Политика

Класкоўскі: «Ёсць варыянт, калі аўтарытарны тандэм Пуціна і Лукашэнкі будзе ў выйгрышы»

Ці нешта зменіцца ў грамадска-палітычным жыцці краіны пасля студзеньскіх «бязвыбараў»? Пра гэта разважае ў інтэрв’ю Польскаму радыё палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі

— З аднаго боку гэтыя так званыя выбары, ці, як праціўнікі рэжыму іх назвалі «бязвыбары», — пусты і ўжо абсалютна штучны імітацыйны рытуал. Загадзя было вядома, што пераможа Лукашэнка, аналітыкі, аглядальнікі, каментатары гадалі толькі, які ж вынік яму напіша Цэнтрвыбаркам. Ці наважыцца Лукашэнка пераўзысці леташні паказчык Пуціна, ці не захоча такім чынам злаваць «старэйшага брата».

У выніку трохі менш напісалі Лукашэнку, ці фактычны ён замовіў сабе меншую лічбу, чым у Пуціна, але ўпрытык, што называецца. Так што ў гэтым плане ўсё было зразумела, кампанія была абсалютна нецікавая.

Для мяне вось што сімптаматычна: у дзень выбараў найбольшую ўвагу шэрагу незалежных медыя прыцягнуў шпіц Умка, а не Лукашэнка, які прыйшоў на выбарчы ўчастак. То бок шпіц апынуўся больш яскравым, яркім ньюсмейкерам, чым ягоны гаспадар.

Але разам з тым казаць, што гэтыя выбары ці бязвыбары абсалютна ніякага значэння не маюць, таксама было б няправільна казаць.

Насамрэч, сітуацыя значна больш складаная, таму што, кладучы руку на сэрца, падзеі 2020 года пакрысе забываюцца, і нават тыя людзі, які тады выходзілі на пратэсты, і большасць з іх дасюль хоча перамен у Беларусі, яны ўсё ж не гараць нейкім умоўным рэвалюцыйным запалам. Бо і рэпрэсіі настолькі ўзнялі ўзровень страху ў грамадстве, што няма сэнсу ісці на самазабойчы крок і выходзіць на вуліцы.

А па-другое, жыццё адно, людзі хочуць жыць тут і цяпер. Таму цікавасць штабоў палітычнай эміграцыі, да іх заклікаў згасае.

І калі казаць пра заходніх палітыкаў, заходніх актараў, то, канешне, яны рэзка не перарвуць кантакты з той жа Ціханоўскай, але я думаю, што пакрысе ўзровень гэтых кантактаў будзе паніжацца.

Лукашэнка невыпадкова паўтарае гэты рэфрэн, што трэба перагарнуць старонку, ён не збіраецца ісці на вялікія саступкі Захаду, хаця, як мы бачым, пакрысе вызваляе палітзняволеных, нейкія сігналы пасылае.

У яго былі спадзевы на тое, што з прыходам Трампа да ўлады, ЗША пяройдзе на рэал-палітык, то бок хоцькі-няхоцькі будуць мець справу з тым, хто сапраўды трымае ўладу ў краіне. Тым больш відавочна ўжо, што і Захад стаміўся ад падтрымкі Украіны, хоча хутчэйшага замірэння.

І шэраг аналітыкаў кажуць, што Трамп і Пуцін могуць заключыць нешта кшталту новага Ялцінскага пагаднення, падзеляць свет на сферы ўплыву. Гэта не абавязкова так адбудзецца, але ёсць такая небяспека. І ў гэтым выпадку аўтарытарны тандэм Пуціна і Лукашэнкі атрымае пэўны выйгрыш.

Тая ж Еўропа будзе вымушана лічыцца з новымі рэаліямі, з новым раскладам.

— Негатыўны сцэнар для Беларусі.

— Ну, бачыце, некаторы час праціўнікі Лукашэнкі, выціснутыя ў эміграцыю, рабілі стаўку на сілавы сцэнар. Ва ўсякім разе была папулярнай ідэя, што Украіна прынясе паразу Расіі, Полк Кліноўскага стане ядром нейкай вызвольнай арміі, якая пераможным маршам пойдзе на Мінск.

Але мы бачым, што на франтах гэтай вайны сітуацыя складваецца не на карысць Украіны. Пуцінскія войскі наступаюць, а ён хоча да перамоў максімальна ўмацаваць свае пазіцыі. І тут гаворка ідзе ўжо пра тое, каб хаця б не было капітуляцыі Украіны.

Адпаведна варыянт, што нейкая вонкавая ўзброеная сіла прыйдзе на беларускую тэрыторыю і скіне гэты рэжым, сёння становіцца зусім прывідным.

Што тычацца сітуацыі ўнутры краіны, то ўсе гайкі тут заціснутыя, масавыя пратэсты сёння немагчымыя. Бязвыбары знешне прайшлі гладка, ціха.

Дарэчы, гэта ж яшчэ адзін чыннік для Захаду пакрысе аднаўляць стасункі з рэжымам. Таму, што ў 2020-м годзе былі пратэсты, была брутальнасць сілавікоў, а цяпер ніякай канкурэнцыі не было, псеўдасупернікі Лукашэнкі выглядалі палітычнымі пігмеямі, дробнымі фігурамі, нікога дручкамі не білі.

І таму нейкіх вялікіх зачэпак, каб абурацца, у Захаду няма. Так, што сітуацыя і перспектыва сапраўды вымалёўваецца для Беларусі не вельмі.

А што тычыцца залежнасці ад Расіі, то Лукашэнка і так яе ўзмацніў да катастрафічных маштабаў. Бо ў 2020-м у яго быў выбар: або адысці ад улады, або захаваць крэсла. Ён абраў варыянт бухнуцца ў ножкі Пуціну, і, канешне, за гэтую падтрымку Масква забірае кавалкі суверэнітэту. Плюс, саўдзел у  агрэсіі супраць Украіны, санкцыі  яшчэ мацней прывязалі эканоміку, рэжым Лукашэнкі да Расіі.

Тут працуе цэлы шэраг чыннікаў. Але хачу адзначыць, што Трамп непрадказальны. І калі па-добраму з Пуціным у яго не атрымаецца, ён можа скарыстаць жорсткія захады.

Мы бачым, як цяпер ён выкручваў рукі кіраўнікам некаторых краін — свежы прыклад з Калумбіяй. Ён ламае праз калена гэтых нібыта ўпартых аўтарытарных лідараў. Так што ціск на Расію можа быць праз калена, калі не зварыць кашу з Пуціным. І тады, адпаведна, усе падзеі могуць разгортвацца зусім па іншым сцэнары.

— Яшчэ адно пытанне, якое тычыцца настрояў у грамадстве. Некаторыя даследчыкі агучылі вынікі апытанняў, праведзеных у Беларусі наконт таго, як людзі ўспрымаюць Лукашэнку, як ставяцца да  афіцыйных уладаў. Прагучалі фармуліроўкі, што грамадства перагарнула старонку.

Як мяркуеце, ці людзі сапраўды забыліся на тыя падзеі, пачалі жыць з новага аркуша, а Лукашэнку бачаць як нармальнага кіраўніка дзяржавы.

— Я думаю, што людзей, якія хочуць дэмакратычных перамен, у Беларусі застаецца даволі шмат. Дручкамі можна запалохаць, але наўрадці можна прымусіць палюбіць гэты рэжым. Іншая справа, што палітычнай актыўнасці сёння няма, людзі не бачаць магчымасцяў, каб рэжым разваліўся. Сітуацыя такая — супраць лому няма прыёму.

Таму людзі, не змяняючы сваіх поглядаў, проста кладуцца на дно, так бы мовіць, сыходзяць у нейкую бытавуху, штодзённае жыццё. Жыць трэба тут і цяпер, і гэта натуральная філасофія, камікадзэ ні ў Беларусі, ні ў іншых краінах не так і шмат.

Пасіянарыі складаюць невялікі адсотак у любым грамадстве. Так што не зусім перагорнута старонка, пытанне змены рэжыму для многіх проста адкладзена на няпэўную перспектыву. Некалі складзецца комплекс умоў, будзе кумулятыўны эфект чыннікаў, якія адкрыюць акно для перамен. І адразу стане бачна, што шмат хто гатовы дзейнічаць у такім кірунку.

Што тычыцца сацыялогіі, я думаю, пэўныя тэндэнцыі яна адлюстроўвае, бо Лукашэнка спрытна гуляе закладзенай у гены беларуса формулай «абы не было б вайны», і прапаганда ўсё ж дзейнічае, і тое, што беларускія салдаты на гэтым украінскім фронце не гінуць, для многіх сапраўды мае істотнае значэнне.

Але яшчэ адзін момант я хацеў бы адзначыць. Самі даследчыкі кажуць, што чыннік страху настолькі вялікі, што ён можа істотна скажаць вынікі апытанняў.

Разважаючы пра рэпрэсіі, Аляксандр Класкоўскі выказаў думку, што многае будзе залежаць ад таго, ці пашэнціць Лукашэнку завязаць нейкі дыялог з Захадам:

«Ён сігналы падае, пакрысе выпускае палітвязняў. Калі будзе нейкі водгук, то ён падтрымае гульню ў адкручванне гаек, нейкае змякчэнне рэжыму. Калі Захад не адреагуе, гэта рэпрэсіўная сцяна застанецца высокай і праламаць яе не ўдасца.

Могуць быць манеўры ў вузкім калідоры, але глабальных зрухаў, як гэта было перад 2020-м годам, напрыклад, Лукашэнка практыкаваць не стане.

Ён ужо на гэтым апёкся, пабачыў, як шмат людзей хочуць ягонага зыходу. І ён разумее, што пратэст схаваны, але нікуды не падзеўся, настроі застаюцца. Невыпадкова раз-пораз гучыць рэфрэн у Лукашэнкі «я ведаю, многія схаваліся пад плінтусам».

— Ці бачыце вы магчымым развіццё адносінаў з Захадам. Тым больш гэта ў інтарэсах Беларусі, я маю на ўвазе краіну, грамадства. Афіцыйны Мінск таксама зацікаўлены.

— Як я ўжо адзначаў, шмат што будзе залежаць ад таго, ці знойдуць некі кампраміс,  паразуменне Трамп і Пуцін. Пакуль што мы бачым, што Трамп да Еўропы ставіцца  зняважліва. І, як Лукашэнка сказаў у сваім вульгарным стылі, Трамп яшчэ паставіць Еўропу ў позу. Хоць гэта груба гучыць, але сапраўды, калі Амерыка возьме гэтую лінію рэал-палітык у дачыненні да Расіі, то Еўропе цяжка будзе.

І тады ў Лукашэнкі таксама з'явяцца шанцы неяк прадэманстраваць сваю палітычную суб'ектнасць, у прыватнасці, патрапіць за стол перамоў па Украіне.

Агулам сітуацыя нявызначаная, бо з аднаго боку працягваецца ранейшая рыторыка, ужо  з'явіліся рэзалюцыі Еўрапарламента, палітычных структур з асуджэннем і непрызнаннем бязвыбараў беларускіх. Але разам з тым ідуць размовы пра тое, што, можа быць, некаторыя заходнія краіны пачнуць амбасадараў вяртаць у Мінск, што можа паспрыяць вызваленню палітвязняў.

І не толькі ў гэтым пытанні, бізнес заходні, значная частка электарату стаміліся ад санкцый, яны бачаць, што гэта бумеранг, які б'е і па іх эканоміках, па іх сацыяльных праграмах.

Лукашэнка на гэта спадзяецца, а я думаю, што прагматычны падыход пакрысе будзе прабіваць сваю дарогу.

Ёсць жа, напрыклад, Азербайджан, там таксама няма дэмакратыі, ёсць палітвязні, але Захад мае з ім справу. Казахстан таксама не дэмакратычная дзяржава, адносіны ёсць і з ЗША, і з краінамі Еўрасаюза. Лукашэнка таксама спадзяецца, відаць, ускочыць у гэты пул аўтарытарных кіраўнікоў, з існаваннем якіх Захад у пэўнай ступені мусіць мірыцца.