Лица

«На Камароўцы даруюць толькі адзін раз». Памідораў некалькі месяцаў адпрацаваў там грузчыкам

Вядомы музыкант і радыёвядучы Аляксандр Памідораў у лістападзе мінулага года застаўся без працы. Увосень 2020-га ён адсядзеў 15 сутак за дваровы канцэрт. Пасля гэтага амаль год не мог сабе знайсці працу. У выніку музыкант з'ехаў з Беларусі. Ён расказаў СНплюс, як некалькі месяцаў працаваў грузчыкам на Камароўцы.

А без аніякай працы апынуцца ў 2021-м… Складаеш «сямейны (сам і дзве коткі) бюджэт», і разумееш — трэба рабіць, а рабіць няма дзе…

У краме пад домам ужо гатовыя ўзяць грузчыкам на працу: 10 гадзін, два праз два. Ды да адміністратаркі падбягае прадавачка, і ты чуеш яе шэпт: «Андрэеўна, ты ж глядзі. Гэта ж гэты, вядомы… Ну, побач жыве тут. Глядзі, у яго ж сцяг на руцэ!»

І далей дыпламатычны прысуд: «Добра, мы вам пазванім…»…)))))

Хлопчык з інтэлігентнай сям’і заўсёды мае стасункі з бандытамі. Гэта аксіёма.

Мы цягнемся адзін да аднаго. Бо мы — і тыя, і тыя — маем эстэтыку і культуру стасункаў, любім прыгожае ў найлепшым і найвышшым яго праяўленні.

Я быў слесарам, кантралёрам АТК, вахцёрам…А тут пры нецвярозай размове, кажу:

— Патрэбная праца. Ну, я знаёмы з тачкамі (ці для каго, прабачце, вазамі)…

Сябра, што прыглядае за раёнам на Камароўцы, кажа:

— Саня, не суйся.

— Не, трэба!

Тады ён вядзе мяне на шэрагі садавіны адкрытага Камароўскага базару і проста ў першага з гандляроў пытаецца:

— Возьмеш хлопчыка на грузчыка?

— Піеш?

— Ты дзяўбень? Я перад табою ўжо п’яны, толькі з бара выйшаў!

— У аўторак каб а восьмай рана быў.

А восьмай рана мусіш быць на базары. І гэта ты прымеркаваны да дакладнай кропкі гандлёвай. Працуеш «на чорна» — то-бок, няма ў цябе ані санітарнай кніжкі, няма цябе ў рэестры.

Грузіш і цягнеш на кропку з падвала, з халадзільніка яблыкі, потым выстаўляеш вітрыну на кропцы, потым па гарызанталі ўжо едзеш на склад, адтуль забіраеш на кропку яшчэ колькі скрыняў яблык.

Потым вяртаешся да машыны і адтуль перакідваеш на склад агульным лікам ад паўтоны да дзвюх з паловай гэтых яблык.

Частку вязеш потым на ніз, на халадос. Увечар забіраеш з адной-дзвюх гандлёвых кропак непрададзенае — і туды ж, на ніз.

А назаўтра разгрузі да дзявятай рана машыну/фуру яблык, закінь на кропкі.

Пачакай, пакуль кантралёры не сыдуць ад брамы гаспадарчай, і абачліва туды ж, на склад, адвязі ў два прыёмы пад тону яблык.

А потым перакідвай паўтары тоны слівы на халадзільнік.

Слівы і журавіны — сезонны і вельмі адказны прадукт. Сліва вельмі хутка псуецца, яе прывозяць у невялікіх пластыкавых палетах. Але яны з поліэтылену, сліва цяжкая, поліэтылен драпае рукі, пальцы. Сок зацякае ў парэпіны на скуры. Даволі непрыемна з пункту гледжання касметалагічнага. Журавіна — рэч дробная. «Бананка» журавіны важыць на пару-тройку кіло цяжей за яблыкі. Насыпаюць «з горкай». Прасыпаць не маеш права — тавар жа ж!)))

Тачка хоць старая, паслухмяная, але колы ўжо не тыя. І мусіш пільнаваць, каб не нахілілася. Бо нахілішся — тваё з яе абрынецца.

А на Камароўцы даруюць толькі адзін раз. Гэта нават не Масква з яе слязьмі. Там слёз няма. Там жорстка і дакладна.

«Кіроўцы» тачак — гэта хлапакі-забіякі: мент, артыст і два ваякі

Во дзе і з чым я і адчуў сапраўдную працу. Бо так я ніколі не пацеў, і ніхто так не пацеў — прабачце, ды паспрабуйце! — ані на адной прабежцы, ані ў адным фітнэсе, ані на якой велавандроўцы.

Дзякуй хеўры, у якую трапіў: вайскоўцы ў мінулым — пастаўшчык Азіз, былы проціпаветраны абаронца з Азербайджана, гандляр Вова, мажны былы «афганец», і гаспадар гандлю, у далёкім мінулым аператыўны супрацоўнік Маскоўскага РУУС Мінска, Коля, ну і я, музыка…

А тачка (ці, як хочаце, воз. Хіці — што гэта за воз?) хоць і кладзецца ручкамі ў рукі, але можа не дацца.

Як перагрузіў, ды не зразумеў, як — можа цябе назад пацягнуць.

Ці з пандуса, як яе за сабою цягнеш, накаціць, і тады бяжы-бяжы, хлопец, ногі-тулава беражы…))) Але і тавар таксама не мусіш кінуць.

Ну і яшчэ пра тачку.

Тачка. Максімальная вага для перавозкі 300 кг. Ясна, што цягаем болей. Але праз паўтара месяца маёй з ёй працы на яе паставілі новыя заднія паваротныя колы. З тармазамі.)))

А вось і мая Тачка, на якой столькі тон усяго рознага перавезена… Фота аўтара

Максімальная вага для перавозкі ў яе 300 кг. Ясна, аднак, што цягаем болей. Праз паўтара месяцы маёй зь ёй працы на тачку паставілі нарэшце новыя заднія паваротныя колы. З гамульцамі.)))

А зараз – пра таго, хто за «стырном». Дык вось, як новы грузчык на базары – увесь базар ва ўвазе. Усе прыглядаюцца: як цягнеш, колькі «бананак» грузіш, як ходзіш, як з мясцовымі размаўляеш…

Ну, мяне за тры дні «праламілі», у сэнсе, высьветлілі, хто да іх працаваць прыйшоў. І падмургваньні на рампе, і пытаньні «ці ня крыўдзяць?», і як цягнеш з 20 «бананак» яблык на гару на пандусе…

Побач такі ж, зь мясам, штурхае сваё, але кажа: «Жыве Беларусь!»

Нават неяк падумаў, што дурная мая галава, трэба было раней да сябра камароўскага зьвярнуцца па гэтую працу. Больш бы карысьці было.

Шмат можна распавядаць.

І пра амаль бунт з раніцы. Калі пасьля вядомага выказваньня вядома каго па тэлебачаньні, пра тое, што маскі – гэта бздура, і можна іх не насіць, палова прадаўцоў на Камароўцы выйшла без масак/экранаў на тварах, пакупнікі а дзявятай таксама без масак…

І толькі кантралёры бегаюць, ня ведаюць, што рабіць. Крыкам крычаць на пакупнікоў, на прадаўцоў… А ім усе сьпярша сьмяяліся, а потым ледзь не да бойкі дайшло. Абыйшлося.

Памяркоўны народ. Нават на Камароўцы. Толькі не са сваімі.

Трэці «касяк» не прабачаюць. Калі ад цябе адмовіліся – аб працы на базары забудзься. Ніхто ня возьме.

Мне можа ізноў пашчасьціла. Я толькі два разы накасячыў. І тое так, дробна.)))

Сэзон скончыўся ў апошні дзень лістапада. Разьлічыліся, усё шчыра.

І потым зьбіраю рэчы ўжо павольна – Коля тэлефануе:

– Саня, дапамажы, трэба выйсьці пару дней.

Ну, пацяплела, можна працаваць. І кажа, што пазахварэлі амаль усе грузчыкі на базары. Кавідка, яці яго.

Выйшаў апошнія два дні. Ну і што? Зь пятнаццаці грузчыкаў на працы было толькі пяць. Здаровая краіна, што…)))

Але ёсьць там такія людзі, што я дагэтуль дзіўлюся, як пад 50 палетаў садавіны цягне чалавек малады па гарызанталі і потым на ніз, у халадзільнік. Адна палета 12 кіло важыць. Я так і не спрабаваў.)))

Мы сябе называлі наступным чынам: хлопакі-забіякі: мент, артыст і два ваякі. Кланяюся за навуку.

Жартую часам, наконт: а што яшчэ мог прыдумаць менскі жыд у крызісны час? Пайсьці грузчыкам на сэзон на базар працаваць. На садавіну. Вітаміны, тое, сёе…)))))

Навука жыцьця…

Вам стала сумна ад гэтага расповеду? Тады трошкі сьвяточнай музыкі ад Аляксандра Памідорава — ён пажыцьцёвы аптыміст! Верым у лепшае, сябры!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(38)