Филин

Юлія Кот

Коршунаў: «Сувязі, нават сяброўскія, пакрысе пачынаюць слабець — бо рознай становіцца паўсядзённасць»

Розная паўсядзённасць, неспраўджаныя чаканні і рэжым выжывання. Што яшчэ падзяляе беларусаў у краіне і за яе межамі. І пры чым тут феномен інстаграма.

Пасля 2020 года беларусы не страцілі прагі да перамен у краіне, аднак шлях іх дасягнення знутры і звонку краіны бачыцца розным, а некаторыя рэчы ў бягучай рэальнасці — наогул немагчымымі. Што сталася з нашай салідарнасцю праз час, ці моцна беларускія актывісты замежжа і беларусы ўнутры краіны разыходзяцца ў поглядах і па якіх пазіцыях страчваюць паразуменне?

Адказы на гэтыя пытанні шукалі аўтары даследавання «Лініі канфліктнасці сярод беларускіх прадэмакратычных актывістаў» — «тымі, хто з’ехаў» і «тымі, хто застаўся». Филин паслухаў высновы даследчыкаў і распавядае пра галоўныя.

Арганізатарам праекту выступіла публічная ўстанова «Формула чалавечнасці», створаная летась у Вільнюсе дзеля судзеяння прымірэнню і аб'яднанню канфліктуючых груп грамадства.

У межах даследавання ў сакавіку-красавіку 2024 года было праведзена 30 глыбінных інтэрв’ю ў Беларусі, Польшчы і Літве. Такім чынам, выбарка не прэтэндуе на адлюстраванне вялікіх трэндаў у настроях беларусаў паабапал дзяржаўнай мяжы, аднак дае ўяўленне аб прычынах падзелу.

— Мы сыходзілі з таго, што ў 2020 годзе было адчуванне еднасці, салідарнасці ў беларускім грамадстве, — гаворыць адзін з аўтараў даследавання, кандыдат сацыялагічных навук Генадзь Коршунаў. — Але ж гэтае адчуванне не можа доўжыцца бясконца: салідарнасць альбо дэградуе на ўзровень атамізацыі, альбо расколваецца на варожыя лагеры, альбо формуе новую ідэнтычнасць.

Ранейшыя даследаванні ў гэтай сферы даюць падставы лічыць, што на сёння сярод пэўных груп беларускага дэмакратычнага руху ёсць пэўнае напружанне. Але на грунце чаго гэтая напруга ўзнікае, паміж кім, як адчуваецца гэтае раздзяленне?

Што нас яднае

Насамрэч, зазначае Генадзь Коршунаў, аб’ядноўваючых момантаў у беларусаў нямала. Перадусім, успрыманне сябе беларусамі, нязгода на тое, каб быць зноў «паўночна-заходнім краем» імперыі, стаўленне да вайны ва Украіне і саўдзелу рэжыму ў расейскай агрэсіі.

Дадамо ў скарбонку еднасці незадаволенасць цяперашняй сітуацыяй, непрыманне гвалту і рэжыму Лукашэнкі, жаданне вызваліць палітвязняў, прынцыповую ўстаноўку на перамены ў Беларусі — і веру ў тое, што рэвалюцыя 2020 года, у тым ліку яе ахвяры, была не дарма.

Лініі дэмаркацыі

Іх таксама хапае. Так, з цягам часу змяняецца ацэнка падзей 2020 года, пачынаюцца спрэчкі: ці мог перамагчы мірны пратэст, ці патрэбны быў сілавы сцэнар, які не адбыўся?

Па-рознаму беларусы знутры і звонку краіны ставяцца да пытанняў санкцый, магчымасці перамоў з рэжымам ці супраціву яму. Плюс непаразуменні, напрыклад, паміж «старой» і «новай» дыяспарай, падзел па моўным пытанні, супярэчнасці паміж прыхільнікамі розных палітычных сіл.

Зрэшты, для людзей у Беларусі падзел з прычын палітычных пераваг выглядае менш значным, кшталту «камунальных разборак», не вельмі важных для будучыні. Спрэчкі пра меры супраціву рэжыму для іх таксама малазначныя — бо не бачна ніякай рэальнай стратэгіі гэтага супраціву.

Затое патэнцыйна бачацца праблемай стасункі з людзьмі, хто не з’яўляецца прыхільнікам Крамля, але звязаны з Расіяй — праз вучобу, працу, бізнес і г.д.

Абапал мяжы

Саму па сабе дзяржаўную мяжу беларусы не лічаць нагодай для канфлікту. А вось усё большае павелічэнне дыстанцыі паміж «тымі, хто з’ехаў» і «тымі, хто застаўся» людзі бачаць, усведамляюць, і гэта іх хвалюе.

І калі ў міжасабовых стасунках, асабліва з роднымі і сябрамі, беларусы стараюцца захоўваць паразуменне, то агулам беларусы замежжа і беларусы ў Беларусі гэты разрыў адчуваюць моцна.

Пра падзел кажуць са шкадаваннем, але, на жаль, і з усведамленнем, што гэты працэс натуральны. Сувязі, нават сяброўскія, пакрысе пачынаюць слабець — бо рознай становіцца паўсядзённасць.

Да таго ж і беларускія ўлады імкнуцца штучна павялічыць дыстанцыю, крыміналізуючы салідарнасць беларусаў замежжа і беларусаў у Беларусі, узмацняючы падзел па інфармацыйным спажыванні, бо ўсё больш кантэнту прызнаецца «экстрэмісцкім». Таму пытанне бяспекі, якую часам менш кантралююць людзі звонку краіны, робіцца ўсё больш балючым.

Акрамя таго, зазначае аналітык, узмацняюць непаразуменне суб’ектыўныя прычыны: розны досвед выжывання ў траўмуючых умовах, узаемныя няспраўджаныя чаканні і крыўды, успрыманне ад’езду — як здрадніцтва і ўладкаванне свайго жыцця, а рашэння застацца ў краіне — як маўклівай згоды і «калабарацыянізму». Прычым часта гэта не рэальныя прэтэнзіі, а рэканструкцыя — уяўленне людзей пра тое, што думаюць пра іх іншыя.

— Я б адзначыў тут «феномен інстаграма»: як сказала адна рэспандэнтка з Польшчы, «у сетачках жа ніхто не посціць, што каб выжыць, трэба выкладацца на трох працах». А праз гэтую карцінку і нястачу ведаў пра тыя праблемы, якія нашым сябрам даводзіцца вырашаць, — тыя, хто з’ехалі, зайздросцяць тым, хто застаўся ў Беларусі, тыя, хто застаўся — зайздросцяць тым, хто з’ехаў, — дадае Генадзь Коршунаў.

Што з гэтым рабіць

Каб не дапусціць нарастання адчужэння і захаваць узаемапаразуменне, лічыць сацыёлаг, — трэба вучыцца размаўляць і чуць адно аднога, не шукаючы «ворагаў», паважліва, без раздачы цэтлікаў і гераізацыі альбо стыгматызацыі рашэння з’ехаць альбо застацца.

— Дыялог мусіць быць не толькі ў анлайне, трэба шукаць і бяспечныя афлайнавыя пляцоўкі. І не толькі ладзіць размовы (прычым з улікам таго, што беларусы ў Беларусі не могуць публічна выказваць свае меркаванні, а праз гэта і беларусы замежжа паступова губляюць адэкватнае ўспрыманне сітуацыі ў краіне). Тое, чаго нам часцяком не хапае — назапашванне выпрацаваных сэнсаў, якія мусяць складацца ў агульнае бачанне супольнай будучыні, — падкрэслівае сацыёлаг.

— А што наконт феномену «стомленасці ад палітыкі», па вашых назіраннях, з якога боку мяжы ён адчуваецца больш моцна? — cпытаў Филин.

— Наконт пераважнасці па розныя бакі мяжы не адкажу, але згодны, што такая стомленасць ёсць. І тут працуе шэраг фактараў.

Па-першае — гэта сусветная тэндэнцыя. Пасля падзей 2020-2021 году, пасля пачатку вайны ва Украіне псіхіка не можа заставацца ў пастаянным узроўні напругі. Чалавек проста зламаецца, гэта тое, што мы называем «выгараннем». Таму падзенне цікавасці да палітычных тэм будзе.

Яшчэ адзін фактар, які асабліва моцна праявіўся ў адказах рэспандэнтаў з Беларусі — яны кажуць: мы можам глядзець гэтыя навіны, але зараз незразумела, для чаго.

Няма магчымасцяў праявіць нешта, што мела б вынік. Таму людзі сыходзяць у рэжым самазахавання. Па магчымасці, нарошчваюць кампетэнцыі, захоўваюць гарызантальныя сувязі, дзейнічаюць на ўзроўні арганізацый — але гэта ніякім чынам не выходзіць у інфармацыйную прастору, проста з меркаванняў бяспекі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(6)