Общество

«Ня пройдзеце праверку нашай службы бясьпекі». Як былыя палітвязьні спрабуюць працаўладкавацца

Былых палітвязьняў, якія цалкам адбылі пакараньне, адмаўляюцца браць на працу нават дворнікамі і санітарамі. У той жа час у краіне праблема з кадрамі — толькі ў банку вакансіяў Дзяржаўнай службы занятасьці 178 603 пазыцыі. Радыё Свабода сабрала некалькі рэальных гісторыяў людзей.

Ілюстрацыйнае фота, Радыё Свабода

Суджанасьць не здымаецца

Нягледзячы на тое, што вязень цалкам адбыў пакараньне ці памілаваны, суджанасьць зь яго не здымаюць. Згодна з артыкуламі 97 і 98 Крымінальнага кодэксу, за менш цяжкае злачынства суджанасьць пагашаюць праз два гады, за цяжкае — празь пяць гадоў.

Гэта азначае, што за вязьнямі, якія адседзелі свае тэрміны, застаецца нагляд, ім трэба пастаянна прыходзіць на кантроль у міліцэйскі пастарунак.

Вызваленыя палітвязьні застаюцца абмежаванымі ў многіх правах: ім нельга выяжджаць зь месца рэгістрацыі, з 22-й да 6-й раніцы трэба быць дома, а калі чалавек мае статус «экстрэміста», ён ня можа адкрыць банкаўскі рахунак ці купіць SIM-карту для мабільніка.

Але самае галоўнае — былы палітвязень павінен працаўладкавацца. А гэта вельмі складана. Пасьля 2020 году ва ўстановах усёй краіны пачалі прызначаць намесьнікаў кіраўніка ў бясьпецы, а звычайна гэта супрацоўнік КДБ, таму былому «палітычнаму» ў дзяржаўныя структуры трапіць немагчыма. Нават дворнікам альбо санітарам. Асабліва востра праблема працаўладкаваньнем стаіць у невялікіх гарадах і мястэчках.

«Ну ты ж, маўляў, сам усё разумееш...»

Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) вярнуўся пасьля поўнага адбыцьця тэрміну паводле палітычнага артыкулу ў родны гарадок, дзе жывуць ягоныя пажылыя бацькі — у іх хранічныя хваробы і ім трэба дапамагаць. Раней ён меў свой даволі пасьпяховы бізнэс, які, як толькі маладога чалавека затрымалі, калегам давялося згарнуць.

Цяпер у Андрэя нагляд на 3 гады і трэба тэрмінова працаўладкавацца.

— Я абышоў, здаецца, усе прадпрыемствы і арганізацыі, якія ёсьць у горадзе. Мне дакладна людзі казалі, што ў раённай лякарні не хапае санітараў, у ЖЭСе — дворнікаў. У мяне і ў маіх бацькоў тут шмат знаёмых — гарадок жа невялікі. У мяне быў бізнэс, былі сур’ёзныя кліенты. Але ўсе сарамліва адводзілі вочы, калі мы прасілі дапамагчы з працай, прычым зь якой заўгодна, тут не да пераборлівасьці: «Ну ты ж, маўляў, сам усё разумееш...»

У бацькоў пэнсіяў ледзьве хапае на лекі, а тут я яшчэ на іхнай шыі! Летам шукаў хоць якія падпрацоўкі: езьдзіў па вёсках, сек дровы старым, зьбіраў чарніцы й грыбы, прасіў суседку прадаць на рынку. Я і праўда ў адчаі, — не хавае эмоцыяў Андрэй.

Калі апошні раз прыйшоў адзначацца, інспэктар адкрытым тэкстам намякаў былому вязьню, каб зьяжджаў за мяжу.

Пакуль былы палітвязень вагаецца, бо пачуваецца адказным за бацькоў. Аднак не выключае, што давядзецца зьехаць.

«Прабачце, але вы ня пройдзеце праверку нашай службы бясьпекі»

Гісторыя Антона (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) больш аптымістычная. Паколькі ён пад наглядам, трэба абавязкова быць працаўладкаваным, інакш будзе парушэньне і працяг тэрміну нагляду. Яго спэцыяльнасьць запатрабаваная, ён дасьведчаны адмысловец у сваёй справе, і на ранейшую працу яго абяцалі ўзяць, як толькі вызваліцца. Але пабаяліся, мяркуе Антон.

— На маёй былой працы дырэктар у 2020-м адседзеў 10 содняў за нейкі рэпост, а яго жонка займала нармальную пасаду ў дзяржаўнай фінансавай установе. Яе папрасілі звольніцца на ўласнае жаданьне. Сказалі, што з ГУБАЗіКу ліст прыйшоў. Яна папрасіла пачытаць — ёй адказалі, што ня могуць даць, бо ён для службовага карыстаньня. Я думаю, што гэта адна з прычын, чаму мяне на старую працу не ўзялі, хаця казалі, што мяне чакаюць, маўляў, вызвалісься — прыйдзеш працаваць, — мяркуе былы палітвязень.

Былі таксама іншыя адмовы. Антону пазванілі з досыць буйной кампаніі, сказалі, што ў яго цікавае рэзюмэ і зь ім хочуць паразмаўляць. Ён адразу папярэдзіў патэнцыйнага працадаўцу, што ў яго нагляд, што адбываў пакараньне паводле «экстрэмісцкага» артыкулу.

— Мне сказалі, што падумаюць. А на наступны дзень патэлефанавалі: «Прабачце, але вы ня пройдзеце праверку нашай службы бясьпекі, таму мы вашу кандыдатуру нават разглядаць ня будзем». Ведаю, што шмат хто з былых вязьняў, спрабаваўшы ўладкавацца на працу, атрымліваў такі адказ: «ты класны хлопец, але праз службу бясьпекі нашу ты ня пройдзеш».

«Я разумею, што нечым трэба плаціць за жаданьне заставацца ў краіне»

Антону шмат хто раіў ісьці ў дзяржаўныя кампаніі, бо там вельмі складаная сытуацыя з кадрамі ягонага профілю, але ён палічыў, што з статусам «экстрэміста» шанцаў мала. Новую працу ён знайшоў. Кажа, што многае залежыць ад таго, якія сацыяльныя сувязі ў чалавека.

— Я ўладкаваўся да знаёмых, не зусім у маім профілі, але сумежная спэцыяльнасьць. Яны ўсьведамлялі, што могуць быць нейкія цяжкасьці, але падтрымалі мяне. Гэта прыватная кампанія. Баяцца ўсе працадаўцы. Хоць нагляд, у прынцыпе, не стварае для працадаўцы нейкіх складанасьцяў. Раз на месяц трэба рабіць адмысловы табэль для інспэкцыі, а чалавек, над якім нагляд, сам яго заносіць у інспэкцыю. Гэта хіба што адзін момант, ува ўсім астатнім — чалавек працуе, як і ўсе іншыя, — мяркуе ён.

Ён разумее, што не ўва ўсіх так удала ўсё складваецца. Прыгадаў палітвязьня, зь якім разам сядзеў.

— Ён працаваў футбольным трэнэрам у прыстойнай камандзе, потым кіраваў дзіцяча-юнацкай школай у сваім невялікім гарадку. Дык вось ён ня змог нармальна ўладкавацца на працу, пайшоў дарожным рабочым, асфальт класьці, — прывёў іншы прыклад Антон.

Сам жа былы палітвязень усё ж хоча працаваць адпаведна сваёй адносна вузкай, рэдкай і запатрабаванай спэцыяльнасьці і працягвае рассылаць рэзюмэ.

— Я разумею, што ў буйную салідную кампанію ўсё ж цяжка ўладкавацца. Хоць літаральна ўчора хадзіў на сумоўе, адразу сказаў пра свой статус: маўляў, давайце адразу вырашым, працягваем мы размову ці не. Мне адказалі: «Вядома, працягваем». Усё залежыць ад людзей. Я разумею, што нечым трэба плаціць за жаданьне заставацца ў краіне, — падсумаваў Антон.

«У кожны момант ГУБАЗіК ці КДБ могуць націснуць, і цябе звольняць»

Алена (імя зьмененае. — РС) да калёніі працавала ў ВНУ ў абласным цэнтры, мае навуковую ступень. Калі вызвалілася з гомельскай жаночай калёніі, зразумела, што ва ўнівэрсытэт ці нават у школу шлях ёй закрыты.

— У дзяржаўныя ўстановы, прадпрыемствы былым палітычным уладкавацца няма шанцаў, нават у дворнікі. Бо паўсюль кадравыя пытаньні вырашаюць адмыслова прызначаныя ідэолягі з спэцслужбаў, — кажа Алена.

Яе не ўзялі нават швачкай — новую прафэсію жанчына засвоіла ў калёніі, хоць вакансіяў швачак у ейным горадзе было шмат.

— Могуць узяць толькі прыватнікі, дый то не ў спэцыяльнасьці. І то калі прыватнік дастаткова сьмелы і можа рызыкнуць. Бо ў кожны момант ГУБАЗіК ці КДБ могуць націснуць — і цябе звольняць, або ў лепшым выпадку зьнізяць заробак ці перавядуць на менш аплатную пасаду. Працадаўцы нават не хаваюць, што былі званкі «адтуль», тлумачачы свае дзеяньні. Так было ў маіх знаёмых.

Але ведаю і выпадак, калі на працы дачакаліся чалавека, які адбыў тэрмін, і ўзялі на тую ж пасаду. Але гэта прыватная кампанія. І гэта хутчэй вынятак з правілаў, — кажа Алена.

Яна мусіла зьехаць за мяжу. Цяпер інтэнсіўна вучыць мову.

На 16 кастрычніка ў банку вакансіяў Дзяржаўнай службы занятасьці налічваецца 178 603 пазыцыі. Год таму ў той жа пэрыяд іх было каля 165 тысяч, а два гады таму — 138 тысяч.