Общество

Карней: «Вось тады і закруціўся наш віртуальны Tinder, адзінае, што без узаемнасьці»

Былы палітвязень — пра тое, як радзіма паставіла яго на лічыльнік.

— Родина слышит, родина знает)… Была такая пафасная песьня ў прапагандыскай савецкай субкультуры, якая выдатна кладзецца і на цяперашнія рэаліі, — піша Ігар Каней. — Радзіма чуе і памятае, дзе б ты не знаходзіўся. І мэта ў яе адна – паставіць цябе на лічыльнік.

Ігар Каней

Неяк ад пачатку не заладзілася з судовай выканаўцай Казлоўскай. Сувязь «хаацічэскі сложная», калі цытаваць незабыўна-метафарычную чыноўніцу Надзею Каткавец. Ужо ня першы раз дасылае нейкія засакрэчаныя фінансавыя прэтэнзіі, я ў адказ (як і просіць у павестцы — праз вайбер) спрабую давесьці, што з падачы яе ж вышэйшых працадаўцаў фізічна не магу зьявіцца ва ўказаны аддзел раскулачваньня, бо іх міласьцю выдвараны з краіны.

Бачу, што маё пасланьне прачытана, але не бачу, каб адэкватна пераварана. Бо ўсё паўтараецца з упорствам, вартым лепшага прымяненьня.

Гэта якраз пра тое, што сувязі паміж ведамствамі ніякай: адны выконваюць план па закладніках, другія гандлююць жывым таварам, трэція бяздумна выстаўляюць рахункі за ўтрыманьне за кратамі. І ўсё ў паралельнай прасторы, без разуменьня, хто і дзе з тых адрасатаў у дадзены момант. Патаму шта паліцікай не інцерасуюцца, працуюць як загадана — ад раніцы і да плоту.

З якога перапуду налічылі 258.50 руб. — загадка прыроды. Прынамсі гэтым разам хоць прыкладзены квіток на аплату. У канцы мінулага году была проста паперка з пагрозай, што ў выпадку ігнаравараньня выкліку магу быць «подвергнут приводу». Вось тады і закруціўся наш віртуальны Tinder, адзінае, што без узаемнасьці. Бо дома я ня быў амаль тры гады, а ў іх чорных сьпісах, відаць, па-ранейшаму пазначаны «сухараўскім».

Без асаблівага спадзеву на разуменьне зноў папрасіў куратарку папулярна патлумачыць, за што задаўжаў – не аддаваць жа грошы першаму прахадзімцу. Яшчэ ўвойдуць у смак, што паставяць рэгулярны аброк на канвеер.

Дапускаю, што на такую суму пенітэнцыярныя мадэльеры ацанілі свае строі строгіх фасонаў – і тое хіба заднім чыслом за палажняк у Шклове. Пасьля пераезду да рэцыдывістаў у ПК №20 на складзе атрымаў толькі летнюю кашулю – наўрад ці яна пры ўсёй сваёй эксклюзіўнасьці пацягне на 80 еўра.

З іншага боку, пры алармісцкім вывазе летась у чэрвені з таго ж Мазыра на каланіяльным рахунку заставаліся амаль 500 рублёў. Спроба наладзіць ліставаньне з начальнікам установы, каб паспрабаваць вярнуць грошы адрасату (усе пераводы рабіла са сваёй пенсіі мая маці, з чаго раптам сьлёзы пенсіянеркі павінны быць інвестыцыяй у катавальную сістэму?), плёну ня мела.

Адказ ад юрыста прымушае задумацца, ці сапраўды ён дыпламаваны: маўляў, хай Карней І.П. прыедзе да нас асабіста, пакажа пашпарт ды забярэ лішкі, якія праблемы? Ага, і то праўда. Толькі чамусьці ніхто не замарочыцца пашавяліць мазгамі, а якім гэта чынам я апынуўся не ў Беларусі?

Ну дык дамоўцеся нарэшце паміж сабой, каб тыя невядома, кім замарожаныя сродкі пакрылі вашы ўяўныя страты, нанесеныя за перыяд майго зьняволеньня. Дык не, занадта складаная задача з многімі невядомымі. І цяжка нават уявіць, колькі яшчэ паперы перавядуць Казлоўская і Ко на свае выканаўчыя лісты, якія ляцяць у нікуды...

Родина слышит, родина знает,

Как нелегко ее сын побеждает!

И не сдается, правый и смелый,

Он защищает великое дело)))

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(2)