У Беларусі ж рэжым зрабіў усё, каб юбілей выбітнага беларуса не набыў шырокага грамадзкага гучаньня (і гэта мне нагадала чэрвень 1994-а, апошнія «кебічаўскія» дні, калі 70-годзьдзе Васіля Ўладзімеравіча у сквекры Купалы і на Варвашэні, 8 адзначыў Беларускі Народны Фронт, а старшыня Вярхоўнага Савету і старшыня Саўміну нават не павіншавалі пісьменьніка).
Навумчык: «Эміграцыя Быкава ў пачатку лукашызму сёння выглядае як прадвесце, як знак будучай бяды»
Публіцыст падсумаваў вынікі года, у якім беларусы адзначылі 100-годдзе народнага пісьменніка.
— У студзені Рада БНР зьвярнулася да грамадзкасьці з заклікам шырока адзначыць 100-годзьдзе з дня народзінаў Васіля Быкава ў Беларусі і ў асяродках дыяспары, — піша Сяргей Навумчык.
«Быкаў узьняў беларускую літаратуру на сусьветны ўзровень і быў у першым шэрагу змаганьня за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі, за нацыянальнае Адраджэньне, — гаварылася ў звароце. — Ён не баяўся казаць праўду ў твар дыктатару і апошнія гады жыцьця мусіў правесьці на чужыне».
Вось гэта вельмі важны момант, на які мы часта забываемся. Быкаў не «далучыўся» да нацыянальнага руху ў змаганьні за Незалежнасьць — ён быў адным са стваральнікаў і арганізатараў на тым гістарычным этапе, вынікам якога стала 25 жніўня 1991 году.
Эміграцыя Быкава ў пачатку лукашызму (фактычна, тое была эміграцыя) сёньня выглядае як прадвесьце, як знак будучай бяды — праз амаль чвэрць стагодзьдзя свой дом будуць вымушаныя пакінуць сотні тысяч беларусаў.
Але тое, як ушанавалі вялікага беларуса ў асяродках дыяспары, успрымаецца знакам адданасьці Беларусі. Памяць не вымяраецца маштабам і геаграфіяй, але зробленае ў беларускіх асяродках розных краінаў, сапраўды ўражвае.
Найперш, канешне, кнігі. Калі пісьменьніка выдаюць і чытаюць праз два дзесяцігодзьдзі пасьля сыходу з жыцьця, гэта стведчыць пра неўміручасьць ягонага слова.
У беластоцкім «Камунікаце» выдадзеныя «Бліндаж» і «Афганец» (вялікая падзяка Яраславу Іванюку). Запісаныя ў аўдыёфармаце «Доўгая дарога дадому», «Мёртвым не баліць», «Дажыць да сьвітаньня», «Альпійская баляда», «Воўчая зграя», «Знак бяды». Пры фінансавай падтрымцы Рады БНР выйшаў зборнік «Васіль Быкаў 100», прэзэнтацыі прайшлі ў Празе, Атаве і Нью-Ёрку.
У юбілейны год была адроджаная прэмія імя Быкава «За свабоду думкі» (сёлетні ляўрэат — гурт «NaviBand»). Быкаўскім партрэтам Рада БНР праз сем дзясяткаў гадоў адрадзіла традыцыю выпуску паштовых марак.
У Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі прайшла прысьвечаная Быкаву імпрэза, адкрылася экспазыцыя быкаўскіх выданьняў, дакумэнтаў і мэмарыяльных рэчаў.
У Варшаве адбылося чытаньне прысьвечанай Быкаву п’есы Васіля Дранько-Майсюка, у Беларускім доме прайшоў спэктакль «Суд сумленьня», у Цэнтры беларускай салідарнасьці пра Быкава ўзгадваў Уладзімер Арлоў, у віленскім Беларускім музэі правялі чытаньні быкаўскіх твораў і была кніжная выстава.
Гэта зусім ня поўны пералік імпрэзаў — і шмат за што трэба выказаць шчырую ўдзячнасьць Аліне Коўшык і Паўлу Баркоўскаму.
У дні юбілею пра значнасьць Быкава для беларускай нацыі выказаліся вядучыя непраўладныя палітыкі і грамадзкія дзеячы, часта розных пазыцый, у тым ліку Івонка Сурвілла і Сьвятлана Ціханоўская, Зянон Пазьняк і Павал Латушка. Пра Быкава і ягоную творчасьць прыгадвалі практычна ўсе беларускія незалежныя СМІ.
Сёлета ўлады адмовіліся вешаць мэмарыяльную шыльду на доме ў Гародні, дзе жыў Быкаў. У той жа Горадні, Віцебску, Менску (гарадах, дзе жыў Васіль Уладзімеравіч) па-ранейшаму няма ні помнікаў, ні вуліц ягонага імя. Тым большая ўдзячнасьць усім, хто здолеў ушанаваць памяць Быкава на Бацькаўшчыне.
Але ўсё — будзе, калі будзе вольная Беларусь. «Беларусь ня зьнікне, калі не скарыцца чужой сіле» — казаў Быкаў.
Усім сьвятла і шчасьця ў 2025 годзе!
Жыве Беларусь!
Артыкулы «Салідарнасці» да 100-годдзя народнага пісьменніка можна прачытаць у адмысловай рубрыцы Быкаў-100
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное