Наста Базар: «Людзі з Беларусі таксама знаходзілі спосабы далучыцца да марафона, прасілі сяброў і блізкіх па-за межамі краіны»
Ад 5 да 2334 еўра данацілі беларусы ў падтрымку палітвязняў. Суарганізатарка анлайн-марафону салідарнасці расказала пра першыя вынікі акцыі.
— Мы планавалі марафон не больш чым месяц таму. На такую суму, якую ўжо атрымалася сабраць, натуральна, не разлічвалі. Нават троху баяліся называць тую суму, да якой імкнемся. Воля Гарбунова разлічвала на 100 тысяч (і яны прайшлі ў першай палове дня) — цяпер больш як 350, і гэта вельмі радуе. Нагадваю, што збор скончыцца заўтра, і ёсць яшчэ цэлы дзень.
Адна з неверагодных рэчаў — тое, наколькі людзі пачалі далучацца. Вядомая мастачка Вольга Якубоўская выставіла сваю карціну на аўкцыёне, некаторыя пачалі выстаўляць эксклюзіўныя цішоткі.
Ну і, канешне, нельга не сказаць пра крэатыўнасць беларусаў і беларусак. Заданаціць грошы — гэта проста, таму людзі пачалі данаціць знакавыя сумы: 23,34 еўра, 233,4 еўра і нават 2334 еўра. Таксама было і 13.12, і 09.12, і 20.20 — гэта паказвае, што нават у зборы мы знойдзем, як і дапамагчы, і быць крэатыўнымі.
Тэхнічная частка — з якіх краін людзі адгукнуліся — пакуль што недасяжная, бо ў нас вельмі маленькая каманда. Але як толькі будзе пэўная інфармацыя, мы яе агучым. Мне здаецца, што падтрымка ішла з усяго свету.
І людзі з Беларусі таксама знаходзілі спосабы, прасілі сяброў і блізкіх па-за межамі краіны. Гэта вельмі важна, бо адной з мэтаў марафону было наладзіць масток паміж тымі, хто з’ехаў і хто застаўся ў краіне, паказаць, што мы разам.
І яшчэ адна, для мяне адна з самых важных, мэтаў — каб кожны палітзняволены і палітзняволеная даведаліся, што мы будзем працягваць рабіць усё, што можам, каб іх падтрымліваць. Ёсць звесткі, што палітвязні ўжо таксама ведаюць пра марафон.
Гэта першы вопыт, безумоўна, ёсць нейкія пытанні, і не ўсе, хто хацеў бы патрапіць у эфір, змаглі патрапіць — але мне здаецца, кантэнту ў нас было ўжо на тры эфіры.
І вельмі важна, што ёсць такая зваротная сувязь: даўно забытае адчуванне цяпла, што мы разам, што мы нешта можам, можам аб’ядноўвацца — і гэта самае вялікае і самае цёплае, што можа быць вынікам марафону.
Калі б не спрацаваў марафон, мы б прыдумалі яшчэ нешта. І мы будзем рабіць усё, што можам, каб падтрымаць палітвязняў, каб быць іх голасам.
Бюджэт марафону — 0. 100% з рахунку, апрача камісіі банкаў, пойдуць у 13 фондаў, ініцыятыў і арганізацый, якія падтрымліваюць палітзняволеных і іх сем’і.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное