Филин

Юлія Кот

Магда: «Юрыдычныя нормы, якія былі распрацаваныя і ўхваленыя пасля Другой сусветнай вайны, не заўжды працуюць»

Кіраўнік украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда ў каментары Филину — пра тое, ці могуць беларускія добраахвотнікі трапіць у абмен палоннымі паміж Кіевам і Масквой.

Каардынацыйная Рада заклікала ўрад Украіны прызнаць байца Палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка ваеннапалонным і ўключыць яго ў абменны фонд.

Акрамя таго, складальнікі звароту да міжнароднай супольнасці заклікаюць перагледзець падыходы да надання міжнароднай абароны і гуманітарнага віду на жыхарства, распаўсюджанай практыкі прызнання беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы», і разглядаць кожны выпадак індывідуальна.

КР таксама лічыць неабходныі ініцыяваць перамовы з беларускімі ўладамі наконт магчымага абмену Васіля Верамейчыка на грамадзян Беларусі, якія былі асуджаны ў Літве і Украіне за шпіянаж.

Нагадаем, былы добраахвотнік Палка Каліноўскага Васіль Верамейчык быў затрыманы 13 лістапада ва В’етнаме і, імаверна па ўзгадненні ў беларускімі спецслужбамі, ужо на наступны дзень экстрадаваны ў Беларусь, дзе яму пагражае больш за 20 гадоў турэмнага зняволення ці нават смяротнае пакаранне.

Таксама ў прапагандысцкім сюжэце беларускае ТБ паказала яшчэ аднаго схопленага беларускімі ўладамі «каліноўца» Максіма Ралько — калі і як ён трапіў у Беларусь і якія былі абставіны яго затрымання, невядома.

Наколькі рэалістычны сцэнар уключэння беларускіх добраахвотнікаў у фонд абмену ваеннапалоннымі паміж Масквой і Кіевам, і ці могуць дэмакратычныя сілы паўплываць на гэты працэс? А калі не яны, то хто?

— Трэба разумець, што вайна, якая ідзе на сёння паміж Расіяй і Украінай, істотна адрозніваецца ад агульнапрынятага спосаба вядзення вайны. І тыя юрыдычныя нормы, якія былі распрацаваныя і ўхваленыя пасля Другой сусветнай вайны, таксама не заўжды працуюць, — зазначае ў каментары Филину дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Таму праблема далучэння грамадзян Беларусі да спісу палонных, якіх захапіла Расія, ёсць надзвычай актуальнай.

Трэба сказаць, што ў гэтай катэгорыі ёсць некалькі груп. Перадусім, калі глядзець храналагічна — гэта рэйкавыя партызаны, тыя грамадзяне Беларусі, якія намагаліся перашкодзіць перасоўванню расійскіх войскаў па беларускай тэрыторыі. І па колькасці, мабыць, гэта найбольшая група.

Потым — гэта беларускія добраахвотнікі Клешч і Тромблі, якія трапілі ў палон расіян са зброяй у руках. І далей, гэта Васіль Верамейчык і Максім Ралько, пра затрыманне якіх паведаміла беларуская прапаганда.

Я думаю, што Украіна ў гэтым пытанні мае дзейнічаць больш актыўна, выкарыстоўваючы як узор той выпадак, што ўлетку 2024 года пяцёх грамадзян Украіны абмянялі на служыцеля РПЦ Іонафана, які быў каштоўны для Расіі.

Зразумела, што такі абмен не будзе азначаць уступлення Беларусі ў вайну. Але для яго правядзення неабходна далучыць Міжнародны Чырвоны Крыж, каб той больш актыўна працаваў, і наогул зрабіць усё, каб людзі вярнуліся да сваіх сем’яў, да дому. На маю думку, гэта абсалютна нармальная, гуманная і адэкватная пазіцыя.

Па дадзеных Вясны, за 1000 дзён поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны — як мінімум 200 беларусаў асудзілі па крымінальных справах за салідарнасць з Украінай.

Беларускі рэжым адкрыта пераследуе беларусаў за антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй. Па дадзеных на люты, як мінімум 1671 беларус быў затрыманы за праяву антываеннай пазіцыі – людзей катавалі, трымалі ў нечалавечых умовах, прысуджалі штрафы ці суткі, а таксама вялікія тэрміны зняволення.

Як мінімум 200 чалавек былі асуджаныя па крымінальных справах за салідарнасць з Украінай — беларусам прысуджалі ад 1 да 25 гадоў абмежавання ці пазбаўлення волі, некаторым прызначалі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Грамадзянін Германіі Рыка Крыгер быў асуджаны да смяротнага пакарання, адна змог пазбегнуць яго, бо выйшаў на волю падчас абмену.

Па стане на сярэдзіну 2024-га, як мінімум 13 чалавек ужо асуджаныя па справе «рэйкавых партызан», агульны тэрмін іх зняволення складаў 199,5 гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)