Филин

Сяргей Васілеўскі

Мілінкевіч: «Нас не аддадуць Пуціну як разменную манету»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю «Филину» тлумачыць, чаму Украіна пераможа ў вайне, і разважае пра пасляваенны лёс Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч, фота з асабістага архіва

— Беларусь прызналі краінай-суагрэсарам. Ужо сёння гучаць размовы пра будучыя рэпарацыі, пра неабходнасць прынесці прабачэнні ўкраінцам, незалежна ад таго, ці ўсе беларусы падтрымліваюць уварванне ва Украіну.

Пры гэтым, як падаецца, мала гаворыцца пра пасляваенную будучыню нашай краіны. На вашу думку, якімі могуць быць сцэнары для Беларусі як дзяржавы? Натуральна, варыянтаў тут можа быць мноства. У залежнасці і ад таго, хто пераможа ў гэтай вайне.

— Складана рабіць прагнозы ў нашай сёняшняй палітыцы. І тым больш адносна вайны Расіі з Украінай, ад якой сёння залежыць лёс Беларусі. Калі б перамагла Масква, у нас не было б шанца на самастойную дзяржаву.

Але я ведаю, што ўкраінцы ўжо ні ў якім выпадку не вернуцца ў «русский мир». І ніколі не захочуць у Савецкі Саюз, пра аднаўленне якога марыць Пуцін. Перш за ўсё, дзякуючы сваёй украінскай ідэнтычнасці, якая так моцна адрадзілася за апошнія дзесяцігоддзі.

Па-першае. Украіна зрабіла свой геапалітычы выбар, яна цвёрда ведае, куды ідзе і што будуе. Праводзіла крок за крокам дэмакратычныя рэформы, не ўсё яшчэ атрымалася, але сярод несумненных поспехаў — рэальнае мясцовае самакіраванне і стварэнне сучаснай арміі.

І ўсё ж сапраўднай гарантыяй невяртання ў мінулае ўкраінцам служыць адроджаная глыбокая нацыянальная самасвядомасць. На большасці тэрыторыі яны адрадзілі шырокае ўжыванне роднай мовы, у школах і ўніверсітэтах украінцы ўжо шмат гадоў вучаць не гісторыю расейскай імперыі, а сваю ўласную.

Нават тыя, што размаўляюць па-руску, ў большасці сваёй ужо разумеюць — мова з’яўляецца фундаментам ідэнтычнасці. І вось такую Украіну з моцным нацыянальным духам і годнасцю проста немагчыма паставіць на калені.

Можна забіваць украінцаў, але перамагчы іх ужо ніхто не зможа. Крэмль шалее і аніяк не ўцяміць, адкуль такі народны супраціў прыходу іхняга «светлого русского мира».

Таму не выпадкова, што Пуцін так па-садысцку пакараў найперш рускамоўныя ўкраінскія гарады. Бо для яго той жа Харкаў, ці Марыупаль — гэта гарады-здраднікі. Ён так разлічваў, верыў, што уж тут сустрэнуць «старэйшага брата» з праславутымі кветкамі. Аказалася — не.

Гэта і нам вялікая навука. Калі хочам адстаяць незалежнасць Беларусі, то гістарычную і культурніцкую самасвядомасць нам штодзённа трэба стала фармаваць і узмацняць. І ўжо зараз, нягледзячы на ўнутраную антыбеларускую палітыку, бо імперскасць Расіі перажыве Пуціна і будзе нам пагражаць яшчэ доўга.

Па-другое. Украінцы не прызнаюць маскоўскую анэксію іх тэрыторый, якая адбылася ў 2014-м. Яны абсалютна слушна адмаўляюцца пайсці на мірныя перамовы, нават калі вялікія дзяржавы старой Еўропы спрабуюць навязаць іх Кіеву.

І робяць гэта асалютна слушна, бо мірнае жыццё прыдзе да нашых паўднёвых суседзяў і да нас толькі тады, калі Расія цалкам прайграе вайну, вызваліць захопленыя землі і перастане быць імперыяй.

І якія мірныя дамовы могуць быць з цынічным агрэсарам, які бясконца хлусіць?

Ці будзе вайна доўгай, зараз залежыць ад хуткасці і колькасці паступленняў заходняй сучаснай зброі. З аднаго боку, Пуцін не толькі паспяхова ўкраінізіраваў Украіну, але і амаль абсалютна кансалідаваў цывілізаваны свет супраць сябе.

З іншага, неадэкватнасць сёняшняга расійскага дыктатара і яго перыядычныя пагрозы ўжыць самую страшную зброю прымушаюць Захад асцярожна перадаваць суперсучасную баявую тэхніку Кіеву, бо баіцца, што вайна выйдзе за межы Украіны і стане ядзернай.

Мы не ведаем, як будзе выглядаць параза «русского мира», ці ўсё скончыцца распадам Расіі, ці яе трансфармацыяй. Гэта невядома.

Трагічна, што лёс наш пакуль што ў меншай ступені залежыць ад нас саміх, дзякуючы ўсім гэтым Саюзным дзяржавам, АДКБ, сталінізацыі, мілітарызацыі, посткаланіяльным комплексам «малодшага брата» ды іншага, ад чаго Беларусь непазбежна пазбавіцца, як толькі стане вольнай. 

Сапраўды, пра гэта ўсе гавораць — украінцы змагаюцца «за нашу і вашу свабоду». За сваю і за нашу незалежнасць, але і за свабоду Захаду таксама. І ён ужо робіцца лепшым, чым быў апошнім часам, бо ўсё больш вяртаецца да каштоўнасцяў, на якіх калісьці нарадзіўся. Дзякуючы Украіне.

— Зразумела, што прагнозы ў такой сітуацыі рабіць надзвычай складана. І тым не менш, улічваючы тое, што і дагэтуль на Захадзе па-ранейшаму гучаць думкі пра здачу Украінай часткі сваёй тэрыторыі ў абмен на спыненне вайны, ці ёсць нават гіпатэтычная магчымасць таго, што Беларусь аддадуць Пуціну ў якасці ваеннага трафея?

— На шчасце, думаю, што не. Маю настальгічны ўспамін, важны з палітычнага пункту гледжання.

Калі мяне абралі ў 2005-м адзіным кандыдатам ад аб’яднанай апазіцыі і я меў сустрэчы з прэзідэнтамі і прэм’ерамі каля трыццаці заходніх краінаў, то на іх заўсёды гучалі пытанні: «Скажыце, калі ласка, ці адчуваюць беларусы сябе асобнай нацыяй? Ці хочуць яны жыць у дэмакратыі? Ці ім даспадобы тое, што было ў СССР? Можа ў іх моцная настальгія па тых часах? А вось вы ў большасці сваёй размаўляеце па-руску. Калі вы не размаўляеце на сваёй мове, то можа ўжо і не адчуваеце сябе асобнай нацыяй?»

Вось такія пытанні былі за нашымі межамі ўвесь час перад выбарамі. Я не думаю, што мае словы былі дастаткова пераканаўчымі для маіх суразмоўцаў. Але тое, што адбылося на Плошчы ў сакавіку 2006-га, калі больш за трыццаць тысяч выйшлі з пратэстам, нягледзячы на рэальныя пагрозы сілавікоў прызнаць гэты выхад тэрарызмам, за які ў нас можа быць і смяротнае пакаранне.

Асабліва ўразіла моладзь, пратэстны намётавы гарадок з бел-чырвона-белымі сцягамі, са сцягамі Еўразвяза. Тыдзень на «Еўраньюс» галоўнай навіной была вольная Беларусь. Пасля той Плошчы, куды больш сціплай, чым два гады таму, ніхто больш у еўрапейскіх сталіцах такіх пытанняў не задаваў.

Наадварот, казалі: «Мы бачым, што вы, асабліва маладое пакаленне, хочаце жыць па-еўрапейску, у свабодзе, у незалежнасці. Мы з вамі».

Я ведаю, што пасля 2020-га ўсе разумеюць, што цяперашняя ўлада не прадстаўляе большасць беларусаў, якая цвёрда жадае годнага жыцця і хоча сама вызначаць свой лёс.

І многіх уразіў мірны характар пратэстаў. Ён моцна паспрыяў нашаму аўтарытэту. Хоць некаторыя кажуць, што трэба было штурмаваць дзяржаўныя будынкі і браць уладу.

Не падзяляю такія думкі, хаця б з той прычыны, што радыкальныя сцэнары ў нашай сітуацыі скончыліся б вялікай крывёй і ўвядзеннем расійскіх войскаў «для аказання братэрскай дапамогі ва ўмовах заходняй агрэсіі». 

Шматтысячныя маніфестацыі 2020 года бароняць нас і сёння — цывілізаваны свет не будзе глядзець на Беларусь як недадзяржаву, а на беларусаў як неданарод, як то дэкларуе Пуцін. Нас не аддадуць як разменную манету, бо цяпер успрымаюць, як прыналежную да еўрапейскага свету краіну.

Але нават не толькі гэта адыгрывае ролю, гэта з большага такі абгрунтаваны сантымент. Вельмі важна і тое, што для бяспекі Еўропы прынцыпова, каб Пуцін нічога не выйграў у гэтай вайне.

Каб ён у гэтай вайне ўсё прайграў. Бо калі крамлёўскі дыктатар хоць бы часткова рэалізуе свае задумы і мэты, і далучыць Беларусь, ён на гэтым не спыніцца. Мы з’яўляемся сведкамі агоніі імперыі, якая жыве, пакуль пашыраецца, чаго нельга дапусціць.

На Захадзе сёння ўсе выдатна разумеюць. І я лічу гэта вялікім дасягненнем і перамогай 2020 года. Часта са смуткам кажуць: «У 2020-м мы так прыгожа ўсё зрабілі, увесь свет быў у захапленні ад нас. І вось бачыце, што зрабілася. А тут яшчэ і вайна, ды яшчэ з нашай тэрыторыі».

Для мяне тое, што адбылося ў 2020-м, гэта чарговы этап нашай рэвалюцыі. Іх было некалькі, гэта быў чарговы. І для нашага духу, для нашай веры вельмі важна разумець, што рэвалюцыя — гэта не абавязкова палітычны пераварот. 

Змены ўлады не адбылося, бо яна ўжыла гвалт і зброю. Але не вырашыла ніводнай праблемы ў краіне, не запрапанавала ніякай перспектывы грамадству і паскорыла свой крах.

Пры гэтым, дзякуючы тым падзеям, адбыліся неверагодныя змены ў свядомасці беларусаў. Нарадзілася новая грамадзянская супольнасць і палітычная нацыя. Паўстае іншая, лепшая, мацнейшая, сучасная краіна.

— Так, ёсць меркаванне, у тым ліку і замежных экспертаў, што падзеі 2020-га года пакідаюць беларусам шанец на адносна неблагі выхад з гэтай ганебнай сітуацыі. Але наколькі трывалы гэты аванс гісторыі, на вашу думку? Ці дастаткова яго аднаго?

— Вельмі важна самім у сябе верыць. Ведаць, што нам рабіць далей. Некаторыя кажуць: «Дайце нам план перамогі. Штаб Ціханоўскай — дайце нам паслядоўнасць крокаў, мы будзем выконваць і так пераможам».

Бываюць сітуацыі, калі канкрэтны план палітычнай перамогі немагчыма скласці. Бо мы не ведаем, што будзе нават праз месяц, тым больш праз год.

Вельмі карысны тут для нас прыклад сучаснай гісторыі Польшчы. Калі ў іх на пачатку 80-х пасля паўстання 10-міліённага незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» было ўведзенае ваеннае становішча, яны апынуліся ў падобнай сітуацыі, як і мы цяпер.

Было вялікае расчараванне, паняверка ў поспех, у многіх нават дэпрэсія. Палякі ж таксама бачылі, што перамога была нібыта так блізка і яны яе заслужылі. Але гэта была камуністычная дыктатура. І ў Крамлі быў «смотрящий». Тысячы актывістаў трапілі ў турмы, шмат вымушана было з’ехаць у эміграцыю.

Любы паляк раскажа, якія тады былі цяжкія настроі ў людзей, а тут яшчэ і савецкія танкі маглі ў любы момант зайсці. І сапраўды тады шмат хто апусціў рукі. Былі і нязломныя людзі, аднавілі працу ў падполлі, адрадзілі сваю веру і перамаглі «імперыю зла».

І ў тыя часы, і цяпер важна што? Інфармацыя, інфармацыя, інфармацыя. Інфармацыя і асвета. Гэта можна рабіць у падполлі, можна рабіць у эміграцыі. Нам трэба вучыцца і вучыцца.

У такі час, як сёння, трэба адукоўвацца самім, вучыць іншых, рыхтаваць сябе да перамен. І такі момант: перамены павінны наступіць у Беларусі і нельга пакінуць тых, хто застаўся там. А там засталася большасць, у тым ліку пратэстоўцы.

Так, яны заціхлі, вымушаны сысці ў падполле, але яны хочуць працаваць на будучую Беларусь. Таму мы мусім мець план скаардынаванай дзейнасці не толькі для тых, хто з’ехаў. У замежжы прасцей, а вось гэты план найперш патрэбны для тых, хто застаўся. Вяртаючыся да той жа асветы і адукацыі — магчыма і з імі працаваць.

Калі сфармуляваны задачы і мэты, мы самі адчуем, што рыхтуемся да моманту, які нельга прайграць, з якога мы павінны скарыстацца. А як ён складзецца, з якіх картаў, пакуль невядома.

— Беларусы ў чарговы раз перажываюць змрочныя часы. Вайна, з нашым удзелам у тым ліку, бясконцы канвеер рэпрэсій. Грамадства расколатае, апазіцыя высвятляе адносіны. Як не згубіцца ў гэтым моры негатыву? Як вы асабіста ратуецеся ад нядобрых навінаў?

— Я думаю, што аптымізм — гэта практыка псіхалагічная. І каб мець аптымізм, а я яго таксама часам трохі губляю, трэба ўмець канцэнтравацца на пазітыўных момантах. І калі параўноўваць Беларусь узору 1991 года, калі мы здабылі незалежнасць, 1994-га, 2006-га, 2010-га, 2020-га і зараз, то гэта дзве розных Беларусі, тая амаль цалкам савецкая, гэтая ўсё больш еўрапейская.

Мы прайшлі такую пазітыўную эвалюцыю нават у часы дыктатуры. Лічу, што гэта павінна спрыяць нашаму лепшаму настрою. Добрыя змены несумненна ёсць. Трэба іх прыспешыць.

А ячшэ я думаю, што наш песімізм часта ўзнікае па нашай волі. Бо мы не ўмеем падтрымліваць адзін аднаго. Мы часта шукаем ворагаў сярод сваіх. Замест таго, каб убачыць і зразумець, што найперш нашыя супернікі звонку. А мы пачынаем высвятляць адносіны паміж сабой. Гэта часта ад комплексаў і слабай веры.

Мяне вельмі турбуе тое, што як зараз адбываецца атака на офіс Святланы Ціханоўскай. Я не лічу яго ідэальнай структурай, не лічу Ціханоўскую палітычнай суперзоркай, але вельмі яе цаню і паважаю. Няма ідэальных людзей, ідэальных структур. Але абражаць, нападаць як некалі бальшавікі — «грабь награбленное»?

Некаторыя робяць гэта ад зайздрасці, ад завышаных амбіцый, хтосьці ад неразумення сваёй адказнасці, а ёсць і тыя, хто сталі агентамі чужога ўплыву.

Мы мусім бараніць нашыя дасягненні. І ў тым ліку, падтрымліваючы Святлану Ціханоўскую. Бо яна зрабіла вельмі шмат, яна — твар Беларусі ў цывілізаваным свеце, які вельмі добра ўспрымаюць. Яна навучылася гаварыць з кіраўнікамі дзяржаваў на іх мове, прайшла такую эвалюцыю, што мы можам ёй ганарыцца.

Мы ведаем, што яе абрала большасць беларусаў у 2020 годзе. Людзей розных поглядаў, і левых, і правых, заходніх і праўсходніх. Яна змагла ў пратэстным галасаванні аб’яднаць галасы, якія звычайна не аб’ядноўваюцца. Гэтым Святлана Ціханоўская нагадвае лідара польскай «Салідарнасці» электрыка Леха Валенсу. Хоць трэба сказаць, што яна мае і вышэйшую адукацыю, і валодае замежнай мовай, чаго не было ў Валенсы. Але і ён быў выдатным народным лідарам, і пра яго, як і пра Ціханоўскую, простыя людзі казалі — ён такі як мы.

Вакол Валенсы былі выдатныя прафесары, эксперты, ён у іх стала вучыўся, праходзіў свае ўніверсітэты, бо адукацыя гэта не адзнака, а працэс.

Святлана Ціханоўская добра выконвае сваю ролю, нам варта памятаць, што яе стварылі мільёны людзей, аддаючы ёй свае галасы, але і яна стварыла сябе за гэтыя два гады.

Кожны з нас павінен разумець, што адказнасць не толькі ў яе. Вось у яе пытаюцца: «А дзе твая перамога? Ты лідар, то давай!». Кожны з нас павінен у сябе найперш спытаць: «А што я сам зрабіў?».

Зрабіце маленькі крок, сімвалічнае дасягненне. І давайце цаніць і паважаць адзін аднаго. І калі ёсць недахопы, то трэба крытыкаваць, але ж і аналізаваць, як зрабіць лепей. Хачу папрасіць усіх быць вельмі ўзважанымі ў ацэнках, не прыніжаць адзін аднаго, а наадварот — падтрымліваць.

Што да парады ў развіцці працы офіса, то лічу вельмі важна стварыць пры ім сталую шырокую экспертную раду, якая б сфармулявала бачанне будучай беларускай еўрапейскай Беларусі, якую мы хочам пабудаваць, правесці абмяркаванне гэтага праекта развіцця краіны.

Адначасова трэба працягваць распрацоўку праграм сістэмнай трансфармацыі Беларусі з іх абавязковай інфамацыйнай падтрымкай, папулярызацыяй і экспертызамі замежных спецыялістаў.

Самой Святлане Ціханоўскай варта было б ініцыяваць стварэнне Кааліцыйнай рады палітычных і грамадскіх структур для каардынацыі дзеянняў і абмяркавання супольных стратэгій дзейнасці дэмакратычных сілаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(21)