Мінулае ж, якое бачаць па тэлебачанні, па фільмах, музыцы, расповедах бацькоў — старэйшага пакалення, для якога цалкам натуральна ўспамінаць сваю маладосць як найлепшы час — успрымаецца іншым і светлым. І гэта таксама падсілкоўвае псеўданастальгію па СССР.
Коршунаў: «Атрымоўваецца такі дзіўны кентаўр, якога незразумела, як назваць і як на ім ехаць»
Сацыёлаг — аб тым, чаму ў Расеі лічаць «залатым векам» савецкае мінулае, а ў беларускіх уладаў згуляць на настальгіі не атрымаецца.
Днямі расейскі фонд «Грамадскае меркаванне» апублікаваў вынікі апытання, якое праводзілася ў снежні-2022, да 100-годдзя Савецкага Саюза. 80% апытаных назвалі тую эпоху «добрым часам», а 63% расіян шкадуюць аб распадзе СССР (і гэта, дарэчы, найвялікшы паказчык за апошнія 15 гадоў).
Пры тым, мяркуючы па звестках Расстату, фактычна палова сённяшняга насельніцтва РФ народжаная пасля 1981 года, то-бок, Савецкі Саюз не помніць ці помніць зусім мала. Тады чым тлумачыцца гэты ўсплёск настальгіі — крамлёўскім ідэолагам і прапагагдыстам удалося навязаць расіянам «штучную памяць»?
— Насамрэч тут вялікага здзіўлення няма, — тлумачыць у інтэрв’ю Филину старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, незалежны сацыёлаг Генадзь Коршунаў. — Бо гэта адзін з феноменаў такога кшталту, які можна назваць «сум па залатым веку», і ён зусім не рэдкі.
Людзі, не задаволеныя тым, што ёсць тут і зараз, шукаюць іншае выйсце. І можна скіроўвацца наперад: маўляў, сёння дрэнна, але мы пабудуем тым ці іншым чынам светлую будучыню — і адчуванне будучых перспектыў выратоўвае. Альбо наадварот, калі няма прапановы, што будаваць, то людзі кажуць: «Вось раней было добра, лепей, чым цяпер», і трава зелянейшая і г.д.
Карані настальгіі па Савецкім Саюзе, думаю, палягаюць менавіта тут.
— Атрымліваецца пэўны парадокс: тыя, хто будавалі сацыялізм і камунізм ва ўсім свеце, спадзяваліся, што добра будзе заўтра — а цяпер большасць расіян лічаць, што добра было ўчора. Як, на вашу думку, наогул стала магчымым аднаўленне «саюзнай» настальгіі, калі ў першыя гады незалежнасці такую тугу і ўявіць было складана?
— Тут таксама парадоксаў няма. Калі паглядзець на Расію 90-х, там сапраўды быў рамантычны ўздым, была надзея на тое, што атрымаецца пабудаваць новую дзяржаву — гаворка якраз пра тую перспектыву будучыні, якая дапамагае жыць, працаваць і спадзявацца зараз.
Цяпер жа, гледзячы на думкі расіян наконт 90-х, прасочваем вельмі шмат ідэй аб тым, што іх падманулі і замест адбудовы дэмакратыі ўсё раскралі і пабудавалі зусім іншае. Ёсць татальны негатыў і незадаволенасць актуальным часам: бядноццем і нішчыміцай, алігархатам, карупцыяй.
Выбудоўваецца карцінка, быццам у СССР названых вышэй хібаў не было, не было таго, што зараз больш за ўсё муляе — таму гэта «залаты час» таннай каўбасы, смачнага пламбіру і справядліва выбудаванага грамадства.
Прычым гаворка, зазначае Генадзь Коршунаў, ідзе хутчэй не пра жаданне аднавіць СССР як эканамічны, сацыяльна-палітычны, ваенны феномен, як дзяржаву. Не, цяперашняя настальгія — «прадукт незадаволенасці тым, што ёсць зараз».
У снежні 2021-га, прыгадвае эксперт, сумесна з «Радыё Св*бода» ладзіўся круглы стол з калегамі з Расіі і Украіны. Тады прадстаўнікі расейскага «Левада-цэнтру» расказвалі, што настальгія па СССР і шкадаванне аб яго распадзе ў апошнія гады практычна не мяняліся ў лічбавым вымярэнні — і вагаліся ў дыяпазоне ад 60% да 66%, то-бок, гэта не феномен 2022 года.
Што да Украіны, яшчэ перад вайной настальгія па Савецкім Саюзе там была досыць высокай — сумавалі па ім пад траціну апытаных (а сярод рэспандэнтаў ва ўзросце 75+ — больш за 80%). Але ў 2022 годзе, паводле даследавання групы «Рэйтынг», 87% насельніцтва не шкадавалі аб распадзе СССР.
У Беларусі, калі параўноўваць з Расеяй і Украінай, былі найменшыя паказальнікі падобнай тугі па Саюзе, дадае Генадзь Коршунаў.
— Сённяшнія беларускія ўлады таксама шмат у чым скіраваныя ў мінулае і рэканструююць яго фрагменты. Але, з іншага боку, мы бліжэй да Еўропы, беларусы там часцей бывалі і нямала бачылі, каб бяздумна верыць у перавагі савецкага над «загніваючым капіталізмам». Ці рызыкуе і Беларусь трапіць у гэтую хвалю настальгіі, цi ўсё ж не атрымаецца аднавіць савецкую ідэалогію?
— Наўрад ці атрымаецца, як мне падаецца. Таму што, калі казаць пра беларускія сацыялагічныя дадзеныя, яшчэ на пачатку нулявых колькасць тых, хто сумаваў па Саветах, была меншай, чым тых, хто не хацеў бы яго ўзнаўлення. А пасля 2010-х доля тых, хто жадаў бы вяртання Савецкага Саюза, вагалася на ўзроўні 20-25%. Гэта няшмат.
У 2015 годзе Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі праводзіў цікавае даследаванне па ідэнтычнасцях — з кім людзі сябе асацыююць, кім сябе лічаць. Савецкая ідэнтычнасць не ўвайшла ў дзясятку самых распаўсюджаных, але каля 18% адказалі, што лічаць сябе савецкімі люзьмі.
Хутчэй за ўсё, зараз людзей, для каго працуе такая савецкая матрыца самаасэнсавання, яшчэ меней. Проста з натуральных прычын, бо дамінуючая сацыяльная група носьбітаў гэтых каштоўнасцяў — пераважна старэйшага ўзросту.
Ідэалагічных чыннікаў для таго, каб савецкая настальгія прасоўвалася ў Беларусі, насамрэч няшмат, мяркуе аналітык. У РФ, як спадкаеміцы і СССР, і Расейскай імперыі, гэты наратыў, падмацаваны вялізнай прапагандысцкай машынай, працуе эфектыўна.
— А ў нас нават рэжым Лукашэнкі, хоць шмат чаго бярэ з савецкіх практык, але сваёй ідэалогіі дасюль не мае. І нават шчыра сказаць «мы б хацелі выбудаваць Савецкую Беларусію», што яны і робяць насамрэч, улады не могуць.
Сёння яны кажуць пра тое, што трэба браць лепшае з савецкага досведу. Але мы памятаем, што і Лукашэнку, і ягонай прапагандзе, каб змяніць вектар, шмат часу не трэба. І літаральна праз хвіліну яны ўжо гавораць пра еўрапейскасць, пра тое, што гісторыя беларускай дзяржаўнасці сягае да Полацкага княства.
Моцнай ідэалогіі, якая б прасоўвала менавіта ідэю ўзнаўлення СССР, у беларускага рэжыму няма. І не будзе, бо гэта будзе азначаць адмену права рэжыму на суверэнітэт у Беларусі. Не беларускага суверэнітэту як дзяржавы, а менавіта права рэжыму кіраваць Беларуссю асобна ад Масквы.
Ад такога падпарадкавання Лукашэнка, зразумела, будзе адпіхвацца ўсімі нагамі, і менавіта праз гэта не дэкларуецца шчыра савецкая ідэалогія. Атрымоўваецца такі дзіўны кентаўр, якога незразумела, як назваць і як на ім ехаць.
Читайте еще
Избранное