Выборы-2020

На 10 участках Кастрычніцкага раёна Мінска атрымаліся аднолькавыя вынікі

Блогер Дзмітрый Івановіч (iva dim) прааналізаваў вынікі галасавання на выбарах-2020 у Кастрычніцкім раёне Мінска. «Малявалі пад капірку», — перакананы ён.

Пра гэта піша Наша Ніва.

У Кастрычніцкім раёне Мінска было створана 56 участкаў. У адкрытым доступе існуюць вынікі галасавання толькі часткі з іх — у вялікай колькасці выпадках старшыні камісій проста не вывешвалі пратаколы.

Тым не менш высветлілася, што на 10 участках у Кастрычніцкім раёне камісіі налічылі роўна 6,1% сапсаваных бюлетэняў.

Гэта анамальна вялікая лічба, звычайна псуюць каля 1% бюлетэняў. А тут яна не проста анамальна вялікая, але яшчэ і аднолькавая.

Амаль паўсюль сышліся і лічбы галасавання «супраць усіх», і падтрымка Святланы Ціханоўскай.

Тая ж карціна была з працэнтам датэрміновага галасавання.

Нарэшце, вынік Лукашэнкі на ўсіх 11 участках — 66,6%.

З сайтаў дзяржаўных органаў выдаленая інфармацыя пра склад камісій. Тым не менш часткова яна засталася ў інтэрнэце, як і звесткі, з работнікаў якога прадпрыемства набіралася камісія.