Филин

Наталля Север

Карбалевіч: «Можна выказаць здагадку, што падчас перамоваў з кіраўніком лівійскай групоўкі вырашалі менавіта вайсковыя пытанні»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч — пра дзіўныя мэты, па версіі прапаганды, візіту лівійскага военачальніка.

Лукашэнка сустрэўся з вярхоўным галоўнакамандуючым Лівійскай нацыянальнай арміі Хафтарам і запэўніў таго, што беларускі бок гатовы выканаць усё, пра што дамовіцца, своечасова.

Филин спытаў у палітычнага аглядальніка, пра што мог кіраўнік Беларусі дамаўляцца з прадстаўніком краіны, у якой ідзе грамадзянская вайна.

— Нагадаю, што БЕЛТА, калі анансавала візіт камандуючага ўзброенымі сіламі Лівіі, паведамляла, што яго мэта — ва ўзаемадзеянні Лівіі і Беларусі ў гуманітарнай і сацыяльных сферах, таксама эканамічнае супрацоўніцтва, — звяртае ўвагу Валер Карбалевіч. — Зараз гляджу: падчас сустрэчы Лукашэнкі з Хафтарам прысутнічаў міністр абароны Беларусі Хрэнін і старшыня КДБ Церцель.

І ўсе гэтыя людзі з абодвух бакоў сабраліся сапраўды абмеркаваць гуманітарныя і сацыяльныя пытанні? Гэта выглядае трохі дзіўна, калі не сказаць анекдатычна.

Пры гэтым вядома, што зараз у Лівіі ідзе грамадзянская вайна, краіна падзелена на часткі, якія падпарадкоўваюцца розным групоўкам.

Валер Карбалевіч

І так званы фельдмаршал Хафтар узначальвае толькі адну з тых груповак, якія змагаюцца за ўладу. Гэта варта ведаць, каб разумець, што няма пакуль аб’яднанай дзяржавы Лівія, няма адзінага ўрада, які кантралюе ўсю краіну.

Таму правільней будзе лічыць, што Лукашэнка сустракаецца з кіраўніком адной з частак Лівіі. Гэта, у сваю чаргу, азначае пэўнае ўмяшальніцтва ў грамадзянскую вайну.

Таксама тут варта адзначыць, што ў Хафтара добрыя адносіны з Расіяй. Яна робіць стаўку на гэтую групоўку.

Адсюль можна выказаць здагадку, што падчас перамоваў з кіраўніком лівійскай групоўкі вырашалі менавіта нейкія вайсковыя ці вайскова-тэхнічныя пытанні, магчыма, пытанні продажу нейкай зброі.

Бо разлічваць на нейкае супрацоўніцтва з краінай, якая ў стане грамадзянскай вайны, не вельмі лагічна.

Дапускаю, што ў Расіі зараз з’явіліся пэўныя цяжкасці з ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам з гэтымі лівійскімі саюзнікамі. Праблемы ўзніклі ў звязку з тым, што РФ фактычна страціла сваю вайсковую базу ў Сірыі, праз якую адбываўся транзіт і зброі, і вайсковых падраздзяленняў, тых жа вагнераўцаў у Афрыку і ў Лівію.

І цяпер Расія можа разлічваць нейкім чынам задзейнічаць Беларусь, напрыклад, для паставак зброі.

Робячы вынік аб знешнепалітычным становішчы нашай краіны, суразмоўца аналізуе ўвогуле кантакты міністэрства замежных спраў за апошні час.

— Паглядзіце, з кім сустракаліся міністр МЗС і яго намеснік. З прадстаўнікамі Паўночнай Карэі, М’янмы, Афганістана, Сірыі. Апошні візіт міністра Рыжанкова быў у Ліван, нарэшце, адбываецца візіт лівійскага военачальніка.

Што аб’ядноўвае гэтыя краіны? Тое, што яны самыя праблемныя, самыя ізаляваныя і бедныя краіны ў свеце. Амаль ва ўсіх ідзе грамадзянская вайна.

Такіх партнёраў нелагічна разглядаць з пункту гледжання эканамічнага супрацоўніцтва. Але беларускія афіцыйныя асобы кантактуюць з імі.

І гэта яскравы паказчык таго, у што ператварылася беларуская замежная палітыка. Гэтая стаўка на праблемныя дзяржавы мне падаецца наўпрост спробай нейкага піяру, дэманстрацыі таго, што Беларусь усё яшчэ паважаная краіна ў свеце, што яна не ў ізаляцыі.

На самой справе такая дзіўная геаграфія беларускай замежнай палітыкі сведчыць пра тое, што з гэтым навакольным светам у Беларусі рэальна ёсць праблемы, — зрабіў вынік Карбалевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)