Филин

Наталля Север

Лаўрухін: «Сістэма патрабуе, каб людзі самі сабе былі губазікам, каб яны сачылі адзін за адным і данасілі»

Эксперт у сферы адукацыі, research director інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэй Лаўрухін — пра вымушаны ад’езд з краіны настаўніцы.

— Гэта сапраўды вельмі красамоўны выпадак, — каментуе Филину гісторыю намесніцы дырэктара гімназіі Таццяны Крапіневіч Андрэй Лаўрухін. — Тут такая канстэляцыя ўсіх фактараў.

Гэта жанчына і кар'еру зрабіла ў бізнесе, і сама абрала школу, і яна матэматык, і з'ехала з Мінску ў маленькі горад.

Андрэй Лаўрухін

Наогул пра большасць гісторый тых, хто з'язджае, не толькі настаўнікаў, мы не даведаемся, бо не ўсе маюць магчымасць пра гэта расказваць.

З 2020 года больш за сотню настаўнікаў з'ехалі з Беларусі, а сышлі з прафесіі яшчэ дзясяткі. Зразумела, мы не можам мець дакладную статыстыку. Гэта толькі тыя выпадкі, пра якія нам дакладна вядома.

І ўсё ж у краіне больш за сто тысяч настаўнікаў. Таму адна-дзве тысячы не стануць крытычнымі. Але тут істотна, якая спецыялізацыя.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначаў, што самы вялікі дэфіцыт адчуваецца сярод настаўнікаў матэматыкі і фізікі. Гэты факт пацвердзіла і яго намесніца Кацярына Пятруцкая.

Яна сказала, быццам бы па гуманітарных дысцыплінах усё добра, акрамя замежных моў, а вось па дакладных навуках ёсць праблемы.

Таму так, калі са школы сыходзяць настаўнікі прадметаў, па якіх ёсць скамейка запасных, гэта адна гісторыя. А нават некалькі дзясяткаў настаўнікаў па фізіцы ці матэматыцы — гэта адчувальна.

І вось гэты выпадак таксама паказвае і тое, як чалавек, які быў гонарам сістэмы па многіх паказчыках, які быў патрэбны сістэме, бо рабіў шмат карыснага, у адзін момант пераўтварыўся ў ворага.

Калі памятаеце, у пачатку навучальнага года Лукашэнка даў наказ, каб настаўнікам не давалі надта шмат працы, якая выходзіць за іх непасрэдныя кампетэнцыі. Ён нібыта клапаціўся, каб іх не турбавалі ўсялякай бюракратыяй і іншым. То бок не чапайце настаўнікаў, не трэба на іх нічога больш навешваць.

Але відавочна, што патрыятычны ўгар не ўваходзіць у тыя абавязкі, ад якіх настаўнікаў трэба вызваліць. Усё апроч патрыятызму.

І гэта настаўніца вельмі добра, з матэматычнай дакладнасцю апісвае, як мабілізуюць дзяцей, як цягаюць туды-сюды настаўнікаў, як прымушаюць рабіць справаздачы. Гэта такая нервовая праца, яна нават больш цяжкая, чым запаўненне нейкіх там папер.

Тут яшчэ адна істотная рэч. Па гэтую настаўніцу прыйшлі па даносе, нават не Бондаравай, а, па-першае, некага, хто, з вялікай верагоднасцю, працаваў разам з ёй.

Выпадак сведчыць пра тое, што наступае эра даносаў. І гэта менавіта тое, чаго чакала сістэма. Бо яна, канешне, можа да кожнага прыставіць губазік ці амапаўца.

Але ёй гэтага ўжо недастаткова, яна патрабуе, каб людзі самі сабе былі губазікам. То бок каб яны сачылі адзін за адным і данасілі.

— Што гэта будзе азначаць для тых настаўнікаў, у якіх ёсць сумленне, павага да сваёй працы?

— Тое, што гэта праца вельмі небяспечная. Я ведаю пра выпадак у вышэйшай школе, калі на выкладчыка паступіў данос, з ім нават не азнаёміліся і наўпрост звольнілі чалавека.

Гэта практыка, якая становіцца нармалёвай, яна распаўсюджваецца і становіцца часткай гэтай працы.

Безумоўна, гэта сігнал для ўсіх сумленных настаўнікаў і тых, хто яшчэ не страціў сваю свядомасць, што ісці ў гэту прафесію ці заставацца ў ёй небяспечна.

Вы трапіце пад крыжаваны агонь дзяцей, бацькоў, адміністрацыі і калег. Уявіце сабе, калі вы працуеце ў школе, з усіх бакоў за вамі наглядаюць як у тым паноптыкуме.

У гэты бок рухаюцца адукацыйныя ўстановы. Зразумела, можна, казаць, што ў нейкіх школах гэта праяўляецца менш, але гэта заахвочваецца ўсялякімі сродкамі.

Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб адукацыйныя ўстановы, дзе так шмат дзяцей і дарослых, сталі добрым асяроддзем для даносаў.

І гэты вірус данасіцельства і паноптыкума, на жаль, распаўсюджваецца, людзі ім заражаюцца. Бо ці мала што нехта нагаварыў — адміністрацыя, дырэктарка маглі б паспрабаваць неяк абараніць сваю настаўніцу.

Але не, усе адступілі — калі ласка, трымайце яе.

— А як такія выпадкі і ў цэлым сістэма, як вы кажаце, «данасіцельства і паноптыкума», адбіваецца на дзецях? Бо ўлады, з аднаго боку, нібыта вельмі баяцца страціць маладое пакаленне, прыдумваюць розныя перашкоды для ад’езду падлеткаў з краіны. Але другой рукой яны робяць усё, каб тыя дзеці расчараваліся ў беларускай адукацыі.

— Бацькі ўсведамляюць, што добрыя настаўнікі пакідаюць школу і ўсё больш пачынаюць задумвацца, ці мае сэнс наогул вучыцца ў гэтых школах, дзе замест матэматыкі вучаць маршыраваць і спяваць патрыятычныя песні.

Улады робяць усё, каб навучальныя ўстановы пераўтвараліся ў мілітарысцкія машыны. На прыкладзе гэтага выпадку мы бачым, наколькі вялікая розніца паміж тым, што кажуць афіцыйна, і тым, што насамрэч адбываецца ў школах, што адбываецца з адукацыяй.

Школы пераўтвараюцца ў структуры, дзе з дзецьмі праводзяць ваенныя зборы, іх вучаць збіраць зброю, хадзіць строем, ладзяць экскурсіі ў РАУС і СІЗА.

У беларускай сістэме адукацыі заўжды галоўнай была дысцыпліна. Зараз гэта наўпрост інтэнсіфікавалася да таго, што стала нейкай армейскай, ці нават турэмнай дысцыплінай.

Калі раней было: «Сядзі ціха, не перашкаджай настаўніку», то зараз ты мусіш не толькі ціха сядзець, ты мусіш збіраць зброю, хадзіць строем і пажадана данасіць.

Зразумела, што з’ехаць з краіны не так лёгка для ўсіх. Таму шмат хто вымушаны будзе адаптавацца да гэтых умоў.