Латушка: «У крытычны момант так званыя эліты могуць быць тымі, хто затрымае Лукашэнку і выдасць яго міжнароднаму правасуддзю»
Кіраўнік НАУ — пра тое, наколькі «дзед раззлаваны» пазовам у Міжнародны крымінальны суд і чым рэжым Лукашэнкі можа адказаць.
Ці мае прэцэдэнты пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд на рэжым Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці, і якія палітычныя наступствы ён будзе мець? На гэтыя пытанні адказаў кіраўнік НАУ, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.
Абвінавачанні кіраўнікоў дзяржаў у злачынствах супраць чалавечнасці і раней разглядаліся ў Міжнародным крымінальным судзе — напрыклад, можна згадаць пазоў супраць былога рэзідэнта Кот’д’Івуар Ларана Гбагбо, супраць Муамара Кадафі, а таксама супраць Уладзіміра Пуціна.
У чым асаблівасць пазову супраць Лукашэнкі?
— Беспрэцэдэнтнасць у кантэксце таго, што гэта першы раз беларуская справа, у якой разглядаюцца тры віды злачынстваў: рэпрэсіі, здзекі, гвалт, катаванні, злачынствы дэпартацыі, пераслед беларусаў на тэрыторыі іншых краін, а таксама іншыя негуманныя акты аналагічнай жорсткасці, — зазначае Павел Латушка ў эфіры Свабода Premium. — Беспрэцэдэнтна тое, калі краіна-сябар Міжнароднага крымінальнага суду звяртаецца ў гэту інстанцыю ў кантэксце злачынстваў, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі краіны-не сябра МКС.
Важна адзначыць, што мы кажам пра трансгранічнае злачынства: людзі вымушаны пакідаць тэрыторыю краіны з-за атмасферы тэрору, кую стварае дзяржаўны апарат, вышэйшае палітычнае, ваеннае, праваахоўчае кіраўніцтва Беларус — і гэта ўжо ёсць дэпартацыяй грамадзянскага насельніцтва. Але ўлады на гэтым не спыняцца і пачынаюць пераслед беларусаў за межамі Беларусі. 3,5% беларусаў трапілі пад гэтае злачынства, і гэта значна больш, чым у кейсе М’янма-Бангладэш.
Як афіцыйны Мінск адрэагуе на цяперашнюю сітуацыю, калі пазоў пададзены, але яму яшчэ не далі ход — ці працягне кропкавы памілаванні, ці наадварот, раз’юшыцца і справакуе новы віток міграцыйнага крызісу ў дачыненні Літвы?
— Давайце адкажам на базавае пытанне: ці злачынства, якое здзяйсняецца вакол нас, у адносінах да нас, беларусаў, і злачынца, які стварыў сістэму гвалту і рэпрэсій, увогуле павінен панесці адказнасць? — разважае палітык. — Калі мы лічым, што гэта непатрэбна, бо ёсць рызыкі нейкіх дзеянняў з яго боку — ну, давайце спынімся і не будзем дабівацца гэтай адказнасці.
Я не звязваў бы гэтыя дзве тэмы.
Рэжым Лукашэнкі і на сёння працягвае здзяйсняць злачынствы. Ён даваў і дае загады катаваць беларусаў у турмах, трымаць у статусе інкамунікада, ён стварае атмасферу жаху і тэрору ў краіне, людзей звальняюць з працы і змушаюць пакінуць тэрыторыю краіны толькі за тое, што яны падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў. І мы на гэта не будзем рэагаваць, бо лічым, што ён можа пайсці на іншыя крокі? Я лічу, што гэта абсалютна няправільны падыход, бо тады ствараецца сістэма беспакаранасці і поўнай анархіі.
Якія крокі рэжым можа зрабіць у бок Літвы? Прававых — не можа, бо юрысдыкцыя Беларусі не распаўсюджваецца на кіраўніцтва Літвы. Але ён можа прыняць рашэнне і падпісаць Рымскі статут, і тады будзе юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суду (хоць гэта, канешне, жарт, Лукашэнка спецыяльна гэтага не рабіў і ніколі не зробіць).
Мы ведаем, што беларускія ўлады правялі некалькі працяглых нарадаў, але пакуль невядома, якім рашэнні былі на іх прынятыя — магчыма, бліжэйшым часам убачым, якой будзе рэакцыя з іх боку.
Тут трэба аддаць належнае Літве, якая не з’яўляецца буйной краінай, але краінай з гонарам, якая ставіць перадусім правы чалавека і іх абарону. Хачу сказаць, гэта гістарычны момант у адносінах паміж беларусамі і літоўцамі, калі літоўскі ўрад стаіць на баку ахвяр жудасных рэпрэсій у Беларусі, што набылі асаблівую жорсткасць у апошнія чатыры гады.
Што далей, і ці могуць далучыцца да пазову супраць Лукашэнкі іншы еўрапейскі краіны?
— Гэта патрэбна, — мяркуе палітык. — Нам патрэбныя зараз два накірункі дзеянняў. Перадусім — падтрымліваць працу міжнароднай платформы адказнасці па Беларусі, у кую ўваходзіць шэраг праваабарончых арганізацый, такіх як «Вясна», Міжнародны камітэт супраць катаванняў у Беларусі, Dignity і іншыя, якія збіраюць доказы злачынстваў супраць беларусаў.
Другі накірунак — адвакатаванне сярод нашых партнёраў, дэмакратычных краін, каб яны падтрымалі прапанову Літвы. Такі прыклад ужо ёсць па кейсе Украіны, да яго далучыліся ўжо больш за 40 краін свету.
Спадзяёмся, што іншыя краіны падтрымаюць пазіцыю Літвы, і мы пачалі ўжо гэтым займацца, гэтымі днямі адбыліся першыя сустрэчы і размовы. Не маю права каментаваць, бо гэта ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ў кожнай краіне, але палітычна мы бачым і чуем словы падтрымкі — спадзяюся, гэта пяройдзе і ў прававыя рашэнні.
Акрамя таго, лічыць Павел Латушка, сам факт разгляду злачынстваў беларускага рэжыму на ўзроўні МКС можа паспрыяць расколу беларускіх эліт, хоць «гэта не адбудзецца ў адначассе»:
— Гэта не азначае, што заўтра мы прачнемся, і эліты адвярнуцца ад Лукашэнкі. Для нас стратэгічная мэта — змяніць палітычны рэжым у Беларусі, бо пакуль ён будзе панаваць, зменаў не адбудзецца нават касметычных. Эліты ж сёння пачулі вельмі дакладны месэдж: што цягнік Мінск-Гаага стартаваў з прыпынку Мінск-Пасажырскі, ён ужо рушыць, і ў ім ужо сядзіць Лукашэнка.
Мы нанеслі ўдар злева: кейс з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей (і справа працягваецца). Нанеслі ўдар правай: справа злачынстваў супраць чалавечнасці. Ёсць і трэці ўдар, і не толькі, і мы абавязкова яго нанясем.
Прадстаўнікі так званых эліт вакол Лукашэнкі павінны зрабіць высновы , што рабіць далей: ладзіць «італьянскую забастоўку», замаруджваць альбо не выконваць рашэнні, сыходзіць з сістэмы, інфармаваць нас аб злачынствах, дапамагаць у эфектыўным іх расследаванні.
Я не ідэаліст, але перакананы: у той крытычны момант, які будзе ў Беларусм, яны могуць быць тымі, хто затрымае Лукашэнку і выдасць яго міжнароднаму правасуддзю, дзеля таго, каб атрымаць палёгку для сябе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное