Навумчык: «Сэрца Лукашэнкі належыць Расеі, і бʼецца яно не за Беларусь»

Палітычны аглядальнік — пра мэтазгоднасьць перамоваў з правіцелем.

Сяргей Навумчык

— Надзвычай цяжка выказвацца пра мэтазгоднасьць (альбо непажаданасьць) перамоваў з Лукашэнкам з той прычыны, што менавіта жыцьцё палітвязьняў з’яўляецца іх першачарговай мэтай, — піша Сяргей Навумчык. — Для тысяч родных і блізкіх зьняволеных якія заўгодна перамовы і якія заўгодна кампрамісы могуць быць апраўданыя выхадам на волю дарагіх ім людзей. І папракнуць іх у гэтым ня мае права ніхто.

Калі ж аналізаваць пытаньне праз гістарычную рэтраспэкцыю, з аднаго боку, а з другога — з улікам сучаснага кантэксту, нязьменна прыходзіш да наступных высноваў.

Усякую «адлігу» (апошнюю па часе — «макееўскую лібэралізацыю) Лукашэнка спыняў, як толькі ўзьнікала рэальная пагроза ягонай асабістай уладзе.

Адзінай дапушчальнай формай існаваньня апанэнтаў было гета, насельнікі якога мусілі сядзець ціха, як мышы.

Такі варыянт можа існаваць, мае ён і гістарычныя прыклады — некаторыя акупаваныя Трэцім Рэйхам, а затым камуністычным рэжымам краіны.

Але яны сьведчаць, чым завяршаўся супраціў, пакуль панавалі нацызм і камунізм. У Чэхаславаччыне забойства Гейдрыха ў 1942 скончылася зьнішчэньнем Лідзіцэ і масавым тэрорам, «праская вясна» 1968 была раздаўленая савецкімі танкамі.

У Беларусі рэпрэсіі пасьля чарговай «адлігі» мелі значна больш жорсткі характар, чым папярэднія. Маштаб і працягласьць рэпрэсій цяперашніх супастаўляльны з 1930-мі гадамі.

І той, хто разьлічвае, што Лукашэнка спыніць рэпрэсіі і дазволіць вярнуцца вымушаным эмігрантам, апрыёры мусіць разумець, што ніякай, абсалютна ніякай ня тое што палітычнай апазыцыйнасьці — а проста мінімальнай грамадзкай актыўнасьці Лукашэнка больш не дапусьціць. Тое ж тычыцца і нацыянальных беларускіх ініцыятываў. Бо ўрокі з мінулага Лукашэнка рабіць здольны.

Дапускаю, шмат каго такі варыянт задаволіць — але для яго рэалізацыі не патрэбныя ніякія перамовы: існуе створаная рэжымам «камісія па вяртаньні».

Мы мусім разумець і тое, што пасьля 24 лютага 2022, калі Пуцін напаў на Ўкраіну, сьвет уступіў у іншую эпоху. А Беларусь, тэрыторыя якой была скарыстаная для агрэсіі і эканоміка якой фактычна зрабілася часткай ваенна-прамысловага комплексу Расеі, успрымаецца Захадам як фарпост Масквы для агрэсіі супраць краінаў NATO.

Як у такіх умовах здымаць санкцыі з прадпрыемстваў, што робяць элемэнты ваеннай тэхнікі, якая сёньня забівае ўкраінцаў, а заўтра, ня выключана, пачне забіваць літоўцаў, палякаў, чэхаў?

І, бадай, самае галоўнае, што на першы погляд можа здацца суб’ектыўным у кантэксьце тэмы «адарваць Лукашэнку ад Крамля».

Адрозна ад лідэраў 2020 году і, бадай, ужо большасьці апазыцыйных палітыкаў, я асабіста ведаю Лукашэнку вось ужо 35 гадоў. Канешне, за такі час (фактычна, палова чалавечага жыцьця) людзі мяняюцца. Зьмяніўся і Лукашэнка. Але адно засталося ў ім стабільным: поўнае, на нейкім псыхалягічным узроўні непрыманьне ўсяго беларускага, таго, што складае нацыянальную ідэнтычнасьць. А таксама — адданасьць Расеі.

Не магу знайсьці лепшай для гэтага ілюстрацыі, чым выступ пісьменьніка Міхаіла Шолахава (ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, не пры Трампе будзь сказана) на адным з крамлёўскіх форумаў: «О нас, советских писателях, злобствующие враги за рубежом говорят, будто бы пишем мы по указке партии. Дело обстоит несколько иначе: каждый из нас пишет по указке своего сердца, а сердца наши принадлежат партии».

Сэрца Лукашэнкі належыць Расеі, і бʼецца яно не за Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(81)