Прэзыдэнт Украіны адназначна разглядае Беларусь як чыньнік небясьпекі.
Карбалевіч: «Не выпадкова Зяленскі імкнецца прыцягнуць увагу ЗША да Беларусі»
Ці можа быць гарантаваная бясьпека Ўкраіны без нэўтралізацыі пагрозы з боку Беларусі? Пазыцыя Кіева палягае ў тым, што без вырашэньня беларускага пытаньня немагчымы трывалы мір у рэгіёне, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу на Мюнхэнскай канфэрэнцыі разьвіла гэтыя словы Ўладзіміра Зяленскага, даводзячы, што «без дэмакратычнай Беларусі гэты сьвет ня будзе ўстойлівым».
Зяленскі цягам дзесяці дзён тройчы закранаў беларускае пытаньне
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі падчас размовы з журналістам у Мюнхэне 14 лютага зноў загаварыў пра Беларусь. Па сутнасьці, ён паўтарыў думку, якую выказаў 5 лютага ў Кіеве — пра тое, што Расея мае пляны выкарыстаць тэрыторыю Беларусі дзеля ваеннай пагрозы Захаду і Ўкраіне.
Зяленскі заявіў: «Вы ведаеце, што адбываецца зь беларусамі? Ніхто не запярэчыў, ніхто ня думае пра гэта. Але гэта факт. Ужо ў гэтым годзе Расея падрыхтуе 15 дывізій для трэніроўкі і ўзмацненьня сытуацыі на беларускім кірунку. І мы думаем, што яны ўсе будуць на тэрыторыі Беларусі, альбо часткова. Гэта будзе, я ня ведаю, 100-150 тысяч чалавек. Гэта проста вялікая групоўка».
15 лютага, выступаючы на галоўнай сэсіі Мюнхэнскай канфэрэнцыі, Зяленскі зноў вярнуўся да гэтага пытаньня:
«І ў нас ёсьць выразная разьведвальная інфармацыя, што гэтым летам Расея плянуе выправіць войскі ў Беларусь на падставе вайсковых вучэньняў. Але гэта, сапраўды, гэтак жа, як яны разгортвалі войскі перад поўнамаштабным уварваньнем ва Украіну тры гады таму. Гэтыя расейскія сілы ў Беларусі для нападу на Украіну? Магчыма. А магчыма, не».
Падаецца, што інфармацыя пра 15 дывізій і 100-150 тысяч расейскіх вайскоўцаў у Беларусі — пэўнае перабольшваньне. Хутчэй, ідзе размова пра штучнае нагнятаньне напружанасьці, каб прыцягнуць больш увагі да гэтай тэмы. Але тое, што цягам дзесяці дзён украінскі лідэр тройчы настойліва закранае беларускае пытаньне, сьведчыць пра важнасьць для афіцыйнага Кіева згаданай праблемы.
Прычым, Беларусь разглядаецца ім не як самастойны суб’ект, а як аб’ект, інструмэнт у руках Крамля, як расейская марыянэтка. (На гэтым тле вельмі адметным выглядае апошні ўказ Лукашэнкі ад 24 студзеня, паводле якога ў задачы Мінабароны цяпер не ўваходзіць абарона «сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці» краіны).
Зяленскі плянуе абмеркаваць гэтае пытаньне з Дональдам Трампам.
Ціханоўская ў Мюнхэне разьвівае развагі Зяленскага
То бок, пазыцыя Кіева палягае ў тым, што без вырашэньня беларускага пытаньня немагчымы трывалы мір у рэгіёне. Ня можа быць гарантыі бясьпекі Ўкраіны без нэўтралізацыі пагрозы зь Беларусі.
Лідэрка беларускіх дэмсіл Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу на Мюнхэнскай канфэрэнцыі падхапіла гэтыя словы Уладзімера Зяленскага, разьвіла іх, давяла да важных высноваў:
«Беларусь можа адыгрываць ключавую ролю» у пытаньні заканчэньня вайны, заключэньня трывалага міру, гарантыях рэгіянальнай бясьпекі.
«Нельга дапусьціць, каб быў зафіксаваны статус-кво, і Беларусь засталася ў сфэры ўплыву Расеі. Гэта толькі разьвязала б рукі дыктатарам і ўзмацніла б Пуціна».
«Без дэмакратычнай Беларусі гэты сьвет ня будзе ўстойлівым». То бок, у перакладзе на зразумелую мову, калі мы хочам атрымаць трывалы мір і бясьпеку ў рэгіёне, з рэжымам Лукашэнкі трэба нешта рабіць.
Не выпадкова Зяленскі імкнецца прыцягнуць увагу ЗША да Беларусі. Гэта вельмі важна.
Увага ЗША да Беларусі
Тут цікава зьвярнуць увагу на тое, што амаль усе экспэрты прагназавалі, што ў замежнай палітыцы новай адміністрацыі ЗША Беларусь нібыта зьяўляецца далёка не прыярытэтнай краінай, добра, калі да яе дойдзе справа праз год ці нават пазьней.
Аднак высьветлілася, што гэта ня так. І трыгерам увагі да Беларусі стала тэма палітвязьняў (найперш грамадзянаў ЗША ці беларусаў, якія працавалі на амэрыканскія кампаніі). Ужо 26 студзеня, праз тыдзень пасьля прыходу да ўлады новай адміністрацыі, дзяржсакратар Марк Рубіё паведаміў у Х пра вызваленьне грамадзянкі ЗША зь беларускай турмы.
Днямі Менск наведаў намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па Усходняй Эўропе Крыс Сміт. У выніку гэтага візыту былі вызвалены тры палітвязьні, у тым ліку журналіст Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык.
Важна тое, што працэс перамоваў з афіцыйным Менскам аб вызваленьні палітвязьняў курыруе дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё. У прэс-рэлізе, які быў апублікаваны 12 лютага на сайце амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства, ён падкрэсьліў, што «моцнае кіраўніцтва прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прывяло да вызваленьня несправядліва затрыманага ў Беларусі амэрыканца і двух палітычных зьняволеных».
Рубіё заклікаў афіцыйны Менск вызваліць усіх палітычных зьняволеных, «якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі».
Тэма дэмакратыі ў палітыцы ЗША
Варта адзначыць, што ў Вільні Крыс Сміт сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай. Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Вэнс, выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, заявіў: «Ты ня можаш выйграць дэмакратычныя выбары тым, што цэнзуруеш ці кідаеш свайго апанэнта за краты. Ня важна, гэта лідэр апазыцыі, сьціплы хрысьціянскі вернік, які моліцца ў сваім доме, ці журналіст, які спрабуе перадаваць навіны».
Верагодна, Джэй Вэнс найперш меў на ўвазе Уладзімера Пуціна, які кінуў за краты лідэра расейскай апазыцыі Аляксея Навальнага, дзе той быў забіты. Але гэта наўпрост тычыцца і Аляксандра Лукашэнкі, які загадаў арыштаваць сваіх галоўных апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, іншых апазыцыйных лідэраў.
Увогуле, у сваім выступе Вэнс шмат разважаў пра дэмакратыю, крытыкаваў у гэтым пляне Эўропу.
З заяваў і Джэя Вэнса, і Марка Рубіё вынікае: прагнозы наконт таго, што новую адміністрацыю ЗША нібыта не хвалюе тэма дэмакратыі і правоў чалавека ў сьвеце, не адпавядае рэальнасьці. І Беларусь прысутнічае ў парадку дня замежнай палітыкі Злучаных Штатаў.
Прычым, ня ў тым кантэксьце, як хацеў бы Лукашэнка, які імкнецца ўцягнуць Вашынгтон у гандаль палітвязьнямі — і гэтым абмежавацца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное