Кавалкін: «Адпусці цэны — і інфляцыя атрымаецца мо і 20%, і ты не зможаш яе кантраляваць»

Эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін — пра галоўны страх беларускага Нацбанку.

У Беларусі працягваецца рост крэдытавання фізічных асоб і прадпрымальнікаў — паводле Нацбанка РБ, па выніках мая-2024 абавязацельствы насельніцтва перад банкам перавысілі 22,9 мільярда беларускіх рублёў, і гэта гістарычны максімум. Агульны ж аб’ём крэдытаў, выдадзеных айчыннай банкаўскай сістэмай за мінулы год, перавысіў 153,7 мільярда рублёў.

З іншага боку, з-за падвышанага росту на пазыкі, як адзначыў старшыня Нацбанка Павел Калаур, эксперты бачаць і павелічэнне дэвальвацыйных і інфляцыйных рызыкаў. Чаму б тады не абмежаваць, альбо нават спыніць выдачу крэдытаў?

— Тут ёсць некалькі чыннікаў, — тлумачыць эканаміст Уладзімір Кавалкін у эфіры Еўрарадыё. — Прадпрыемствам патрэбныя грошы на закупку тавараў і абсталявання — гэта інвестыцыйны попыт. Чаму самі беларусы актыўна бяруць крэдыты, мы да канца не ведаем, бо не маем незалежнай сацыялогіі і надзейных даных з Беларусі.

Тут можна меркаваць, напрыклад, што ў людзей выраслі заробкі — таму яны могуць браць большыя крэдыты. Другі фактар — што стаўка рэфінансавання і стаўка Нацбанка, па якіх даюць крэдыты, успрымаюцца як нізкая — людзі чакаюць больш высокай інфляцыі і таго, што яны не страцяць свае грошы, а можа дзесьці і заробяць.

А што рабіць, калі ў цябе высокі інфляцыйныя чаканні? На заходніх рынках такое адбываецца пры куплі-продажу акцый прадпрыемстваў: ты ведаеш, што нейкая акцыя будзе падаць, бярэш яе ў доўг, прадаеш, а потым выкупляеш за меншыя грошы — і розніцу маеш «на кішэню».

Дык вось, тое самае можна рабіць з беларускім рублём: вы бярэце крэдыт у рублях, купляеце за іх, скажам, памяшканне ці кватэру, рубель падае — вы ў плюсе. Гэта такі беларускі шорт, не рынкавы, не біржавы, але наш нацыянальны.

Пры тым акурат таго самага — росту інфляцыі — баіцца і Нацбанк, зазначае эканаміст. І галоўная яго задача — выканаць загаданыя параметры:

— А ў нас жа інфляцыя не рынкавая, кантраляваная. То бок, рэгулятар, нават маючы ўсе даныя перад вачыма, нават не ведае, якая сапраўдная лічба насамрэч. Адпусці цэны — і інфляцыя атрымаецца мо і 20%, і ты не зможаш яе кантраляваць.

Адначасова аналітыкі Нацбанку бачаць, як павялічваецца грашовая маса.

Шмат людзей лічаць, што грошы проста друкуюцца, як каляровыя паперкі. Але насамрэч большая частка іх «друкуецца» праз крэдыты, гэта не наяўныя грошы. І калі мы кажам пра павелічэнне крэдытавання эканомікі, адбываецца павелічэнне грашовай масы: яна заўсёды выліваецца на рынак і падвышае інфляцыю.

Таму Нацбанк знаходзіцца ў такой сітуацыі, дзе, з аднаго боку, дзяржава заціснула цэны сваім кантролем, і ёсць вялікі патэнцыял, каб інфляцыя паскорылася, а з другога, вырасла грашовая маса, і гэта таксама рызыкі — зразумела, што ім страшна, што там будзе далей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)