Политика

Карбалевіч: «Як толькі дыктатуры сутыкаюцца з рэальнай сілай, яны хутка церпяць паразу»

Валер Карбалевіч на Радыё Свабода — пра вэнэсуэльскі ўрок для Лукашэнкі.

Валер Карбалевіч

Паралелі паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай

Даволі паказальна, што падзеі ў далёкай Вэнэсуэле моцна ўзбудзілі беларускую супольнасьць — як улады, так і іх апанэнтаў. І гэта не выпадкова, бо вельмі ўжо празрыстыя паралелі ўзьнікаюць.

Сытуацыя ў Беларусі і Вэнэсуэле даволі падобная. І там і там існавалі дыктатарскія рэжымы, якія атрымалі электаральныя паразы і ўтрымоўвалі ўладу з дапамогай сілы насуперак волі народа. У абодвух краінах адбываліся палітычныя рэпрэсіі, масавая эміграцыя.

Гэтаму спадарожнічала агрэсіўная антыамэрыканская, антызаходняя рыторыка. Нікаляс Мадура абвесьціў народныя пратэсты спробай ЗША ажыцьцявіць дзяржаўны пераварот. Як гэта падобна на тое, як Аляксандр Лукашэнка тлумачыць падзеі 2020 году.

Абодва рэжымы арыентаваліся на Расею, Кітай, прытрымліваюцца курсу на стварэньне антызаходняга «інтэрнацыяналу», саюзьнічалі з Іранам, Кубай, сябравалі між сабой.

Але ёсьць і адрозьненьне. Рэжым Мадуры давёў краіну да сацыяльна-эканамічнага каляпсу. Ён ня ў стане выконваць элемэнтарныя дзяржаўныя функцыі для падтрыманьня жыцьцядзейнасьці грамадзтва.

Краіна з найбольшымі ў сьвеце запасамі нафты апынулася ў стане развалу эканомікі, інфляцыі ў мільён працэнтаў, дэфіцыту тавараў першай неабходнасьці, голаду, вялізных чэргаў у крамах, картачнай сыстэмы (нават туалетная папера разьмяркоўвалася па картках), рэгулярных рабаваньняў і маштабнай злачыннасьці. Каля 8 мільёнаў чалавек зьбеглі з краіны пасьля 2014 году (насельніцтва Вэнэсуэлы ў 2023 годзе — 30 млн чалавек. — РС), што зьяўляецца адным з найбуйнейшых міграцыйных крызісаў у сьвеце.

Тым ня менш, нават на гэтым тле рэжым Мадуры выявіў неверагодную палітычную выжывальнасьць. Часткова таму, што займаўся гандлем наркотыкамі.

Шматпалярны беспарадак і права моцнага

У гэтай вайсковай апэрацыі ЗША супраць Вэнэсуэлы шмат аспэктаў. Яна дае падставу вывесьці некалькі важных урокаў.

Калі пачалася агрэсія Расеі супраць Украіны, праціўнікі Захаду радаваліся, што, маўляў, закончылася эпоха заходняга дамінаваньня, цяпер замест аднапалярнага сьвету зьявіўся шматпалярны парадак.

Аднак рэчаіснасьць аказалася трохі іншай. На зьмену аднапалярнаму парадку зьявіўся не шматпалярны парадак, як меркавалася, а шматпалярны беспарадак. Некаторыя экспэрты прарочылі, што расейская агрэсія адчыняе скрыню Пандоры. Замест міжнароднага права, «парадку, заснаванага на правілах», пачынае дзейнічаць права моцнага. Цяпер амаль «усё дазволена».

Апошнія падзеі вакол Вэнэсуэлы сталіся гучным рэхам расейска-украінскай канфрантацыі. Калі ўжо пачалася вайна бяз правіл, ЗША паказалі ўсім сваім праціўнікам, што можна і так.

Чаму міжнародная легітымнасьць мае значэньне

Галоўным абгрунтаваньнем сваёй апэрацыі ЗША зрабілі абвінавачваньне рэжыму Мадуры ў пастаўках наркотыкаў у ЗША. Але ня толькі. Важным матывам сталі закіды на адрас вэнэсуэльскіх уладаў у дыктатарстве.

Дональд Трамп казаў, што тамтэйшы рэжым несправядлівы «ў адносінах да ўласнага народу». Вядома, што падчас задушэньня пратэстаў толькі апошнімі гадамі там загінула шмат людзей.

І вось тут раптам на паверхню выходзіць такая, на першы погляд, эфэмэрная катэгорыя як міжнародная легітымнасьць. Зьвяртае на сябе ўвагу, што дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё падзяліўся сваім твітам паўгадовай даўніны, у якім заяўляў, што ЗША ня лічаць Мадуру легітымным кіраўніком дзяржавы: «Ён — кіраўнік наркакартэлю, які захапіў краіну».

Цяпер амэрыканцы кажуць: мы захапілі не законнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы, а ўзурпатара, да таго ж, кіраўніка наркакартэлю

Нагадаю, што ня толькі Захад, але і большасьць краін Лацінскай Амэрыкі пасьля крызісу 2019 году падтрымалі лідэра апазыцыі, сьпікера вэнэсуэльскага парлямэнту Хуана Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам.

Таму міжнароднае прызнаньне выбараў, аказваецца, важная рэч. Як бы часта Лукашэнка і ягоныя прапагандысты не казалі, што, маўляў, мы праводзім выбары для сябе, для свайго народа, і нам няважна, што там скажуць замежнікі, аднак, як цяпер высьвятляецца, у момант нейкага крызісу гэты чыньнік набывае значэньне. Цяпер амэрыканцы кажуць: мы захапілі не законнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы, а ўзурпатара, да таго ж, кіраўніка наркакартэлю.

Што ў сухой рэшце? Апошнімі гадамі дыктатуры ў барацьбе з дэмакратыяй дэманстравалі сілу. І даволі пасьпяхова.

Вось нарэшце і дэмакратыя паказала сілу. Днямі Трамп папярэдзіў кіраўніцтва Ірану, што калі тамтэйшыя ўлады пачнуць масава расстрэльваць людзей, то ЗША могуць умяшацца. Апэрацыя супраць Мадуры надала важкасьць гэтаму папярэджаньню. Дыктатарам усяго сьвету паказалі, што зь імі можна абысьціся і так.

Уразьлівасьць дыктатур

У чыста тэхнічным пляне амэрыканскія вайскоўцы прадэманстравалі высокую эфэктыўнасьць. Захапілі і вывезьлі дыктара са сталіцы Вэнэсуэлы практычна бяз бою, як на трэніроўцы. Асабліва на тле расейскай агрэсіі супраць Украіны, якая загразла на чатыры гады. Ёсьць з чым параўноўваць.

Гісторыя з захопам Мадуры ў чарговы раз паказала: як толькі дыктатуры сутыкаюцца з рэальнай сілай, яны хутка церпяць паразу, амаль не аказваюць супраціву. Яны моцныя толькі ў вайне зь бяззбройным народам.

І дзе былі войскі, шматлікія спэцслужбы Мадуры? Куды падзелася ягонае бліжэйшае атачэньне? Усё развалілася як картачны дамок.

Так часта адбываецца з дыктатарскімі рэжымамі, моц якіх чыста вонкавы, грунтуецца на блефе. Напрыклад, у 2003 годзе войска іракскага дыктатара Садама Хусэйна налічвала сотні тысяч вайскоўцаў, але здалася сілам міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША практычна бяз бою.

Вельмі дарэчы пытаньне: дзе падзеліся саюзьнікі рэжыму Мадуры? Чаму не ўмяшаліся Расея, Кітай, якія пастаўлялі туды зброю. Дарэчы, і Беларусь прадавала Вэнэсуэле сродкі супрацьпаветранай абароны.

Можна ўзгадаць, што летась Расея пакінула на волю лёсу рэжым Башара Асада ў Сірыі, не дапамагла свайму хаўрусьніку Ірану падчас нядаўняй вайны гэтай краіны з Ізраілем і ЗША. І ці прыйдзе Масква на дапамогу рэжыму Лукашэнкі ў нейкай крытычнай сытуацыі?

«Не гуляйце ў гульні з Трампам»

Дональд Трамп узгадаў яшчэ адну крыўду на рэжым Чавеса-Мадура. Той выгнаў амэрыканскія нафтавыя кампаніі з вэнэсуэльскага рынку. Фактычна бізнэс ЗША там «кінулі».

І тут зьяўляюцца цікавыя паралелі. Падчас нядаўніх перамоваў з спэцпасланьнікам Трампа Джонам Коўлам Лукашэнка прапанаваў амэрыканцам увайсьці акцыянэрамі ў кампанію «Нетры Нежын», якая займаецца здабычай калія.

За апошнія 30 гадоў назапашана вялікая практыка, як існы рэжым «разьбіраўся» з замежнымі кампаніямі, колькі зь іх беларускія ўлады «кінулі». Калі амэрыканцы пагодзяцца з прапановай што да калію, то тут можа завязвацца канфлікты вузел. У што гэта можа выліцца, паказваюць апошнія падзеі ў амэрыкана-вэнэсуэльскіх адносінах.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё прапанаваў зафіксаваць яшчэ адзін урок з амэрыканскай апэрацыі супраць Мадуры. «Не гуляйце ў гульні з гэтым прэзыдэнтам», — сказаў ён пра Трампа.

Сапраўды, гульня ў коткі-мышкі з звышдзяржавай небясьпечная. Ня варта забывацца на суадносіны сіл. Здаецца, у Лукашэнкі дасюль былі ілюзіі, што гэта гульня на роўных.

Ён прывык гуляць з пазыцыі сілы, адмаўляцца ад узятых абавязацельстваў, не выконваць тое, што абяцаў. З такімі наборам правіл ён і ўступіў у перамоўны працэс з ЗША. Лёс Нікаляса Мадуры павінен стаць пагрозьлівым папярэджаньнем.

Апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле паламала гульню Лукашэнкі

Амэрыканская апэрацыя ў Вэнэсуэле, імаверна, стала шокам для Лукашэнкі, паламала ягонае палітычнае пазыцыянаваньне. Сутыкнуліся два падыходы, якія знаходзяцца ў прынцыповай супярэчнасьці.

З аднаго боку, Лукашэнка катэгарычна супраць гвалтоўнай зьмену ўлады, асабліва дыктатарскай. Для яго любая ўлада — рэч сакральная, і замах на яе ёсьць блюзьнерствам.

Ён абараняў усіх дыктатараў, шмат каму прапаноўваў палітычны прытулак (Слабадану Мілошавічу, Садаму Хусэйну, Віктару Януковічу). Прытуліў у сябе былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Заяўляў пра гатовасьць прыняць і Мадуру, назваўшы яго ў нядаўнім інтэрвію «гераічным мужыком». Лукашэнка заўсёды прымярае лёс дыктатараў на сябе.

Але ёсьць і іншы бок. У 2025 годзе Лукашэнка намацаў стратэгію, якая павінна была дапамагчы вырашэньню міжнародных праблем, найперш, у адносінах з Захадам. Ён зрабіў стаўку на Трампа, прэзэнтаваў сябе пасьлядоўным трампістам.

Прэзыдэнт ЗША, ва ўяўленьні Лукашэнкі выступаў у ролі такой своеасаблівай сьценабітнай машыны, якая павінна была разбурыць заходні мур. Здавалася б, знайшлі агульную мову, заснаваную на прагматызьме, а не на дыскусіі аб правах чалавека.

І так усё здорава пачыналася, як раптам здарыўся «казус Мадуры». Ён зьбіў усю праграму. І рэжым замітусіўся. Афіцыйна заяўлены пратэст супраць дзеяньняў ЗША, выказана падтрымка Вэнэсуэле. Але неяк дзіўнавата. МЗС Беларусі асудзіла «ўзброеную агрэсію» супраць Вэнэсуэлы, не згадаўшы, ад каго яна зыходзіла.

Потым было тэлефанаваньне міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова вэнэсуэльскаму калегу. Была адпаведная заява старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Натальлі Качанавай.

Таксама зьявілася кароткая, за аднаго сказу, рэпліка Лукашэнкі, якую перадалі БелТА і тэлеграм-канал «Пул першага»: «Прэзыдэнт Беларусі КАТЭГАРЫЧНА асуджае акт амэрыканскай агрэсіі супраць Вэнэсуэлы». Аднак самога ўладара на экране з гэтай нагоды не паказалі. Больш за тое, і на афіцыйным сайце Лукашэнкі гэтай рэплікі няма. То бок рэакцыя нібы ёсьць, але нейкая сарамлівая, прыхаваная.

Зусім нядаўна Лукашэнка радасна анансаваў сваю хуткую сустрэчу з Трампам. Аднак цяпер, можна меркаваць, ён калі і чакае такой сустрэчы, то зь вялікай асьцярогай і падазрэньнем. Бо перад вачыма стаіць выява затрыманага кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры, якога ў кайданках вядуць у амэрыканскі ізалятар. Што ні кажы, а лёс дыктараў не салодкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(19)