Карбалевіч: «Лукашэнка прымярае сірыйскую сітуацыю на сябе»

Чаму ў Беларусі здарылася чарговае мілітарысцкае абвастрэнне? На думку палітычнага аглядальніка Валерыя Карбалевіча, гэтаму ёсць дзве прычыны.  

На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка зноў лаяў «супастатаў» па той бок мяжы, пагражаючы «Арэшнікам» і ядзернай зброяй. Так, 10 снежня, выступаючы ў Барысаве перад работнікамі завода, ён прызываў ворагаў, якія атачаюць Беларусь, рыхтавацца да непрыемнасцяў. А 12 снежня павёў пасяджэнне Рады Бяспекі, на якое вынес дзіўнае пытанне пра «замысел абароны» на наступную пяцігодку (дагэтуль не ўжываная тэрміналогія).

— Той вобраз міратворца, які Лукашэнка старанна будаваў папярэднімі гадамі, неяк на хаду разбураецца і ператвараецца ў зусім іншы вобраз ваяўнічага кіраўніка, — адзначае Валерый Карбалевiч у сваім відэа на Радыё Свабода.

Адну з прычын такой «мілітарысцкай ліхаманкі» аналітык бачыць у жаданні Лукашэнкі паказаць народу неабходнасць для Беларусі «Арэшніка».

— Улады пачынаюць усведамляць, што беларускае грамадства негатыўна ацаніла рашэнне аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі новага ракетнага комплексу «Арэшнік». Гэта ракеты сярэдняй далёкасці да 5 тысяч км і яны павінны з’явіцца, паводле планаў, на наступны год, — тлумачыць Валерый Карбалевіч.

Валерый Карбалевіч

Ён звяртае ўвагу, што аналагічнай зброі на тэрыторыі Еўропы пакуль няма, а толькі цьмяныя планы пра размяшчэнне амерыканскіх ракет у Нямеччыне. То бок тут Беларусь і Расія ідуць на апярэджанне.

Але ёсць і другая прычына, якая справакавала правіцеля на мілітарысцкія заявы.

— Лукашэнку вельмі моцна ўразілі падзеі ў Сірыі — тое, як хутка быў зрынуты дыктатарскі рэжым Башара Асада, — адзначае Валерый Карбалевіч. — Лукашэнка таксама пра гэта доўга распавядаў у Барысаве, казаў, што ніякі Асад не дыктатар, вельмі абураўся, што разбураюцца помнікі, якія былі пабудаваны ў гонар бацькі Башара — Хафеза Асада. Увогуле можна сказаць, што Лукашэнка вельмі хваравіта ставіцца да таго, калі дзесьці ў свеце зрынаюць дыктатараў.

Так, Лукашэнка ў свой час прапанаваў палітычны прытулак югаслаўскаму дыктатару Слабадану Мілошавічу, а таксама дыктатару Ірака Саддаму Хусейну, даў такі прытулак зрынутаму кіргізскаму прэзідэнту Курманбеку Бакіеву.

— Ён заўсёда на гэта вельмі моцна рэагуе, — заўважае Валерый Карбалевіч. — Я ўзгадваю, калі былі паказаны кадры, як здзекаваліся з Муамара Каддафі ў Лівіі, Лукашэнка пасля гэтага аб’явіў аб стварэнне тэрытарыяльнай абароны, кіраўнікоў абласцей абвясціў генераламі, адзеў іх у вайсковую форму, праводзіліся вучэнні. Такім чынам ён зрэагаваў на магчымую пагрозу.

І вось цяпер ў адказ на зрынанне сірыйскага рэжыму Лукашэнка таксама правёў цыкл мілітарысцкіх зрушэнняў, зноў такая мілітарысцкая ліхаманка.

Рэакцыя на тое, як у нейкіх  краінах зрынаюць дыктатараў, у Беларусі адна — гэта ўзмацненне сілавога кампаненту. Нібыта з дапамогай сілы, з дапамогай такіх мілітарысцкіх дзеянняў магчыма ўмацаваць рэжым і забяспечыць гарантыю ўлады. Гэта такое дзіўнаватае ўяўленне, але іншых метадаў Лукашэнка не ведае. Лукашэнка прымярае гэтую сірыйскую сітуацыю на сябе.

Палітычны аглядальнік лічыць, што беларускі і сірыйскі рэжымы ў пэўным сэнсе падобныя і ўрок, які Лукашэнка можа вынесці з сітуацыі, прымушае яго нервавацца.

— Той жа Башар Асад таксама адмаўляўся ўступаць у любыя перамовы з народам, які паўстаў, адмовіўся ісці на саступкі, адмовіўся праводзіць нейкія рэформы. Так, ён пратрымаўся 11 гадоў. Але гэта вельмі важны ўрок, што можна доўга трымацца дыктатуры, але не вечна. І Лукашэнка гэта прымае вельмі блізка да сэрца, — заключае Валерый Карбалевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)