Тым часам прыйшлі буйныя расійскія кампаніі і з імі няма праблем. Умоўна кажучы, той жа Цінькофф, Сбербанк — такія тэхнагіганты зараз актыўна прыходзяць у Беларусь і замяшчаюць тыя кампаніі, якія сышлі з беларускага рынку.
«Мала хто зараз у Беларусі можа публічна заяўляць сваю пазіцыю, але тое, што зрабілі з імі ці з іх роднымі, яны наўрад ці забудуць»
Актывіст і айцішнік Алесь Крот — пра беларусаў унутры краіны.
— Што тычыцца праграмістаў, асабліва калі ты малады спецыяліст, альбо як у народзе называюць «джун», то пасля 2020 года стала вельмі складана знайсці працу, — расказаў на канале Мне таксама не падабаецца Алесь Крот, які працаваў у IT-сферы Беларусі пасля 2020 года. — На бясплатныя стажыроўкі нейкі шалёны конкурс — 50 чалавек на месца.
Найм практычна ва ўсіх вялікіх IT-кампаніях замарожаны. Рэлакацыя не адбываецца: шмат кампаній закрылі гэтую праграму, таму што ўжо асноўную частку спецыялістаў перавезлі.
Зараз усе стараюцца зрэзаць выдаткі, таму што новых праектаў няма, вельмі вялікая канкурэнцыя, у свеце працягваецца крызіс, і не бачна, што ён хутка скончыцца.
Усе чакаюць нейкай развязкі і баяцца ўкладаць грошы. Гэта ў тым ліку ўплывае на беларускі IT-сектар.
А ёсць яшчэ заводы. Там не хапае людзей. Недахоп кадравага рэзерву адчуваецца апошнія паўгады больш і больш. Гэта адбываецца, таму што новыя людзі не прыходзяць на такі заробак, а старыя трымаюцца, але толькі абы дацягнуць да пенсіі.
Асабліва ёсць праблема з працоўнымі месцамі з добрым заробкам. Іх стала менш, але ў цэлым працу можна знайсці.
Алесь Крот досыць доўга заставаўся з краіне. У кастрычніку 2023 года да яго прыйшлі сілавікі з ператрусам і прыгразілі справай за экстрэмізм. На допыце ў КДБ актывіста паставілі перад выбарам: турма ці супрацоўніцтва.
— Думаю, што той махавік рэпрэсій, які запусцілі ў 2020 годзе, вельмі цяжка спыніць. У гэтую топку трэба падкідаць і падкідаць людзей. Да мяне прыйшлі проста з прапановай супрацоўнічаць з КДБ.
Яны могуць цябе пераканаць, бо ставяць перад выбарам — альбо ехаць надоўга і далёка, альбо рабіць тое, што яны хочуць. І гэта такі выбар без выбару, які цяжка даецца. Гэта даволі складаная тэма.
Маштаб рэпрэсій у Беларусі агромністы. Амаль у кожнага ёсць знаёмы, які альбо сядзіць, альбо яго пазбавілі працы, альбо яшчэ штосьці здарылася. Я ўпэўнены, што зараз у беларусаў унутры краіны проста няма магчымасці неяк публічна праяўляць сваё стаўленне да гэтай сітуацыі.
Плюс зараз задача дзяржавы — знішчыць усе магчымасці падтрымкі палітвязняў. Нават такія мінімальныя рэчы, якія не нясуць нейкай рэжыму небяспекі, усё адно стараюцца прыкрываць, каб проста паламаць людзей.
Таму мала хто можа публічна заяўляць сваю пазіцыю, але тое, што з імі ці з іх роднымі зрабілі, яны наўрад ці забудуць. Яны будуць гэта памятаць, — упэўнены Алесь Крот.
Читайте еще
Избранное