Кобец: Чаму рэжым Лукашэнкі зноў раскручвае тэму «нападу на Беларусь»

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра ISANS Уладзіслаў Кобец — пра новыя сцверджанні прапаганды.

Днямі дзяржаўная прапаганда выпусціла чарговы сюжэт пра тое, што Беларусь хочуць захапіць «варожыя сілы» з заходняга накірунку, каб рукамі добраахвотнікаў Палка Каліноўскага нібыта сарваць «выбары». Тэма імавернага нападу і захопу перыядычна ўздымаецца рэжымам Лукашэнкі — а чаму на гэты раз?

— Дынаміка падзей зразумелая, — адзначае Уладзіслаў Кобец у эфіры Еўрарадыё. — Мы бачым, што Расія імкнецца заняць як мага больш тэрыторыі Украіны да інаўгурацыі новага прэзідэнта ў Штатах, у чаканні перамоваў, пра якія гавораць. Невядома, калі яны будуць, як і дзе, але Расія да гэтага рыхтуецца.

Рыхтуецца таксама і рэжым у Мінску, таму Лукашэнка пасунуў «выбары» на месяц наперад, каб акурат праз тыдзень пасля інаўгурацыі Трампа ўжо мець, так скажам, свежы мандат на 5 гадоў.

І імкнучыся закрыць тэму 2020 года, рыхтуюцца да новых падзей і падвышаюць стаўкі. Таму такія фільмы разлічаныя на ўнутраную аўдыторыю: аўтарамі ці замоўцамі мяркуецца, што гэта будзе дазваляць абгрунтоўваць пэўныя рэчы, эскалацыю.

Уладзіслаў Кобец згадаў таксама пра тактычную ядзерную зброю, якую дагэтуль ніхто не бачыў у Беларусі — і не выключыў, што яна ўсё ж з’явіцца ў нашай краіне ў наступным годзе, бо гэта таксама падвышае стаўкі.

Што да чарговага прапагандысцкага фільма, аналітык называе яго лухтой:

— У суседніх краінах усе разумеюць, што ніхто не дазволіць іншаземным групоўкам, спартыўным клубам, пайсці праз мяжу. Тое ж самае тычыцца «каліноўцаў», каторых у Беларусі ўжо абвясцілі «тэрарыстамі», каб уздзейнічаць на сваякоў — гэта беларусы, якія маюць кантракты з украінскай арміяй.

А ва Украіне ніякага запыту на адкрыццё яшчэ аднаго фронту на поўначы ніколі не было і няма. І партнёры Кіева, што дапамагаюць Украіне зброяй і рэсурсамі, — першыя, хто скажа: што вы сабе надумалі?

<Заявы аб нападзе> — гэта лухта, зразумела, што ні з Літвы, ні з Польшчы, ні з Украіны ніхто не збіраецца нікуды ўваходзіць. Палітыка НАТА, як мы ведаем, увогуле абарончая, стырмліваючая. І ўсё, што робіцца зараз з гэтага боку мяжы, крычыць аб абароне: для нападу фартыфікацыі не будуюцца, а здымаюцца мінныя палі і калючы дрот.

Дый сістэмы супрацьракетнай абароны, якія пастаўлены на паўночным усходзе Польшчы — таксама не для нападу, а супраць так званых «Арэшнікаў».

Усе сцвярджэнні пра напад — наратыў на ўнутраную публіку, для таго, каб потым абгрунтоўваць непапулярныя ў народзе крокі.

А вось выказванні Лукашэнкі пра ядзерную зброю, якая ці ёсць, ці няма на тэрыторыі Беларусі — гэта ўжо меседжы для Захаду, дадае аналітык, бо суседнія краіны гэтая тэма непакоіць.

— Насамрэч не так шмат на што ўплывае – знаходжанне самой зброі на тэрыторыі Беларусі, — лічыць Кобец. — І абсалютна ясна, што ў руках Лукашэнкі яна не можа быць. Прынамсі мы бачым, што Расія пакуль што прытрымліваецца міжнародных пагадненняў. І абсалютна незразумелая логіка, чаму б Пуціну даваць ядзерную дубінку Лукашэнку, які залежыць ад Расіі — то бок, даваць такі аргумент, якім ён, канешне, скарыстаецца.

Былі паказушныя рэчы, як прыход цягніка з вагонам, тып якога сапраўды адпавядае канструкцыям для транспарціроўкі тактычнай ядзернай зброі. Але ніхто не бачыў, каб адтуль нешта выгружалася, не было падрыхтавана ніякіх пляцовак для захоўвання, ізноў жа, няма спецсувязі, адпаведных сістэм, няма нарматыўнай базы.

Зараз мы бачым, што рухі ў гэтым кірунку пайшлі. І тэма пра тое, што на Беларусь рыхтуецца напад, фактычна, з усёй перыферыі, можа быць прыдатнай для таго, каб абгрунтаваць, што вось мы ядзерную зброю прывезлі. Але яна будзе расійскай, пад расійскім кіраваннем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(11)