Красулін: «У некаторых ёсць упэўненасць, што калі б мы ў 2020 годзе ўзялі ў рукі зброю, абавязкова б перамаглі рэжым»

Гісторык Яўген Красулін — пра наступствы гвалтоўных метадаў у палітыцы.

— Апошнім часам да метадаў, якія прымяняюцца для змены палітычных рэжымаў, пачалі прымяняць навуковыя падыходы, і даследчыкі прыйшлі да высновы, што ў пераважнай большасці змен рэжымаў негвалтоўныя дзеянні прыводзяць да пазітыўных пераменаў, а гвалтоўныя — да негатыўных. І як гісторык, я не магу з гэтым не пагадзіцца, — адзначыў Яўген Красулін на Еўрарадыё. — Зараз шмат хто выказвае меркаванне, што беларусы павінны зрабіць працу над памылкамі 2020 года, што мы штосьці рабілі не так, трэба было ўзяць у рукі зброю.

Яўген Красулін

Гісторык спрабуе адказаць на адно з самых балючых пытанняў, якія паўстаюць падчас асэнсавання падзей, якія адбыліся чатыры гады таму: наколькі мы сапраўды маглі выкарыстаць сілу, каб гэта прывяло для падзення рэжыму, ці былі фактары, якія маглі ў такім выпадку адыграць для нас станоўчую ролю?

— У некаторых ёсць упэўненасць, што калі б мы ўзялі ў рукі зброю, мы б абавязкова перамаглі рэжым. Але народ быў абсалютна не гатовы да зброі, і гэта я хутчэй расцэньваю як пазітыўны момант.

Другое пытанне, дзе ўзяць зброю. У чыімсьці ўяўленні яна проста валялася пад нагамі, была недзе прыхавана. Гэта не так. Далей, нават калі б людзі і знайшлі зброю, паўстала б пытанне арганізацыі. Бо ў выніку неарганізаваныя атрады пратэстоўцаў сустрэліся б з арганізаваным войскам.

І тое б абавязкова пачало прымяняць больш цяжкую зброю, як тое адбывалася заўжды. Супраць авіяцыі і буйнакаліберных кулямётаў наўрад ці мы што-небудзь здолелі б зрабіць.

Яшчэ адзін фактар, які неабходны, каб дасягнуць перамогі ў процістаянні — гэта раскол элітаў.

Калі зноў-такі звярнуцца да статыстычных метадаў аналізу гвалтоўных і негвалтоўных пратэстаў, ёсць сцвярджэнне, што калі ў мірных пратэстах удзельнічае 3,5% насельніцтва, яны перамагаюць.

Па тэорыі некаторых даследаванняў, такая колькасць прыводзіць да расколу элітаў. Яны бачаць, што насельніцтва супраць іх. А насельніцтва — гэта галоўная крыніца дабрабыту дзяржавы, галоўны рэсурс, у тым ліку палітычнай мадэлі.

Але ў Беларусі, дзе на вуліцах выйшла значна больш за 3,5% насельніцтва, гэтага аказалася недастаткова.

Беларусы сапраўды выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі, ён нават на сходзе адабраных рабочых пачуў вось гэтае «Уходи!». Для элітаў гэта адназначны сігнал, што гэта канец, што перспектываў у рэжыму Лукашэнкі няма, трэба пераходзіць на бок народу.

І ўсё ж гэтага расколу не адбылося, дакладней, ён адбыўся, але вельмі часткова. Толькі частка элітаў перайшла на бок народу, — нагадвае гісторык.

Ён называе галоўны фактар, які стаў перашкодай для расколу элітаў, і аналізуе магчымыя наступствы.

— Той фактар ляжыць проста навідавоку — гэта Расія. Беларусы, выступіўшы супраць рэжыму Лукашэнкі, фактычна пазбавілі яго сваіх рэсурсаў.

Але нават калі б вайсковае кіраўніцтва перайшло на бок пратэстоўцаў, далей мы ўсё роўна ўпіраемся ў фактар Расіі, жадаем мы таго ці не.

У 2020 годзе мала хто звяртаў увагу на гэты фактар, дакладней, мала хто разумеў сапраўдную матывацыю расійскага кіраўніцтва. Была такая характэрная для беларусаў наіўнасць, што, можа, Расія ўстрымаецца, можа, яна не так зацікаўлена ў рэжыме Лукашэнкі і далей будзе спрабаваць будаваць адносіны з новым палітычным рэжымам Беларусі.

Не ўсе разумелі сапраўдную матывацыю цяперашняга расійскага кіраўніцтва і значнай часткі народу. Гэта аднаўленне імперыі. Імперыя — дзяржаватворная ідэя Расіі. І яна яе ажыццяўляе з 90-х гадоў.

Адзін з ключавых элементаў іх стратэгіі — Беларусь, самы блізкі саюзнік. І раптам ён выпадае з гэтага ланцугу — усё, ланцуг сыплецца. Ужо не мае сэнсу ісці ва Украіну, і на Паўднёвы Каўказ, і ў Цэнтральную Азію. Таму Беларусь ні ў якім разе нельга адпускаць.

І калі б вайсковае кіраўніцтва, беларускія генералы паспрабавалі б выступіць у абарону краіны супраць расійскай пагрозы, нагадаю, не так даўно міністр Лаўроў казаў, што яны б не толькі Расгвардыю, але і танкі б накіравалі ў Беларусь.

Не думаю, што ў беларускага войска было шмат рэсурсаў для таго, каб процістаяць гэтай расійскай навале. Мы бачым, што адбываецца ва Украіне. Яна з куды большымі матэрыяльнымі і чалавечымі рэсурсамі процістаіць, але не так, як бы нам хацелася.

Беларусы па выніках наогул атрымалі б даволі хуткую акупацыю краіны, а потым таксама атрымалі б поўнамаштабную вайну супраць Украіны, толькі са сваім прамым удзелам.

Бо гэтая акупацыя зняла б даволі шмат перашкодаў на шляху да прыцягнення беларускага войска да ўдзелу ў гэтай ганебнай кампаніі. Таму пра расійскі фактар нельга забываць, — падкрэсліў Красулін.

Ён дагэтуль лічыць, што адзіны шлях да змены рэжыму ў Беларусі — мірны пратэст, але адбыцца той можа толькі пры адной умове.

— Я перакананы, што ў 2020 годзе беларусы перамаглі. Прымаем мы гэта ці не, верым ці не, але перамога адбылася. Лукашэнку казалі «Сыходзь!», і ён пайшоў, а далей толькі Расія яго падтрымлівае.

Без яе, няма ніякіх сумневаў, рэжыму прыйшоў бы канец яшчэ ў 20-м. І думаць, што настроі беларусаў неяк змяніліся за гэтыя гады, што яны перагарнулі старонку, на мой погляд, няправільна.

Упэўнены, што Лукашэнка не будзе мець нейкую трываласць, седзячы на сваім троне, пасля таго, як з-пад яго сыдуць расійскія штыкі, на якіх ён сядзіць цяпер.

І тады, не думаю, што спатрэбіцца значная вайсковая сіла дзеля таго, каб усё змяніць, каб Лукашэнку адтуль скінуць. Мірны пратэст і мірныя метады, я лічу, будуць больш эфектыўнымі для будучыні.

Мы бачылі, што выбіванне падмурку ў выглядзе падтрымкі з боку Савецкага Саюза з-пад камуністычных і сацыялістычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе прывяло да таго, што яны проста пасыпаліся самі па сабе.

Як толькі пасыплецца Расія, няма ніякіх сумневаў, што мы паўторым паспяховы досвед і ўсходнееўрапейскіх краінаў, і краінаў Балтыі, — выказаў меркаванне Красулін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(10)