Хаця насуперак папулярным спекуляцыям я не думаю, што Пуцін захоча скінуць Лукашэнку ці ўзяць Беларусь як суцяшальны прыз у кантэксце вайны супраць Украіны.
Класкоўскі: «Не думаю, што Пуцін захоча скінуць Лукашэнку ці ўзяць Беларусь як суцяшальны прыз»
Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандр Класкоўскі ў інтэрв’ю «Салідарнасці» – пра будучыню Беларусі ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны.
– У якой гістарычнай кропцы мы, на ваш погляд, знаходзімся? І ці гэта дно, пасля якога справы ў беларусаў будуць паляпшацца?
– На дне можна доўга знаходзіцца, не абавязкова пасля яго дасягнення адразу пачынаюцца паляпшэнні. Ну і потым беларускія ўлады за апошнія гады не аднойчы паказвалі, што яны ўмеюць прабіваць дно.
Калі коратка, рэжым набывае таталітарныя рысы. Плюс на даляглядзе прэзідэнцкія «выбары» 2025 года, па ўсіх сімптомах мы бачым, што яны будуць праведзеныя паводле жорсткага сцэнару з прэвентыўным застрашваннем, і, верагодна, з новымі пасадкамі.
Лукашэнка робіць пэўныя жэсты ў бок Захаду: найперш можна ўзгадаць пра ўжо чатыры хвалі вызвалення палітзняволеных. І Лукашэнка паабяцаў працягнуць практыку памілавання.
Але пакуль што гэтыя сігналы Захаду атрымліваюцца даволі слабымі, недастатковымі для таго, каб нейкі дыялог завязаўся. І гэты нядзіва, рэпрэсіі працягваюцца, а не сцішваюцца.
Рэзка ўзрасла залежнасць ад Расіі.
Па-першае, цяпер і ва Украіне Расія наступае, а, па-другое, мне здаецца, Крамлю больш выгадная фармальная кардонная незалежнасць Беларусі.
Калі захапіць краіну, гэта яшчэ больш адпудзіць іншых партнёраў, перш за ўсё постсавецкіх: глядзіце, як не выслужываўся Лукашэнка, усё роўна Расія падмяла Беларусь.
Мне здаецца, для расійскага кіраўніцтва больш выгадная стратэгія па высмоктванні беларускага суверэнітэту кропля за кропляй.
Дарэчы, ёсць пікантны нюанс: калі не стане Лукашэнкі, то Масква можа прасунуць на кіраўніцтва Беларуссю ўвогуле поўную марыянетку. Гэты парадокс нядаўна акрэсліў Зянон Пазняк. Відавочна, што момант адыходу Лукашэнкі ад улады можна справакаваць Крэмль на яшчэ большае падмінанне беларускага суверэнітэту.
– Многія звязваюць прыход пераменаў у Беларусь з заканчэннем вайны ва Украіне. Якім можа аказацца месца нашай краіны ў пасляваенным свеце?
– Па-першае, трэба шчыра прызнаць, што на сёння вайна кепска складаецца для Украіны. Задача па выхаду на межы 1991 года, якую доўга дэклараваў прэзідэнт Зяленскі, сёння, скажам наўпрост, выглядае нерэальнай. Ёсць праблемы са зброяй, ёсць вялікія праблемы з мабілізацыяй.
І той характар вайны, які навязала Расія, выглядае бесперспектыўным для Украіны. Таму што гэта вайна на знясільванне, а ўкраінцаў банальна ў фізічным плане меней, чым расіян. Прычым Крэмль сваіх салдат не шкадуе.
Да таго ж Захад схіляе сёння Украіну да перамоваў. Відавочна, што там стаміліся ад вайны, хаця рыторыка ў падтрымку Кіева працягваецца, але ў палітычных элітах і частцы электарату відавочна стома ад праблемы, ёсць жаданне, каб усё хутчэй скончылася.
Інакш кажучы Захад схіляе Украіну да замірэння плюс-мінус па лініі сённяшняга баявога судакранання. Калі такі варыянт будзе фармалізаваны і замацаваны, то гэта нядобра для дэмакратычных перспектываў Беларусі.
Усё ж доўгі час дэмакратычная супольнасць была настроеная на перамогу Украіны, на аслабленне Расіі, якой пры такім сцэнары стала б не да Беларусі. На сёння гэтыя планы выглядаюць нерэальнымі.
Канешне, бываюць чорныя лебядзі, нечаканыя павароты сюжэту – асабліва калі гаворка ідзе пра вайну. Але, мне здаецца, лепей глядзець на рэчы цвяроза. І калі казаць пра перспектывы дэмакратычных сіл, то варта не злоўжываць ультрарэвалюцыйнай рыторыкай, а настройвацца ў плане барацьбы за дэмакратычную перспектыву Беларусі на марафон.
Калі вяртацца да пытання пра пасляваенную пабудову свету, пра ўладкаванне сітуацыі ў рэгіёне, то Лукашэнка, канешне, хацеў бы ўлезці за стол перамоваў. Ён бачыць, што з Пуціным, як з гаспадаром ядзернай краіны, будуць дамаўляцца па паняццях і на больш-менш спрыяльных для Крамля ўмовах. Таму што Масква на сёння валодае ініцыятывай у вайне (Курская аперацыя па вялікім рахунку неспрыяльнага ходу вайны для Украіны не змяняе).
І калі з Пуціным Захад так ці іначай вымушаны будзе цацкацца, то Беларусь можа апынуцца ў пройгрышы. Многія заходнія палітыкі ўжо не разглядаюць яе і Лукашэнку як самастойнага палітычнага суб’екту, у іх вачах – гэта прыдатак Расіі.
А Пуцін на гэтых перамовах, напэўна, будзе найперш думаць пра свае імперскія інтарэсы, а не пра тое, як дагадзіць Лукашэнку. І гэтыя думкі правіцеля Беларусі з’ядаюць, нервуюць.
Не так даўно ад яго публічна прагучала: маўляў, беглыя і Літва хочуць выпісаць мне ордэр у Гаагу, каб перашкодзіць удзельнічаць у перамовах па Украіне.
– Лукашэнку ўжо 70, Пуціну – 72. Як вы лічыце, тое, што мы бачым, – няўжо гэта і ёсць план двух правіцеляў: трымаць уладу, пакуль гэта будзе дазваляць здароўе?
– Пуцін, на мой погляд, ужо ўвайшоў у ролю класічнага самадзержца Расіі. Не думаю, што ён уяўляе сябе пенсіянерам. Мяркуючы па ўсім, ён верыць у сваю богаабранасць. Як, дарэчы, і Лукашэнка («прэзідэнтам трэба нарадзіцца»).
Але калі Пуцін, напэўна, увогуле не думае ні пра які транзіт улады, то Лукашэнка ў свой час заварыў кашу з перарабленнем Канстытуцыі. Але пакуль запасны аэрадром у выглядзе Усебеларускага народнага сходу ён выкарыстоўваць не збіраецца. Мы ж бачым, што на сёння УНС – мёртвая інстытуцыя, ніякага варушэння там няма.
У Лукашэнкі пракрастынацыя. Думаю, ён сапраўды не бачыць нейкай вартай персоны, якой ён мог бы перадаць уладу. Лукашэнка і сам у гэтым вінаваты, бо атачыў сябе выканаўцамі, у яго вертыкалі палітычная самастойнасць, мякка кажучы, не вітаецца. Нікога з атачэння правіцеля нельга назваць чалавекам з сапраўдным палітычным досведам.
Думаю, Лукашэнка сапраўды баіцца, што якая-небудзь Качанава ці сын Віктар элементарна не справяцца, калі возьмуць яго лейцы.
А яшчэ прысутнічае вялікі дамешак боязі за сваю бяспеку ў фізічным плане і за бяспеку сваёй сям’і ў шырокім сэнсе. Шмат дроваў наламана, шмат ворагаў, шмат людзей, якія публічна кажуць пра неабходнасць пакарання за злачынствы. Да таго ж Лукашэнка бачыў няўдалы прыклад транзіту ўлады Назарбаевым у Казахстане, калі выбраны са сваіх новы прэзідэнт пачаў гнуць сваю лінію.
Таму Лукашэнка пракрастынуе, і ня выключана, што гэта будзе цягнуцца датуль, пакуль не здарыцца нешта кшталту сталінскага варыянту.
Працяг інтэрв’ю чытайце на «Салідарнасці» пазней.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное