робіць сам Трамп. Ні «глыбокапаважаны», ні нават «містэр прэзідэнт», усяго только «прэзідэнт Лукашэнка» — афіцыйна, але ж даволі сухавата.
Другі момант — Коўл падкрэслівае, што за працэсам вызвалення сочыць сам Дональд Трамп.
І, нарэшце, галоўны тэзіс — што Лукашэнка павінен вызваліць усіх. Яго некалькі разоў выкарыстаў і сам Трамп раней, цяпер і Коўл пра гэта зноў кажа. На маю думку, гэта важна і невыпадкова. А гэта задае пэўныя рамкі перамоваў. Бо дае зразумець, што на парадку дня — вызваленне ўсіх.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное