Истоки

Багдана Паўлоўская

«Непарушны СССР таксама падтрымлівала большасць, што не перашкодзіла яму прыспакойна разваліцца»

Што можа аб’яднаць усіх беларусаў і як не страціць сувязь з радзімай?

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і які лёс чакае нашу нацыю. Наш сённяшні суразмоўца — гісторык. У мэтах бяспекі мы не раскрываем яго імя.

Пра тое, чаму беларусам не заўсёды трэба быць прыемнымі і якую рэакцыю грамадства выкліча бела-чырвона-сіні сцяг на будынках беларускіх аблвыканкамаў, чытайце ў першай частцы інтэрв’ю.

— Як вам падаецца, тое, як паводзілі сябе беларусы ў 2020 годзе, адпавядае беларускаму характару? Ці магло ўвогуле быць інакш?

— Магло. Але было як было. Казаць, што ўсё мы зрабілі правільна, гледзячы на фактычны генацыд, які адбываецца ў краіне, было б хіба што верхам наіўнасці.

Аднак, з іншага боку, мы маем прыклад Казахстана, дзе загінулі людзі. Сёння абсалютна ясна, што Пуцін без мінімальных сумневаў увёў бы войска ў Беларусь, і без вялікай крыві б не абышлося.

У казахаў ёсць Кітай, які не быў зацікаўлены ў поўным падначаленні Казахстана Маскве. У нашым выпадку, мяркую, усё б скончылася «вялікай заклапочанасцю» Захада.

— 2020 год наблізіў нас у пытанні нацыянальнага будаўніцтва, ці, улічваючы сённяшнія рэпрэсіі, наадварот аддаліў?

— Мяркую, што, хутчэй, аддаліў. РФ будзе намагацца максімальна зрусіфікаваць Беларусь. Нацыянальна арыентаваных эліт за часы праўлення Лукашэнкі амаль не склалася. Большасць беларускіх чыноўнікаў прызвычаілася працаваць на начальніка і на ўласныя інтарэсы, а не на інтарэсы дзяржавы і народа.

А дыяспарам трэба час, каб збудаваць асобныя ініцыятывы ў нешта большае. Плюс у тым, што галоўнымі ініцыятарамі ў дыяспарах з’яўляюцца беларусы, якія выраслі ў незалежнай дзяржаве і для якіх гэтая дзяржава і яе незалежнасць ёсць абсалютам.

Але ці будзе так з наступным пакаленнем? Гэта ўжо пытанне. Без сувязі з Беларуссю, без крокаў да яе вызвалення, нас чакае маргіналізацыя і забыццё.

Таму заявы кшталту «ўсе нармальныя з’ехалі», якія часам можна чуць, лічу шкоднымі. Калі мы пойдзем па гэтым шляху, то ператворымся з цягам часу ў своеасаблівую этнаграфічную секту.

— Шмат беларусаў аказалася сёння за межамі краіны. Ці можна пабудаваць нацыю па-за Беларуссю?

— Мяркую, што адказаў ужо на гэтае пытанне. Менавіта нацыю – не.

— Як знайсці агульнае для ўсіх беларусаў? Наша грамадства і да гэтага было вельмі моцна падзелена па розных крытэрах: палітычных арыентацый, геапалітычнага выбару, культурных традыцый. Сёння яшчэ з’явіўся падзел на тых, хто з’ехаў і тых, хто застаўся? Як вось з гэтых шматкоў сшываць цэлую нацыю? Ці ёсць нешта, што магло б нас аб’яднаць?

— Думаю, гэта вызваленне Беларусі і вяртанне на Радзіму. Нешта падобнае на ідэю Аліі ў яўрэяў, калі адбывалася масавае вяртанне яўрэйскага народа на зямлю продкаў. Колькасць тых, хто вярнуўся, была непараўнальнай з колькасцю тых, хто выехаў, напрыклад, у Злучаныя Штаты.

Але гэтага было дастаткова для таго, каб Ізраіль ператварыўся ў дамінуючую ў рэгіёне дзяржаву.

— А шмат хто вернецца? Бо, падаецца, час працуе не на беларусаў. 

— Калі браць першае пакаленне тых, хто з’ехаў, то, мяркую, вернецца даволі шмат людзей. Дастаткова пачытаць навіны. У Беларусі сёння кожны дзень затрымліваюць кагосьці з тых, хто вярнуўся з-за мяжы. Значыць, людзі едуць назад, нягледзячы на рэальную небяспеку.

Бо дом — гэта заўжды дом. У чужой краіне вельмі цяжка стаць сваім.

Ну і пытанне захавання сябе як прадстаўніка сваёй нацыі. Амерыканец з беларускімі каранямі – гэта ўсё роўна амерыканец, беларусам ён ужо не з’яўляецца.

Але вяртанне магчыма толькі ў першым пакаленні, ужо ў другім гэта амаль не рэальна.

— Наколькі, як вам кажацца, мова можа стаць важным элементам для кансалідацыі нацыі?

— Гэта першаснае пытанне. Без мовы народ будзе знікаць. Гэта нават не абмяркоўваецца.

— А сённяшні стан мовы хіба дазваляе глядзець ў будучыню з аптымізмам?

— Сённяшні стан амаль усяго, што звязана з Беларуссю, быццам бы не павінен дазваляць глядзець у будучыню з аптымізмам. Што датычна канкрэтна пытання мовы, то відавочна, што колькасць людзей, якія нават не тое, каб актыўна карысталіся мовай, а нават яе без праблем разумелі, скарачаецца.

Сённяшнія школьнікі па-беларуску размаўляюць (калі размаўляюць увогуле) з вялікай цяжкасцю. Калі ў краіне для поспеху дастаткова валодаць расійскай і ангельскай, то малады чалавек будзе валодаць расійскай і ангельскай. Навошта яму тая беларуская?

І гэтую сітуацыю без актыўнага ўдзелу ў працэсе дзяржавы ў масавым парадку выправіць немагчыма. У краіне павінна быць толькі адна дзяржаўная мова, іншага шляху няма. Мы не Швейцарыя, на жаль.

— А ці сталі беларусы больш нацыянальна арыентаваныя пасля падзей 2020-га? 

— Зыходзячы з маіх назіранняў, не моцна. Я ведаю адзінкавыя выпадкі, калі людзі пераходзілі на беларускую мову. Гэта я зараз кажу пра сітуацыю за межамі Беларусі.

Унутры краіны, ясная справа, ні пра якую нацыянальную арыентаванасць сёння нават гаворка не можа ісці. Усё зрусіфікавана ўшчэнт.

— Дасць нам увогуле Расія спакойна будаваць сваю дзяржаву? Бо перспектывы, нават з гледзішча супрацьлеглых вынікаў вайны, падаюцца не вельмі абнадзейлівымі для нас.

— Гісторыя паказвае, што пасля паражэнняў у вялікіх канфліктах у Расіі ўзмацняюцца цэнтрабежныя тэндэнцыі і ўлада пачынае моцна хістацца. Так было пасля Руска-японскай вайны, так было пасля Першай сусветнай і вайны ў Афганістане.

Імперыя гатовая выдаткоўваць вялізарныя сродкі на вайну, адсоўваючы ўсе іншыя патрэбы на другі-трэці план. І калі ўсё гэта сканчаецца вялікай паразай, унутры краіны пачынаюцца хваляванні. Бунт Прыгожына — тыповы выступ незадаволенных хадой вайны вайскоўцаў. І, як паказала практыка, ніхто асабліва бараніць Маскву не кінуўся.

Рускі народ атамазаваны і аморфны. Большасць расіян падтрымлівае Пуціна, але яны падтрымліваюць не менавіта яго, а «вялікую Расію» ў яго асобе. Калі ён прайграе барацьбу за гэтую «вялікасць», то ніхто нават палец аб палец не ўдарыць, каб яго абараніць.

Не скарыстацца такой магчымасцю было б глупствам. Непарушны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік таксама падтрымлівала большасць, што не перашкодзіла яму прыспакойна разваліцца.

— Якімі вам бачацца перспектывы беларусаў як нацыі? Наколькі сёння рэальная для нас пагроза знікнення і што мы маглі б рабіць, каб гэтага не адбылося?

— Гістарычны шлях беларускага народа ўвогуле складаны. Беларусь, знаходзячыся на геапалітычным скрыжаванні Еўропы, неаднаразова станавілася арэнай ваеннага супрацьстаяння, сацыяльных канфліктаў і дзяржаўна-палітычных эксперыментаў. Часам нават само існаванне беларускага народа ставілася пад пагрозу.

Падаецца, што зараз мы чарговы раз перажываем адзін з такіх перыядаў нашай гісторыі. Але мы ўсё ж такі захаваліся.

Што рабіць? Найперш, старацца размаўляць па-беларуску. Нават калі гэта адбываецца толькі дома, унутры сям’і. Мы павінны памятаць, хто мы і адкуль. Чорныя часы мінуюць, а народ застанецца. Таму гляджу ў будучыню са стрыманым аптымізмам.