Общество
«Радыё Свабода», фота Дзмітры Дзежыц

На радзіме Быкава Пушкін атрымаў прэмію «За свабоду думкі»

Сьвяткаваньне 85-ых угодкаў Васіля Быкава на ягонай малой радзіме, у весцы Бычкі Ушацкага раену, стыхійна склалася з дзвюх частак. Першая частка была арганізаваная аддзелам культуры мясцовага райвыканкаму — для прадстаўнікоў уладаў і афіцыйна прызнанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Другую частку зладзілі дэмакратычныя актывісты.

З гадзіны дня кабеты ў нацыянальных строях Ушацкага Дому культуры гатавалі дранікі на падворку Дому-музэю Васіля Быкава.

Гучалі гуказапісы расейскіх народных песень, каля ўваходу ў музэй стаяў дэкаратыўны плоцік са штучнымі сланечнікамі, а пад ім на лавачках сядзелі піянэры ў чырвона-зяленых гальштуках. Як высьветлілася пазьней, гэта былі прадстаўнікі піянэрскай дружыны імя Васіля Быкава Кубліцкай сярэдняй школы. Яны падрыхтавалі да афіцыйных гасьцей з райцэнтру, абласнога цэнтру і сталіцы літаратурную кампазыцыю па творах славутага земляка.

Кантрастам з выступам літаратараў з афіцыйнага саюзу пісьменьнікаў сталіся чулыя словы Васіля Быкава спадарыні Валянціны, якая распавядала пра братава маленства.

Аднак доўга гаварыць ей не далі. Віцебскі паэт Давід Сімановіч прачытаў верш, прысьвечаны Васілю Быкаву, а потым дэлегацыі абвясьцілі, што ўсім даецца роўна дзесяць хвілін на наведваньне музэю.

Пакуль ахвотныя глядзелі экспазыцыю, створаную ў Бычках у 2004 годзе высілкамі мясцовых жыхароў, якія зьбіралі па хатах мэблю ды іншыя экспанаты, афіцыйная частка пачала згортвацца — у літаральным сэнсе гэтага слова. Гаспадыні згарнулі абрусы, пагрузілі патэльні, міскі, талеркі, гукаапэратары адключылі дынамікі і скруцілі правады, піянэры пасядалі ў аўтобус, літаратары ды чыноўнікі ў транспарт таксама, і праз хвілін 20 ля музэю засталіся толькі неафіцыйныя госьці.

Тыя, каму прызначаліся дранікі ды іншыя адзнакі псэўданацыянальнага калярыту, скіраваліся ў Вушацкі раенны Дом культуры, дзе па загадзе райвыканкаму была арганізаваная літаратурная вечарына. Аднак прысьвечаная не 85-ым угодкам Васіля Быкава, а 65-ці годзьдзю вызваленьня Беларусі. І славутага земляка ўзгадалі там проста ў шэрагу ўдзельнікаў «вялікай айчынай вайны» ды літаратараў, якія пісалі пра тагачасныя падзеі.

Тым часам, каля музэю сьвята працягвалася. Дэмакратыныя актывісты, якія з’ехаліся з Віцебску і з Менску, цепла прывіталі Рыгора Барадуліна, блізкага сябра Быкава. І пад воплескі прысутных намесьнік старшыні Руху За свабоду Віктар Карняенка абвясьціў імя селетняга ляўрэата прэміі «За свабоду думкі імя Васіля Быкава».

Прэміяй селета ўганараваны мастак Алесь Пушкін. Летась ляўрэатам гэтай прэміі, заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам на ўзор прэміі Эўрапарлямэнту За свабоду думкі імя Сахарава, былі Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў і Павал Севярынец. Яны і вызначылі селетняга ляўрэата. Паводле заснавальнікаў, гэтай прэміяй штогод мяркуецца ўганароўваць тых, хто праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды. Але Алесь Пушкін у сваей прамове сказаў, што нічога такога асаблівага, на яго погляд, не рабіў. Проста быў беларусам, маляваў карціны і імкнуўся прэзэнтаваць сваю краіну ў замежжы толькі зь лепшага боку.

Перад прысутнымі выступалі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, мастак Алесь Марачкін, кіраўнік ПБНФ Лявон Баршчэўскі. Пасьля ўрачыстай часткі ўсіх запрасілі ў музэй Быкава. Аднак не на тое, каб паглядзець. У быкаўскім музэті ахвотныя пісалі нацыянальную дыктоўку. Тэкст з кнігі «Доўгая дарога дадому» прадыктавалі Зінаіда Бандарэнка і Рыгор Барадулін. Завяршылася сустрэча сяброўскай вячэрай за накрытымі пад вольным паветрам сталамі.

Міліцыянты, якія прыехалі на пачатку сьвяткаваньня і здымалі ўсіх прысутных на відэа, праявілі пэўную далікатнасьць — да сталоў не падыходзілі. Але дзяжурылі ў двары музэю да тае пары, пакуль не разьехаліся апошнія госьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)