Бо відавочна, што гэтае рашэнне — вялікая параза, у тым ліку, беларускай дыпламатыі. І нават не толькі беларускай, бо на карысць Беларусі працавалі таксама расейскія прадстаўнікі, і кітайцы іх дужа падтрымлівалі. Аднак яны ўсё адно прайгралі, і гэта для іх адчувальна.
«Не думаю, што да 2025 года беларускія ўлады будуць рабіць крокі па згладжванні сітуацыі»
Прафсаюзны актывіст — пра паразу беларускай дыпламатыі і будучы шанец для працоўных.
На 111-й канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэневе была прынятая рэзалюцыя па Беларусі. У дачыненні да рэжыму вырашана прымяніць артыкул 33 статута МАП: усім краінам-удзельнікам арганізацыі рэкамендавана перагледзець свае адносіны з беларускім урадам.
Гэта не значыць, безумоўна, што заўтра ці праз месяц будуць уведзеныя новыя эканамічныя абмежаванні альбо знешні гандаль згорнецца да нуля і пачнецца эканамічная блакада. Аднак рэжыму, які працягвае здзяйсняць рэпрэсіі і парушаць правы працоўных, як мінімум будзе больш складана абыходзіць санкцыі, забяспечваць эканамічны рост, павялічваць экспарт, рэалізоўваць «паралельны імпарт» і г.д.
Рэзалюцыяй ужо абурыліся прадстаўнікі МЗС, Мінпрацы і ФПБ. У памкненні паказаць, наколькі ім не страшна, чыноўнікі нават дзіўным чынам «пералічылі» галасы: так, пастпрэд Беларусі пры ААН Ларыса Бельская заявіла, што рэзалюцыю па Беларусі «падтрымалі толькі 67 краін, а больш як 100 —не». Гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо на канферэнцыі галасуюць не краіны, а дэлегаты, ад ураду і няўрадавых арганізацый, і размеркаванне галасоў выглядала інакш: «за» — 301 дэлегат, «супраць» — 54, 108 устрымаліся.
Што яшчэ адбывалася на палях канферэнцыі, як насамрэч пачувалася дэлегацыя з РБ і чаму прынятая рэзалюцыя — пытанне хай не хуткае ў рэалізацыі, але вельмі важнае? Пра гэта Филину распавёў адзін з лідараў незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазнякоў.
— Тое, што беларускія чыноўнікі цяпер гавораць пра «рычаг ціску на няўгодныя калектыўнаму Захаду краіны», «апраўданне незаконных санкцый» і да таго падобныя рэчы — так яны проста радуюць, даруйце, сваю д*пу, і спрабуюць падсцяліць саломку, каб было менш балюча падаць, — гаворыць актывіст.
Яшчэ да пленарнай сесіі, зазначае прафсаюзны актывіст, беларускія чыноўнікі «пакідалі ўражанне іншапланецян»:
— Калі яны расказвалі чальцам камітэту МАП, як Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) нібыта жадаў змяніць уладу ў краіне за грошы Захаду, але беларусы абсалютнай большасцю галасоў абралі Лукашэнку і больш за 80% насельніцтва прагаласавала за яго — некаторыя нават не вытрымалі і засмяяліся. А гэтыя людзі ўсё працягвалі даказваць, што чорнае — гэта белае, а дрэннае — гэта добрае.
З каменнымі выразамі твару прадстаўнікі беларускай дэлегацыі даводзілі, што калектыўны Захад даваў грошы БКДП, каб той зладзіў рэвалюцыю і «антыканстытуцыйным шляхам змяніў уладу ў краіне». Дзе яны ўгледзелі тыя вялікія грошы, нават не ведаю.
Таксама стараліся і чальцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якіх суразмоўца трапна называе «ардынцамі». Яны ўпіралі на тое, што ў краіне як быццам наладжаны сацыяльны дыялог і партнёрства, што калектыўныя дамовы выдатна абараняюць працоўных. Адным словам, усё добра, прыўкрасная маркіза, а тыя актывісты, хто сядзіць за кратамі, трапілі туды зусім не за прафсаюзную дзейнасць, а за нейкі крымінал. Але і іхнія «доказы» чамусьці ў МАП не прынялі на веру.
— Яшчэ адна іхняя тактыка была — казаць, што санкцыі супраць Беларусі ў першую чаргу ўдараць па неабароненых слаях насельніцтва: дзеці, старыя, інваліды. То бок, скарысталі ўвесь арсенал прыёмчыкаў, каб выклікаць да сябе шкадаванне, — дадае Максім Пазнякоў. — Але і гэта не атрымалася. Бо Лукашэнка бачыць ролю прафсаюзаў у сваёй сістэме як частку кантролю, як казалі раней, «прывадны рэмень партыі».
Што да «альтэрнатыўнага падліку галасоў», заўважае прафсаюзны лідар, гэта яшчэ адна маніпуляцыя, разлічаная на прапаганду і не самага пільнага ўнутранага карыстальніка. Насамрэч працэдура значна больш складаная.
— Напрыклад, ёсць краіны, якія пазбаўленыя права голасу — скажам, з-за таго, што маюць запазычанаcць па ўнёсках у МАП, — тлумачыць Максім Пазнякоў. — А некаторыя краіны наогул не прыехалі, альбо не прыбыла частка дэлегацыі. Кожная дэлегацыя складаецца з прадстаўнікоў дзяржавы, у іх 2 галасы, і працоўных і працадаўцаў, у іх па 1 голасе. І калі дэлегацыя няпоўная, то яна таксама не дапускаецца да галасавання.
Але беларускім уладам, відавочна, немагчыма ўявіць, што гэта трохбаковы орган, у якім працадаўцы і прафсаюзы — самастойныя адзінкі, якія маюць і права на сваё меркаванне, і права на свабоду аб’яднанняў, і ў тым ліку права на забастоўку.
Што яшчэ раз, на маю думку, паказвае, што рашэнне, прынятае на канферэнцыі МАП аб 33 артыкуле, было цалкам правільным.
Якія канкрэтны захады рабіць альбо не рабіць па 33 артыкуле, кожная краіна-удзельніца МАП будзе вырашаць самастойна, а кіроўныя органы арганізацыі прапішуць больш дэталёва механізм кантролю. Таксама няма пэўнасці і з тэрмінамі запуску механізму:
— Як я гэта бачу, штогод на наступнай канферэнцыі будзе разглядацца беларускае пытанне, дзе ўсе будуць даваць справаздачу, хто што зрабіў, які прагрэс ёсць у беларускай дзяржаве, і ці трэба далей узмацняць ціск, ці, наадварот, аслабляць яго з гэтай нагоды.
Ці могуць беларускія ўлады «адкаціць» сітуацыю назад, і пры якіх умовах?
— У кантэксце вайны Расіі з Украінай, пры тым, што Лукашэнка падтрымлівае РФ у гэтай вайне, зразумела, што ён не будзе рабіць ніякіх хуткіх крокаў. Ды гэта і палітычна немагчыма ў цяперашняй сітуацыі, — мяркуе Максім Пазнякоў. — У яго ў галаве два вялікіх пытанні — электаральныя кампаніі 2024-2025.
Зразумела, што выбараў не будзе, але будзе іх імітацыя. Яму трэба замацаваць унутраную сітуацыю — а там, глядзіш, і вайна скончыцца, і будзе магчыма аб нечым размаўляць. Але да 2025 года не думаю, што беларускія ўлады будуць рабіць крокі па згладжванні сітуацыі.
Палепшыць яе ўсё ж можна, але займацца гэтым будзе ўжо не Лукашэнка, лічыць актывіст.
— Аднак і новай уладзе давядзецца выконваць свае абавязкі перад МАП. І гэта вельмі добры шанец для беларускіх працоўных на тое, каб атрымаць свабоду аб’яднанняў, свае незалежныя прафсаюзы, калектыўныя дамовы, якія яны самі будуць заключаць, і, урэшце, права на страйк як спосаб барацьбы за свае асноўныя працоўныя правы.
Гэта гістарычны момант, вельмі важны для Беларусі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное