Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Пашкевіч: «Курапаты — гэта не толькі пра 1930-я і тыя жахлівыя падзеі. Гэта больш шырокая частка беларускай гісторыі»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч у інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра народны мемарыял, што стаў сімвалам нацыянальнай памяці і супраціву рэжыму.

У гэтыя дні прыканцы кастрычніка беларусы ў розных краінах свету згадваюць ахвяр сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Сёлета памятныя акцыі Ночы расстраляных паэтаў адбываюцца ў Літве і Польшчы, Францыі і Нямеччыне, Латвіі, Швецыі, ЗША…

Да 2020 года мітынгі памяці, малебны, чытанні адбываліся ва ўрочышчы Курапаты, на месцы масавых расстрэлаў. Дзяржава хоць і прызнала яго афіцыйна гісторыка-культурнай каштоўнасцю І катэгорыі, але насамрэч актывісты не раз і не два вымушаныя былі бараніць Курапаты ад незаконных забудоў, пракладання кальцавой аўтадарогі, аматараў шашлыкоў і рознага кшталту «ўпарадкаванняў».

У адказ — улады разганялі мітынгі-рэквіемы, затрымлівалі і штрафавалі актывістаў, удзельнікаў грамадзянскай варты, за прыдуманыя «парушэнні», затое не заміналі вандалам ламаць крыжы на месцы магіл і апаганьваць мемарыяльныя знакі.

***

Пад гучнае маўчанне дзяржавы ў ахоўнай зоне высякалі дрэвы, дэмантавалі крыжы, ўсталяваныя за грошы беларусаў, а ў 2018 годзе са скандалам, грамадскімі пратэстамі і шматлікімі арыштамі актывістаў, збудавалі і адчынілі ў непасрэднай блізкасці да месца памяці і смутку рэстаран «Поедем поедим», чыя назва стала ўжо стала мемам і сімвалам бязмежнага цынізму.

У 2019 годзе ўлады наогул знеслі частку крыжоў пад выглядам добраўпарадкавання. Лукашэнка тады заявіў, што «гэтую тэму палітызуюць»,  (сам правіцель, нагадаем, за трыццаць год у Курапатах ніводнага разу не быў).

1 лістапада 2020-га сілавікі затрымалі ўдзельнікаў традыцыйнага шэсця ў Курапатах, а рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі закранулі большасць яго абаронцаў. Колькі з актывістаў, як Валер Жэбрак, Сяргей Мацкойць, за гэтыя гады пайшлі з жыцця. Некаторыя, як Павел Севярынец, да сёння знаходзяцца ў беларускіх вязніцах, іншыя — у вымушанай эміграцыі з-за палітычнага пераследу альбо прымусова вывезеныя з краіны пасля «памілавання».

Безумоўна, засталіся актывісты і ўнутры Беларусі, але ў сённяшніх варунках пра публічную актыўнасць і масавае ўшанаванне памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій казаць, на жаль, не выпадае.

Без наступстваў для сябе наведаць Курапаты і ўскласці кветкі да мемарыялу могуць хіба што дыпламаты еўрапейскіх краін — і, зазначым з удзячнасцю, робяць гэта кожны год пад блазенскае суправаджэнне штатных прапагандыстаў рэжыму.

«Месца, дзе сышліся шляхі супраціву лукашэнкаўскай дыктатуры»

37 год таму шырокая грамадскасць даведалася шакуючую праўду пра масавыя расстрэлы ў Курапатах. Гэтае месца стала сімвалам жалобы, смутку і памяці для соцень тысяч чалавек. Але спіраль гісторыі перакруцілася такім дзіўным чынам, што новы рэпрэсіўны каток прайшоўся па тых, хто бараніў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

«Салідарнасць» абмеркавала з гісторыкам, сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам цяперашні стан мемарыялу і што з ім (не) робяць улады.

— Сёння зладзіць у Курапатах шэсце памяці, чытанні твораў загінулых літаратараў — гучыць як невыканальная місія. Ці ёсць каму бараніць і даглядаць месца памяці і смутку сёння, ці спадзеў толькі на сумленне праўладных гісторыкаў і людзей у вертыкалі?

— На маю думку, і цяпер у Беларусі, у Менску патэнцыйна бараніць мемарыял яшчэ ёсць каму, але для гэтага няма магчымасцяў. Курапаты — сімвалічнае месца, якое заўсёды было звязана з альтэрнатыўнымі поглядамі на нашу гісторыю, мінуўшчыну і будучыню, і абаронцы Курапатаў супрацьпастаўляліся таму, што рабілі ўлады.

Цяпер рэжым Лукашэнкі эвалюцыянаваў ад аўтарытарнага да таталітарнага. І кожнаму зразумела: калі ты пойдзеш у Курапаты нешта рабіць па ўпарадкаванні гэтых мясцін (тым больш, наколькі разумею, паўсюль развешаныя камеры, каб кожнага можна было ідэнтыфікаваць) — гэта прамы шлях у турму, і добра, калі абыдзецца суткамі, а не прысуджанымі гадамі.

Рызыкі надзвычай вялікія, таму людзей, якія нешта робяць хаця б употай, мяркую, вельмі мала. Шырокія ж акцыі па захаванні ўрочышча наогул немагчымыя. І калі такая сітуацыя працягнецца шмат гадоў — ёсць пагроза таго, што існуючы цяпер мемарыял будзе старэць, буцвець і страчваць сваю форму.

Гарантаваць, што рэжым не будзе знішчаць народны мемарыял, таксама нельга. Прынамсі большасць чырвоных ліній пяройдзеная, і ўлада не раз дэманстравала, што гатовая абсалютна на ўсё. Але гледзячы на бягучы стан рэчаў, падаецца, абраная такая тактыка: не замінаць гэтаму ўсяму прыходзіць у заняпад, строга караць тых, хто будзе спрабаваць нешта рабіць — але і самім дашчэнту не бурыць.

— Прапагандысты не першы год прасоўваюць наратыў, быццам расстрэлы ў Курапатах здзяйснялі нацысты, а не сталінскія карнікі.

Як вы мяркуеце, што ўсё ж такі спыняе ўлады ад таго, каб «упарадкаваць» мемарыял у гэтым кірунку, зрабіць з яго помнік «ахвярам генацыду беларускага народу»?

— Думаю, спыняе тое, што ўсё ж месца дастаткова вядомае. Цяжка ціхамірна зрабіць з яго іншы мемарыял і каб людзі паверылі, што тут расстрэльвалі немцы, а не Саветы.

Гэта не нейкі малы помнік у глухмені, сапраўдную гісторыю якога ведаюць толькі мясцовыя краязнаўцы — з такім рэжым насамрэч мог бы зрабіць, што хоча, далучыць ахвяр савецкіх да нямецкіх. З Курапатамі наўрад ці такое пройдзе.

І ва ўладзе, у ідэалагічнай сферы ўсё не настолькі маналітна, як яны хочуць паказаць. Гэта часам нават прарываецца ў публічную прастору, што адны стаяць на радыкальных падыходах, іншыя ім супярэчаць. Мы бачым, калі адыёзныя Мукавозчыкі ці Азаронкі выступаюць супраць Бондаравай ды іншых «рускамірцаў», ці калі адбываюцца наезды на Марзалюка.

Так і наконт Курапатаў, імаверна, вядуцца дыскусіі сярод ідэолагаў, блізкіх да Лукашэнкі. Маўляў, давайце не будзем тое месца чапаць, бо будзе толькі адна шкода. Таму захоўваецца пэўная раўнавага, і на дадзены момант практычна ўсіх задавальняе статус-кво, што склалася.

— Беларусы працягваюць ушаноўваць і захоўваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій, ва ўсіх краінах, дзе мы сёння ёсць. Хочацца верыць, што і Курапаты дачакаюцца сваіх ранейшых абаронцаў і новых актывістаў. І тады — якім мусіць стаць гэтае месца?

— Гэта павінна быць месца памяці. Яшчэ пры Лукашэнку там паставілі помнік, хоць гэта выклікала спрэчкі і не было для ўсіх здавальняюча. На маю думку, мусіць быць пастаўлены вялікі дзяржаўны помнік (які — не бяруся меркаваць, гэта пытанне да спецыялістаў). І пры любых раскладах, павінен захавацца народны мемарыял, як неад’емны складнік агульнага комплексу.

Тое, што рабілі самі людзі — частка жывой памяці. Мы ведаем, што за сваю грамадскую актыўнасць, за абарону Курапатаў людзі моцна цярпелі і траплялі пад пераслед. Таму згадкі, што ў такіх-та гадах актывісты пратэставалі супраць пашырэння дарогі ці незаконнай забудовы, таксама мусяць быць — як гэта ёсць, дарэчы, на мемарыялах у іншых краінах.

Курапаты — гэта не толькі пра 1930-ыя і тыя жахлівыя падзеі. Але і пра дзевяностыя, і пра нулявыя, і пра дзясятыя і дваццатыя. Гэта больш шырокая частка беларускай гісторыі. Месца, адкуль пачаўся грамадска-палітычны рух прыканцы 1980-х і дзе сышліся шляхі беларускага супраціву лукашэнкаўскай дыктатуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)