Война

«Мне так хацелася піць, што калі я ўстаў, мяне калаціла»

Украінскі салдат расказаў, як перажыў 80 жудасных дзён на перадавой на Данбасе. Радыё Свабода публікуе гісторыю Ўладзіслава, якую пераказаў карэспандэнт Украінскай службы медыя Мар’ян Кушнір.

Украінскі баец Уладзіслаў, герой публікацыі Photo: Marian Kushnir/RadioSvoboda.Org (RFE/RL)

Праседзеўшы некалькі дзён без вады ў зруйнаваным падвале на перадавой, украінскі салдат Уладзіслаў адвярнуўся ад таварышаў і памачыўся ў бутэльку.

«Потым астыла, і я выпіў», — успамінае ён.

23-гадовы Ўладзіслаў быў адным з двух байцоў, якія летам 2024 году атрымалі загад утрымаць пазыцыю ў вёсцы Кляшчэеўцы на ўсходзе Данецкай вобласьці на працягу двух тыдняў.

Яны выстаялі два месяцы. Голад і смага былі для іх больш страшнымі ворагамі, чым расейскія штурмавыя атрады, якія спрабавалі выбіць іх з пазыцыі.

З Кляшчэеўкі адкрываецца стратэгічны від на навакольле, зь лістапада 2022 году за яе вяліся інтэнсіўныя баі. Перад вайной у паселішчы жылі сотні людзей, але вайна яго зруйнавала. Цяпер разбураную вёску кантралюе Расея.

Зьнішчаная вёска Кляшчэеўка, сфатаграфаваная ў верасьні 2023. Пазыцыя Ўладзіслава знаходзілася каля гістарычнага будынку царквы, які бачны ўверсе зьлева

Уладзіслаў расказаў, што яму і ягонаму таварышу загадалі заняць пусты падвал у вёсцы:

— Мне сказалі: «Ідзі і займай пазыцыю, больш нікога няма».

Аднак у падвале салдаты знайшлі галоднага ўкраінскага вайскоўца, чый стан прадвяшчаў тое, што ім самім давядзецца перажыць: ён быў худы і зьнясілены, адны косьці.

Гэты чалавек застанецца з новапрыбылымі да канца. На актыўных пазыцыях перадавой, накшталт той, якую ўтрымліваў Уладзіслаў з таварышамі, выведныя бесьпілётнікі праціўніка пастаянна адсочваюць любыя рухі, і як толькі заўважаць салдатаў, перадаюць гэтыя зьвесткі артылерыі і апэратарам бесьпілётнікаў (FPV). Таму грузы на пазыцыю звычайна дастаўляюць бесьпілётнікамі. Але ў дождж або навальніцу бесьпілётнікі ня могуць лятаць, і салдаты застаюцца бязь ежы і вады.

— Спачатку мы спрабавалі адпаіць і адкарміць нашага зьнясіленага таварыша, але вады нам не хапала зь першага дня, — расказаў Уладзіслаў Радыё Свабода. — З сабой мы спакавалі багата, але па дарозе на пазыцыю мы раздавалі ваду хлопцам, якія нам сустракаліся, таму прыехалі толькі з адной бутэлькай.

На другі тыдзень вады не было зусім, і салдаты пачалі піць сваю мачу:

— Мы падумалі: што ж, трэба ж нешта рабіць.

Уладзіслаў пачаў адзначаць дні драпінамі на сьцяне падвала.

Уладзіслаў, баец 93-й брыгады. Данбас

Калі іхны палявы штаб пацярпеў ад расейскага ўдару, сувязь са зьнешнім сьветам зусім спынілася. Уладзіслава настойліва прасілі не выходзіць з падвала, але ён кажа:

— Мне так хацелася піць, што калі я ўстаў, мяне калаціла.

Выбраўшыся з разбомбленай пазыцыі, Уладзіслаў знайшоў побач калодзеж.

— Я зачарпнуў вады шлемам. Першы раз, калі я прынёс яе ў склеп, гэтая простая вада з калодзежа падалася салодкай.

Але адчайны паход па ваду заўважыла расейская выведка. Па ўкраінскіх пазыцыях пачалі біць бесьпілётнікі, мінамёты і артылерыя, затым па байцах прымянілі газ. Забаронены сьлезацечны газ выкарыстоўваецца на полі бою ва Ўкраіне, гэтыя факты пацьверджаныя. Салдаты кажуць, што газ часта скідаюць у балёнах зь бесьпілётнікаў.

— Было столькі газу, што ён прабіваўся праз процігаз. Усё гарэла, дыхаць было цяжка, — расказвае Ўладзіслаў. — Адзінае, што мяне выратавала, гэта тое, што я зразумеў, што трэба дыхаць спакойна, што нельга панікаваць. Толькі калі я дыхаў павольна, фільтар [процігаза] працаваў.

Паміж атакамі на пазыцыю байцоў пачаў даймаць голад. Целы зрабіліся «страшнымі» ад недаяданьня. Уладзіслаў мяркуе, што яго вага зьнізілася да 50 кіляграмаў з ранейшых 75.

У нейкі момант мы пачалі саскрабаць зь зямлі кавалачкі локшыны хуткага прыгатаваньня.

Калі бесьпілётнікі нарэшце дабраліся да нас і скінулі прыпасы. Мы былі як у раі. Я там гатаваць навучыўся. Скідалі пюрэ, локшыну хуткага прыгатаваньня, печыва.

Урэшце група Ўладзіслава пачала рабіць вылазкі ў вёску Кляшчэеўку. Там яны зьбіралі прадукты і ваду.

Набегі на спустошаную вёску рабілі і расейскія войскі. Адну групу расейскіх салдат, якая праходзіла тудою, заўважылі ўкраінскія бесьпілётнікі, і яна трапіла пад удар. Расейцы пакідалі груз і кінуліся наўцёкі. Уладзіслаў кажа, што вылез са свайго склепа і знайшоў кінуты заплечнік. Там быў тэлефон, печыва, тушонка і трохі крупаў. Гэты трафэй ён зацягнуў на сваю пазыцыю ў падвале: «Хлопцы былі такія шчасьлівыя, што там ежа».

Вуліца ў зруйнаванай вёсцы Кляшчэеўцы, побач зь якой летам 2024 году Ўладзіслаў з пабрацімамі два месяцы трымалі пазыцыю ў падвале

Падчас чарговай атакі войскі захопнікаў спрабавалі ўзяць штурмам падвал, дзе хаваліся Ўладзіслаў і яго таварышы.

— Мы перадалі па рацыі паведамленьне, што нас атакуюць, потым падрыхтаваліся да адпору. Адзін з нашых бесьпілётнікаў быў запушчаны і пачаў скідаць на іх бомбы. Калі адзін з расейскіх штурмавікоў забег на нашу пазыцыю, мы застрэлілі яго з аўтамата і лёгкага кулямёта. На бэтоне засталася яго кроў.

Уладзіслаў сьцьвярджае, што страху падчас штурму не адчуваў:

— Вы проста працуеце на адрэналіне. Вы займаеце сваю пазыцыю, выключаеце засьцерагальнік на зброі і чакаеце. Потым, як толькі заходзіць праціўнік, вы страляеце, і гатова. Вы насамрэч ні пра што ня думаеце.

Празь месяц байцам сказалі, што іх нарэшце заменяць, але сытуацыя на полі бою была няпростая, і ратацыю адклалі. Ва ўмовах дэфіцыту ежы і вады і частых абстрэлаў, кажа Ўладзіслаў, вытрываць было няпроста.

Былі моманты, калі мне было так цяжка, што хацелася застрэліцца. Мае таварышы размаўлялі пра ўсё-ўсенька, што толькі маглі прыдумаць. Было цяжка; мы ўсе трое плакалі. Проста хацелі дадому.

Душэўная палёгка для маладога салдата наступіла, калі жонка, якая жыве за межамі Ўкраіны, аднойчы змагла да яго датэлефанавацца:

— Яна патэлефанавала майму камандзіру, потым штаб злучыў нас праз радыё, і мы размаўлялі. Я быў такі шчасьлівы, быццам лячу ў космасе. Потым я пагаварыў з дачкой. У той момант проста пра ўсё забыўся.

Калі праз два зь лішкам месяцы нарэшце прыйшоў загад пакінуць пазыцыю, яны моўчкі пайшлі празь цемру ў бок сваіх. Цемру дзе-нідзе праразала сьвятло загадкавых ліхтароў і агнёў. Калі іх атакаваў расейскі бесьпілётнік, байцы разьдзяліліся, і толькі на сьвітанку наступнага дня Ўладзіслаў нарэшце дабраўся да каманднага пункту, у адносную бясьпеку.

Яго таварышаў у дарозе параніла, але яны таксама дабраліся ў бясьпечнае месца, у тым ліку салдат, якога яны знайшлі ў падвале два месяцы таму.

Перадусім была ежа.

— Я патэлефанаваў жонцы, каб паведаміць ёй, што выйшаў, а потым сказаў: «Дай мне 10 хвілін, я пайду паем». Перабраў усё: сасіскі, пюрэ, локшыну хуткага прыгатаваньня, — успамінае ён. — Глытаў усё, што трапіць у рукі.

Прызыўны ўзрост ва Ўкраіне цяпер складае 25 гадоў, гэта значыць, што Ўладзіслаў мог бы пазьбегнуць удзелу ў баях. Але нават пасьля выпрабаваньняў у Кляшчэеўцы ён кажа:

— Я хачу вярнуцца і дапамагчы хлопцам. Я хачу быць на фронце і пачуць па радыё: «Вось, хлопцы, ура, вайна скончылася», потым паглядзець на ўсіх і проста пайсьці». Хачу, каб усе вярнуліся дадому. Усе.

Неўзабаве пасьля гэтай размовы, якая адбылася на Данеччыне ў сьнежні 2024 году, Уладзіслаў па дарозе на перадавую падарваўся на міне. Цяпер ён лечыцца.

Читайте еще