Навумчык: «Калі лідэры няздольныя арганізаваць паўстаньне — дык, магчыма, ня трэба і пачынаць?»

Усё часьцей чую, што 2020-ы быў трагічнай памылкай, што хай бы «выбары» прайшлі так, як у 2015-м, і працягвалася макееўская «мяккая беларусізацыя» ды «лібералізацыя», піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Бо галерэя «Ў», Арт-сядзіба, праца рэдакцыяў незалежных СМІ, бюро «Свабоды» і Белсату ў Менску,  практычна штодзённыя  нацыянальныя імпрэзы, выданьні твораў беларускіх літаратараў і кніг пра сапраўдную беларускую гісторыю, іх прэзэнтацыі ў перапоўненых залях, шматтысячныя канцэрты пад Сьцягам — і ўсё гэта пад Лукашэнкам, — лепей, чым турма за Сьцяг, ператрусы,  бязьмежны тэрор  ды вымушаная эміграцыя з пэрспэктывай дзесяцігодзьдзяў, для многіх  ужо без усялякай надзеі ўбачыць сваіх бацькоў — пад тым жа самым Лукашэнкам.

І што ізноў меў рацыю Пазьняк, калі ў самым пачатку 2020-га заклікаў да байкоту «выбараў» (немагчымых пры Лукашэнку ні ў якой форме), да няўдзелу ў іх, калі ўгаворваў ігнараваць, не выдумляць розныя «праймарыз» ды «кандыдатаў пратэсту», якія так ці інакш уцягваюць людзей у «выбарчы» працэс, увогуле не дакранацца да гэтай кампаніі.

І кажуць мне гэта вельмі вядомыя людзі, якія сваю адданасьць Беларусі даказалі справамі і, фактычна, усім сваім жыцьцём — але баяцца сказаць гэта публічна, бо заклююць.

Супраць можна вылучыць хіба толькі адзін важкі аргумэнт: народ мае права на паўстаньне. 

Але калі лідэры няздольныя арганізаваць паўстаньне — дык, магчыма, ня трэба і пачынаць? У 2020-м, як памятаем, ні пра якое паўстаньне ад лідэраў не было і гаворкі — ні ў пачатку «выбарчай кампаніі», ні ў фінале (памочнік Калесьнікавай у інтэрвію НН прызнаўся, што ўвечары пасьля галасаваньня ў штабе былі шакаваныя і разгубленыя, убачыўшы на вуліцах дзясяткі тысяч людзяй). 

Тое, што лідэраў 2020-га (усіх без выключэньня) нельга было падпускаць да палітыкі на гарматны стрэл — па-мойму, сёньня відавочна ўсім (проста ня ўсе могуць пра гэта сказаць).

Асабіста я зьяўляюся прыхільнікам эвалюцыйных пераменаў у выпадку, калі адсутнічаюць умовы для рэвалюцыі. Мой рэвалюцыйнвы запал застаўся ў 1991-м — тады БНФ сапраўды ўдалося зьдзейсьніць Нацыянальную рэвалюцыю, малымі сіламі дасягнуўшы Незалежнасьці.

(Тут у дужках адзначу, што да той рэвалюцыі мы былі добра падрыхтаваныя. БНФ меў прадстаўніцтва практычна ва ўсіх страйкамах (у большасьці выпадкаў ён сам іх і стварыў) на ўсіх буйных прадпрыемствах, своеасаблівая «рэпэтыцыя» рэвалюцыі адбылася ў красавіку 1991-га, калі на плошчу выйшла 100 тысяч рабочых. За год (зь лета 1990-га да жніўня 1991-га) Апазыцыя БНФ падрыхтавала пакет заканадаўчых актаў пад абвяшчэньне Незалежнасьці плюс эканамічную праграму, якая прайшла міжнародную экспэртызу).

Мы не адмаўляліся ад палітычнай барацьбы і пасьля 1991-га — была спроба дамагчыся датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у 1992-м, задушаная Шушкевічам і пракамуністычным Вярхоўным Саветам. Але на Плошчу пасьля забароны выбараў удалося вывесьці толькі 5 тысяч чалавек — зрабілася зразумелым, што палітычны імпэт людзей сышоў, яны былі заклапочаныя іншымі праблемамі.

І далей мусіла адбывацца «праца штодзённая, шэрая» — і яна ішла: дэпутаты Апазыцыі БНФ падрыхтавалі дзясяткі законапраектаў па умацаваньні дзяржаўнасьці, стварэньню ўмоваў для функцыяваньня рынкавай эканомікі, гарантаваньня правоў чалавека, свабоды прэсы і г.д. 

Ня ўсе іх удавалася правесьці праз Вярхоўны Савет цалкам, але шмат якія палажэньні — удавалася. Інтэнсыўна працавалі Камісія па адукацыі і культуры ВС на чале з Нілам Гілевічам, актывісты ТБМ (Таварыства беларускай мовы) і ТБШ (Таварыства беларускай школы), і 1 верасьня 1993-га 80% школьнікаў пайшлі ў беларускамоўныя клясы.

Мы рыхтаваліся да парлымэнцкіх выбараў, якія рана ці позна былі б прызначаныя, і на якіх нацыянальна-дэмакратычныя сілы ўзялі б калі і не 50%, дык значна павялічылі б сваё прадстаўніцтва ў заканадаўчым органе.

Яшчэ 5-7 гадоў парлямэнцкай дэмакратыі (так, недасканалай, але дэмакратыі) — і выбарчага ўзросту дасягнула б новае пакаленьне, выхаванае ўжо ў незалежнай Беларусі, якое дэмакратыі і свабодзе аддало б перавагу перад «чаркай – шкваркай» і «назад у СССР».

Але Ганчару, Булахаву (ад якіх я ніколі ня чуў ніводнага беларускага слова) ды некаторым іншым дэпутатам захацелася імгненнай  ўлады, і яны дамагліся прэзыдэнцтва (раней Кебічу да ўвядзеньня пасады прэзыдэнта не хапала галасоў). І прапіхнулі Лукашэнку (цалкам у інтарэсах Расеі).

Некаторыя палітолагі называюць 1994-ы «народнай рэвалюцыяй» —– не, шаноўныя, рэвалюцыя была ў 1991-м, у 1994-м была праімпэрская контррэвалюцыя. У якой народ скарысталі.

І калі я зьвяртаю погляд у 2020-ы год, бачу, што ў самым яго пачатку лідэры і кандыдаты ні слова не казалі ні пра Незалежнасьць, ні пра нацыянальнае Адраджэньне, але заяўлялі, што пры іх інтэграцыя з Расеяй пойдзе больш энэргічна, і што яны выканаюць усе дамоўленасьці паміж Масквой і Менскам (тое ж самае паўтарыла Калесьнікава і падчас «выбараў»).

І тое, што мільёны праігнаравалі гэтыя словы і пайшлі за імі («абы не Лукашэнка!») — проста адзін да аднаго паўтарае сытуацыю 1994-га («Абы ня Кебіч!»).

Толькі з куды больш страшным вынікам.   

Урокі з усяго гэтага зрабіць неабходна, інакш і наступныя пакаленьні беларусаў у лепшым выпадку будуць ісьці па зачараваным коле, а ў горшым — па шляху ў бездань.