Комментарии

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

Кіркевіч: «Мова аказалася дэпазітам у сейфе, да якога ў адміністрацыі Лукашэнкі так і не змаглі падабраць ключ»

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты нядаўна распавёў пра рост попыту на навучанне на беларускай мове. А яшчэ — прапанаваў 2025-ты зрабіць «годам мовы».

Нешта падобнае можна было чакаць у «макееўскія гады», паміж 2015 і 2019-м. Калі ўлады, прынамсі, не перашкаджалі культурніцкім ініцыятывам. А часам нават самі ладзілі «дні вышыванкі», гуляліся з арнаментамі ды стужкамі... А зараз?

На фоне татальнай русіфікацыі (моўнай, культурнай, гістарычнай), калі на грамадскіх пляцоўках побач вісяць партрэты Пушкіна, Гогаля і Прылепіна — падобныя заявы выглядаюць шызафрэнічна. Але — толькі на першы погляд.

Партрэты Пушкіна, Гогаля і Прылепіна вісяць побач

Мова — гэта ключык да людзей + легітымнасць

За доўгія гады адміністравання нашых земляў улады вывелі свой канон стасункаў з мовай. А дакладней, падгледзелі і надалі новае жыццё савецкаму канону, прынятаму ў БССР. Як гэта?

Калі коратка: беларуская мова — гэта дадзенасць. Татальнае вынішчэнне мовы — занадта радыкальны крок, бо мяжуе з вынішчэннем яе носьбітаў.

Куды больш прымальны варыянт — мінімізаваць сферу яе ўжытку, але не вышкрабаць да канца. У часы БССР для вялізнай долі беларусаў мова была не каштоўнасцю, але часткай нармальнасці. Таму няхай Ленін са Сталіным звяртаюцца да іх па-беларуску, чаму б і не?

Спачатку мова была патрэбная савецкай уладзе як ключык да народных сэрцаў. Мэсыдж: «Мы да вас звяртаемся на вашай мове». Так было з усімі народамі Саюза: казахамі, эстонцамі, украінцамі... Далей, калі БССР стала самай русіфікаванай рэспублікай СССР, мову пакінулі як доказ легітымнасці.

Маўляў, калі мова — гэта нацыянальны код, то мы яго кантралюем. Бо ёсць, напрыклад, нейкія пісьменнікі, якія на ёй пішуць. Але пішуць тое, што трэба: маюць адпаведны калідор. І — адначасна — з’яўляюцца падкрэслена другасным прадуктам, бо Танк ці Шамякін «не роўня» Твардоўскаму ці Талстому (не важна, Аляксею або Льву).

Мова заставалася: яе ніхто не знішчаў пад корань. Нават машэраўскія скарачэнні беларускамоўных школаў — гэта «аптымізацыя». Маўляў, чалавека трэба рыхтаваць да службы ў войску, а пасля да фабрыкі, завода, ПТУ ці ВНУ — бо там усё па-расійску. Гэта хутчэй пра урбанізацыю, чым пра вайну з мовай на ўзроўні ідэі.

Мова як «чамадан без ручкі»

У часы Лукашэнкі пытанне ўскладнілася. Бо мова ўжо стала фактарам палітыкі. Вынік — не толькі рэпрэсіўныя меры, але і адсутнасць сваёй творчай інтэлігенцыі, якая нешта робіць па-беларуску. Бо ўся гэтая інтэлігенцыя — на варожым «бэнээфаўскім» баку: Быкаў, Барадулін, Гілевіч...

Атрымаўся тупік. Цалкам выкінуць мову на сметнік нельга, бо інакш і праект «Беларусь» трэба закрываць ды ўваходзіць у РФ шасцю губернямі. Але і развіваць ды заахвочваць — небяспечна.

Датычна мовы ўлады 30 гадоў не мелі ніякага плану: ані душыць, ані развіваць. Проста не ведалі, што з ёй рабіць. «Чамадан без ручкі».

Час-почас эксперты пішуць, што моўную карту Лукашэнка выкарыстоўвае як фактар блефу ў гульнях з Масквой. Маўляў, як што, мы тут падымем нейкі «нацыяналізм». Але карта — пустая. Бо русіфікацыя зайшла надта далёка, сфера ўжывання знішчаная. Нават пісьменна падпісаць па-беларуску шыльду з чатырма словамі па-беларуску — вялікая праблема.

Таблічка побач са скульптурай каля адрэстаўраванага ешыботу ў Валожыне. Падпісаць без памылак здолелі толькі па-руску і па-англійску. Фота тэлеграм-канала «Спадчына»

Ніякі «год мовы» ці «асаблівая ўвага да мовы і культуры» — не дапамогуць. Бо гэта — размовы пра мову без аніякага канкрэтнага выніку. Фундамент у выглядзе адукацыі — выбіты. Ніводнай ВНУ з беларускай мовай навучання не існуе. Ніякага кіно, музыкі... гэта і так вядома. Урэшце, кожны ўчастковы ведае, што калі чалавек перапісваецца ў мэсэнджарах па-беларуску — з ім нешта не так.

Мова — доказ таго, што «мы не яны»

Упэўнены, што да самага канца эпохі Лукашэнкі мову пад нуль ніхто вынішчаць не будзе. Роўна як і валіць помнікі Купалу ды Коласу.

Мова аказалася дэпазітам у сейфе, да якога ў іхнай адміністрацыі так і не змаглі падабраць ключ. Але і не выкінулі: знеслі ў цёмны падвал.

Пазітыўны момант тут толькі адзін. Калі мы ўсё ж пабудуем Беларусь 2.0, то акурат фактар мовы будзе найбольш пазнавальным маркерам «іншасці». Доказам таго, што «мы не яны», каб адгарадзіцца ад усяго, што было пры Лукашэнку. Бо там усё было па-расійску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)