Филин

Вікторыя Захарава

Лаўрухін: «У павестцы палітычных эліт Расіі — павольна каланізаваць адукацыйную прастору Беларусі»

Филин спытаў у эксперта ў сферы адукацыі, чым адгукнецца нашай краіне фінансавая дапамога ў абсталяванні інжынерных класаў.

У Маскве завершыўся форум «Моцныя ідэі для новага часу», на якім абмяркоўваўся ў тым ліку і экспарт тэхналогій. Уладзімір Пуцін заявіў, што трэба «абавязкова дапамагчы» ў аснашчэнні беларускіх школ расійскімі інжынернымі класамі. Дзеля гэтага кіраўнік РФ гэтак па-свойску папрасіў у старшыні дзяржкарпарацыі «ВЭБ.РФ» Ігара Шувалава «знайсці дзясятку» мільярдаў расійскіх рублёў. І нават паабяцаў «з саюзнага бюджэту трошкі качнуць грошай».

Сумнеўна, што дапамога ў абсталяванні беларускіх школ адукацыйнай робататэхнікай — дабрачынны атракцыён нябачанай шчодрасці.

Дзе ў гэтай прапанове падводныя камяні, навошта такія інвестыцыі патрэбныя Крамлю і чаму яны могуць вылезці Беларусі бокам, «Филин» абмеркаваў з экспертам у галіне адукацыі, навукі і інавацый, старшым аналітыкам BISS і research director Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM) Андрэем Лаўрухіным.

Эксперт звяртае ўвагу на кантэкст, у якім адбываецца чарговае — цяпер у адукацыйнай галіне — збліжэнне Расіі і Беларусі.

— З пачатку ваенных дзеянняў Беларусь ідэнтыфікуецца амаль усім цывілізаваным светам як краіна-суагрэсар. І таксама, як Расія, яна была выключаная з міжнародных праграм узаемадзеяння на ўсіх узроўнях адукацыі.

Андрэй Лаўрухін прыводзіць канкрэтныя прыклады гэтага выключэння:

  • На ўзроўні сярэдняй адукацыі існуе маніторынг і адначасова інструмент адукацыйнай палітыкі PISA (міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў) — у Беларусі ён быў упершыню праведзены ў 2018 годзе. І, уласна, на тым і скончыўся — пазней маніторынг быў прыпынены.
    Таксама прыпыніліся стасункi з шэрагам інстытутаў, якія падтрымлівалі стасункі з заходнімі краінамі — Інстытутам Гётэ, DAAD, чые праграмы акадэмічнага абмену палягчалі беларусам паступленне ў нямецкамоўныя ВНУ;
  • На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэднеспецыяльнай адукацыі Беларусь выключылі з моладзевага прафесійнага руху WorldSkills International. Заўважым, што ў гэтую арганізацыю, мэта якой — падвышэнне стандартаў прафесійнага навучання ва ўсім свеце, наша краіна ўвайшла толькі ў 2014 годзе, але WorldSkills Belarus не паспела набраць моц, як і тут міжнародныя магчымасці для развіцця і абмену вопытам былі заблакаваныя;
  • Нарэшце, на ўзроўні вышэйшай адукацыі «дзверы зачыніліся» з прыпыненнем прадстаўніцтва Беларусі ў Балонскім працэсе.

— Яшчэ цікавы нюанс, — зазначае эксперт, — у Сусветнага банку быў вялікі праект мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі на 2020-2025 гг аб’ёмам у 109 мільёнаў долараў. Ён стартаваў і нават у траўні гэтага года прыйшоў нейкі апошні транш — але цяпер гэтая праграма таксама прыпыненая.

А яна прадугледжвала вельмі істотныя для сістэмы адукацыі, структурныя рэформы, звязаныя з кіраваннем і іншымі вельмі балючымі кропкамі, якія ў нас доўгі час не вырашаліся.

Што мы маем у выніку? Блакаванне заходняга кірунку прыводзіць да таго, што Беларусь павольна рухаецца толькі ў адным напрамку — ва ўсходнім. І менавіта расейскім.

Словы, якія прагучалі цяпер аб экспарце тэхналогій у беларускія школы — не першыя, зазначае эксперт, былі і раней падобныя заявы прадстаўнікоў Мінадукацыі і навукі РФ. Прыкладам, калі стала вядома аб прыпыненні ўдзелу Расіі ў Балонскім працэсе, намеснік міністра адукацыі РФ заклікаў Беларусь таксама ляпнуць дзвярыма і выйсці вон, падштурхоўваючы да большай радыкалізацыі ў стасунках з Захадам.

— Такіх крокаў я налічыў пад дзясятак за апошнія месяцы, — канстатуе Андрэй Лаўрухін.

Тое, што агучыў Пуцін, на мой погляд, відавочна сведыць: гэта пытанне стаіць у павестцы палітычных эліт Расіі — павольна каланізаваць адукацыйную прастору Беларусі і рабіць гэта больш шчыльна, чым тое было раней.

Між іншым, 9 мільярдаў расійскіх рублёў, якія плануецца выдаткаваць на абсталяванне інжынерных класаў беларускіх школ — гэта ў пераліку амаль удвая больш, чым крэдыт Сусветнага банка, амаль 170 мільёнаў даляраў.

Зразумела, што гэтая сума пойдзе на тэхнічнае перааснашчэнне, магчыма, не толькі ў школах, але і сферы ўпрафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Гэта інструмент так званага soft power, палітыкі мяккага ўздзеяння. Відавочна, што Пуцін і палітычныя эліты РФ жадаюць паказаць свету: з Украінай мы ваюем, а Беларусі, нашым сябрам, наадварот, дапамагаем развівацца і фінансуем.

Але наступствы такой «падтрымкі», лічыць эксперт, яшчэ больш павялічаць залежнасць Беларусі ад Расіі — як фінансавую, так і тэхнічную. Бо падобны тэхнічны апгрэйд робіцца на дзясятак гадоў наперад, і надалей у працэсе навучання будуць неабходныя менавіта тыя робаты, тэхабслугоўванне, камплектуючыя і нават спецыялісты, якіх прапануе Расія.

— То-бок, гэты ланцужок выводзіць нас на ўсё большую залежнасць, нават змястоўную: мы ж разумеем, што нямецкія, амерыканскія і расейскія робаты — гэта зусім розны ўзровень якасці. І калі гэта будзе зроблена, то Беларусь яшчэ больш будзе зарыентаваная на Расію.

А для нас гэта будзе азначаць стратэгічную страту ўплыву на адукацыйную прастору і страту нацыянальнай аўтаноміі ў рэалізацыі адукацыйнай палітыкі.

Тая ж мэта рэалізуецца і на ўзроўні падрыхтоўкі новых падручнікаў, гаворыць эксперт — па-іншаму інтэрпрэтуюцца тыя ці іншыя гістарычныя падзеі, многія праграмы для сярэдняй школы спрашчаюцца, а іхні змест узгадняецца не столькі з прадстаўнікамі грамадзянскіх ведамстваў (Мінадукацыі, Мінэканомікі і г.д.), а з вайсковымі і сілавымі структурамі.

— Гэта будзе звязаная са зменамі ў бок русіфікацыі, — мяркуе Андрэй Лаўрухін. — Напрыклад, ваенныя падзеі ў падручніках будуць выкладацца не так, як гэта адбывалася насамрэч і не так, як гэта інтэрпрэтуюць у свеце, а так, як гэта жадае паказваць расейскі бок. І гэта таксама праява тэндэнцыі ўсё большай залежнасці беларускай адукацыйнай прасторы ад РФ.

У Беларусі сістэма адукацыі не рэфармаваная, бо змяніць час пачатку заняткаў з 8 на 9 раніцы — гэта не рэформа, а касметычны зрух. Насамрэч ніякіх рэформаў няма.

І ў гэтым сэнсе беларуская сістэма неканкурэнтаздольная нават у параўнанні з расейскай, што  адзначаюць нават такія крытычна настроеныя эксперты, як Яўген Лівянт. У РФ тым часам сапраўды, напрыклад, вышэйшая адукацыя прайшла ўжо пяць хваляў вельмі істотных рэформаў.

То-бок, нават калі разглядаць гэту сітуацыю без палітычных акуляраў, мне яна бачыцца так. З’явяцца рабатызаваныя класы там, дзе іх раней не было — натуральна, гэта добра, гэта мадэрнізацыя. Але стратэгічна яна зробіць нас больш залежнымі ад расейскіх шляхоў.

У Расеі ж перыяд лібералізацыі скончыўся, зараз пачынаецца адкат назад, які будзе азначаць дэградацыю, у тым ліку ў сістэме адукацыі — тое відавочна. І тое, што мы будзем залежныя ад Расіі, значыць, што Беларусь таксама ў перспектыве, скажам, 10 гадоў, будзе ўцягнутая ў вадаварот архаізацыі. У гэтым вялікая пагроза для адукацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)