Палітолаг: Чаму Святлана Ціханоўская загаварыла па-беларуску
Палітолаг Павел Усаў – пра «руку Масквы» ў кампаніі Святланы Ціханоўскай і будучыню традыцыйнай апазіцыі.
Мітынг на Бангалоры ў Мінску, 19 ліпеня. Фота Ігар Мялешка
Першы шматтысячны мітынг на мінскім Бангалоры ў падтрымку Святланы Ціханоўскай прынёс яе штабу хвалю крытыкі з-за адсутнасці беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі.
Заклік выкарыстоўваць у якасці апазнавальнага знака белую стужку, знаёмую многім па пратэстах у Расіі, стаў нагодай падазраваць каманду альтэрнатыўнай кандыдаткі ў выкарыстанні расійскіх палітычных тэхналогій.
Палітолаг Павел Усаў заўважыў, што ў працы штаба Ціханоўскай «рускага і нават савецкага (сімволікі, канцэпцый, ідэй) з’яўляецца ўсё больш, а беларускага ўсё менш». А гэта не можа не насцярожваць:
— Гуляць на савецкіх штампах і ўяўленнях вельмі небяспечна. І калі нехта звяртаецца да іх, то рэалізуе гэтую стратэгію мэтанакіравана і не ў інтарэсах Беларусі. Калі да ўлады прыйдзе чалавек, за якім стаіць «рускі свет», і які абапіраецца на канцэпцыю «рускага свету» ў беларускай грамадскай свядомасці — гэта будзе цывілізацыйная катастрофа для Беларусі. Так, Лукашэнка робіць тое ж самае, але што мы маем у выніку: Беларусь паміж двума «рускімі праектамі».
Мяркуючы па апошніх кроках штабу Ціханоўскай, там зрабілі высновы з крытыкі. Са сцэны ў часе мітынгаў загучала беларуская мова, заўважна паболела бел-чырвона-белых сцягоў. Змяняецца рыторыка прамоўцаў. Чаму так адбываецца, ці стаіць за новай апазіцыяй Масква і што чакае старую генерацыю апазіцыі? На гэтыя пытанні ў інтэрв’ю «Салідарнасці» адказаў палітолаг Павел Усаў.
«Грамадства змусіла альтэрнатыўных кандыдатаў рабіць ін’екцыі беларускасці ў свае кампаніі»
— Пачнем з таго, што Святлана Ціханоўская і аб’яднаны штаб павінны рэагаваць на тое, што адбываецца ў грамадстве. І мы бачым, што менавіта нацыянальна арыентаваная грамадскасць артыкулявала пэўныя патрабаванні, чаканні адносна таго, што беларуская мова і нацыянальная ідэя павінны быць калі не ў цэнтры палітычнай кампаніі, то, прынамсі, не на перыферыі.
Бо мы памятаем, што ў самым пачатку кампаніі ні Віктар Бабарыка, ні Валерый Цапкала, ні той жа Сяргей Ціханоўскі не надавалі ўвагі тэме беларускасці. Той факт, што беларушчына не трапіла ў межы іх кампаній, выклікала і сумневы, і крытыку з боку не толькі нацыянальна арыентаванай часткі грамадзянаў, але і з боку традыцыйнай апазіцыі.
Улічваючы тое, што два асноўныя прэтэндэнты мелі непасрэдныя сувязі з Расіяй, і той факт, што беларускасць з боку гэтых двух штабоў успрымаецца крытычна, было яшчэ адным доказам таго, што гэтыя кандыдаты, магчыма, рэалізуюць тут пэўны расійскі план. І з’яўляюцца элементамі гэтага плана.
Каманда Віктара Бабарыкі павіншавала беларусаў з гадавінай абвяшчэння суверэнітэту краіны. На фота звяртае ўвагу том Яна Станкевіча «Крыўя-Беларусь у мінуласьці» ў руках у экс-банкіра
Зразумела, што гэта змушала каманды Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы рабіць ін’екцыі беларускасці ў свае кампаніі. Але той факт, што гэта рабілася ў якасці рэакцыі на крытыку, пакідае адкрытым пытанне, наколькі дзеянні штабоў і асабістыя крокі Ціханоўскай шчырыя, ад сэрца.
Трэба разумець, што і Ціханоўская, і Бабарыка, і тым болей Цапкала — гэта аскепкі найперш расійскага і савецкага светапогляду. І беларушчына для іх, на жаль, была хутчэй тэхнічным пытаннем, чым пытаннем сэрца і душы.
Чакаць ад Цапкалы і Бабарыкі, людзей, якія выраслі па-за межамі беларускага свету, нейкай шчырай рэакцыі ў межах беларускай канцэпцыі і стратэгіі даволі цяжка.
Натуральна, палітычная эвалюцыя (Ціханоўскай — С.) таксама мае месца. Я вельмі спадзяюся, што гэта вынік разумення таго, што Беларусь — не постсавецкі праект, не частка «русского мира». Што Беларусь — гэта, безумоўна, праблемная, але самастойна цывілізацыя. І што частка грамадства гатовая змагацца за гэтую сваю цывілізацыю.
Добра, што гэтае разуменне ёсць, добра, што Ціханоўская на гэтым разуменні не замыкаецца, не баіцца, што яе беларускасць не адштурхне нейкім чынам частку нацыянальна неакрэсленай публікі, электарата, для ягона нацыянальная ідэя не з’яўляецца чымсьці важным.
Вельмі важна фарміраваць нацыянальныя прыярытэты ў выбарцаў, што шырока падтрымліваюць Ціханоўскую. Вельмі важна, каб беларускасці было ўсё больш. Каб яна замяняла незразумелую сімволіку, якая не нясе ніякага нацыянальнага пасылу і не з’яляецца элементам нацыянальнай культуры.
Я тут кажу пра тыя ж белыя стужкі, прывабныя сімвалы перамогі, кулака і сэрца. Гэта нейтральныя сімвалы, але ў гэтай кампаніі важна не толькі змагацца з рэжымам Лукашэнкі, важна яшчэ і фарміраваць светапогляд грамадзянаў.
Падкрэслю, эвалюцыя — як неабходнасць з аднаго боку. І эвалюцыя — як шчырасць і вера самаго кандыдата з другога боку павінна быць. І гэта павінен быць асноўны элемент, бо як мы ведаем, людзі і грамадства адчуваюць, калі чалавек нешчыры ў сваіх выказваннях і думках.
— Белыя стужкі, якія многім нагадалі пра Балотную ў Маскве, савецкія плакаты, частка лозунгаў, падобных да тых, што выкарыстоўвалі ў Расіі — гэта тое, што ляжыць на паверхні. Ці бачацца вам нейкія глыбінныя прыкметы таго, што за новай плынню беларускай апазіцыі стаіць Масква?
— Ёсць пэўныя звесткі, што піяркампанія ці нават кампаніі з Расіі ўсё ж мае дачыненне да працы аднаго са штабоў. Верагодна, штаба Віктара Бабарыкі. Гэта я ведаю са слоў людзей, што працуюць у штабе, але падкрэслю, што прамых доказаў гэтага не маю.
Але той факт, што структура кампаніі, напрыклад кампаніі Бабарыкі, а потым і структура ўсіх трох штабоў, яна вельмі добра прадуманая і распрацаваная. Скажам так, у Беларусі такіх палітычных тэхналогій і напрацовак проста няма. І ва ўмовах аўтарытарызму і заціскання ўсяго, што ёсць, такія практыкі і тэхналогіі распрацаваць даволі цяжка.
На мітынгах у падтрымку Святланы Ціханоўскай можна пабачыць і расійскія сцягі. Фота Радыё Свабода
І той факт, як хутка будавалі свае кампаніі прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта, калі гаварыць пра піяр і пасылы, сведчыць пра прысутнасць рукі прафесіянала. Гэтыя людзі вельмі добра ведаюць менталітэт беларусаў, іх чаканні і арыентацыі.
Таму і былі ўзятыя не нацыянальныя сімвалы і рыторыка, а агульная, беззмястоўная сімволіка. Што нагадвае пра кампаніі ў Расіі, якія ладзіліся расійскімі ўладамі як у дачыненні да сваіх апанентаў, так і пра некаторыя пяіртэхналогіі, якія выкарыстоўваліся ў Крыме.
Гэтыя моманты мы не можам адкінуць. Мы наўпрост не можам гэтага пацвердзіць, але выглядае на тое, што пэўныя тэхналогіі і напрацоўкі Масквы прысутнічаюць у нашай кампаніі.
Той факт, што Цапкала адкрыта казаў пра неабходнасць рэалізацыі інтэграцыйных праектаў, што ён не проста з’ехаў у Маскву, а даволі актыўна выступае ў расійскай медыапрасторы, у тым ліку на радыё «Эхо Москвы», што мае цесныя стасункі з адміністрацыяй Пуціна, — усё гэта ўскосна сведчыць, што пэўны ўплыў расійскіх групаў інтарэсаў на беларускія выбары прысутнічае.
Паказальны момант, што галоўны акцэнт у сваёй працы штабы, ці іх магчымыя «шэрыя» дарадцы, зрабілі на ангажаванне не нацыянальна арыентаванай часткі грамадства, а перш за ўсё той аморфнай большасці, якой па сутнасці ўсё роўна за каго галасаваць, абы гэта быў не Лукашэнка.
Яны вельмі ўдала адчулі настроі беларускага насельніцтва. Мы сёння бачым гэтую хвалю электарата — абуджанага, абуранага, незадаволенага. Але электарата, для якога пытанні незалежнасці, пытанні нацыянальнага не граюць першыя ролі.
Мушу канстатаваць непрыемны момант: адбылася метамарфоза не поглядаў, а змена агульных пазіцый. Так атрымалася, што і нацыянал-дэмакраты, і Лукашэнка сёння дэманструюць падобную рыторыку, кажучы пра неабходнасць захаваць суверэнітэт.
І тыя прахільнікі трох штабоў, што не ўспрымаюць нацыянальную рыторыку, фактычна ставяць Лукашэнку і ягоных даўніх апанентаў на адну дошку, вінавацяць апошніх у працы на рэжым.
Лічу, што гэта абсалютна некарэктна і непрымальна. Той факт, што Лукашэнка звярнуўся да пытанняў суверэнітэту, зусім не азначае, што ягоныя апаненты павінны адмовіцца ад сваіх ідэалаў і сканцэнтравацца выключна на змене ўлады.
Мы бачым таксама і намаганні маніпуляваць нацыянальна-дэмакратычным дыскурсам акурат такі ў не ў інтарэсах тых, хто крытычна ставіцца да таго, што ў штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы адсутнічала ясная нацыянальная канцэпцыя.
«Старая апазіцыя разбітая»
— Абуджэнне аморфнай, як вы кажаце, большасці, а таксама спробы яе ўзначаліць новай генерацыяй апазіцыі, спарадзіла раскол у шэрагах дэмакратычнай супольнасці. Хтосьці бачыць «руку Масквы», хтосьці кажа пра неабходнасць аб’яднання з новай большасцю. Ці магчыма такое ўявіць? Да выбараў застаецца зусім нічога, то ці ёсць шанцы ў перспектыве?
— Гэта вельмі важнае пытанне. Праблема ў тым, што нацыянальна-дэмакратычны фронт разбіты. Ён вельмі моцна падзелены, паўсюль канфрантацыя. І гэта асноўная прычына, чаму ён не прысутнічае сёння ў электаральнай кампаніі.
Зладжаныя традыцыйнай апазіцыяй праймерыз выдатна паказаў, што давер да яе вельмі нізкі. Гэта нават не праблема паразаў на выбарах. Гаворка пра агульную дыскрэдытацыю праз дзеянні несумленных палітыкаў, якія сваімі словамі і ўчынкамі знізілі давер не толькі з боку шырокай грамадскасці, але і нават прыхільнікаў нацыянал-дэмакратычных каштоўнасцяў.
Праймерыз у Віцебску. Фота Наша Ніва
Праймерыз паказалі, што наша традыцыйная тытульная апазіцыя згубіла нават свой электарат. Электарат, які апынуўся нікому не патрэбным. Гэта вынік штучнай і маніпулятыўнай гульні, нежадання рэалізоўваць тыя задачы і мэты, якія павінна была дасягаць нацыянальна-дэмакратычная апазіцыя.
Па сутнасці, крызіс традыцыйнай апазіцыі і прывёў да расчаравання ў магчымасці зменаў праз рэалізацыю нацыянальных ідэяў.
Я думаю, што не варта чакаць аб’яднання старой апазіцыі. Яна адгуляла сваё і павінна сыйсці са сцэны гісторыі.
Павінен утварыцца новы нацыянал-дэмакратычны рух, плынь. Утварыцца пасля выбараў.
Вельмі важна, каб нацыянальна арыентаваная частка грамадства зразумела гэтую неабходнасць. Той факт, што прабеларускія публіцысты, блогеры, журналісты ўздымаюць менавіта пытанне пра неабходнасць прысутнасці нацыянальнай рыторыкі ў штабе Ціханоўскай, менавіта гэтая актыўнасць і вядзе да пэўнай эвалюцыі ў палітычных поглядах кандыдаткі.
Я спадзяюся і веру, што народзіцца новае народнае рушанне, якое прынясе змены. Бо мы бачым, што старая генерацыя, якая апраўдвала свой удзел у выбарчых кампаніях неабходнасцю адукоўваць, мяняць грамадства, за апошнія дзесяць гадоў не справілася з гэтай задачай.
У выніку для шырокай грамадскасці беларуская мова, нацыянальныя сімвалы, ідэі не сталі сваімі. І гэта яскрава выявілася ў сённяшнім бунце электарата, які выступае за каўбасу, а не за мову.
Ці ўдасца неяк аб’яднаць грамадскаць, уключыць яе ў барацьбу? Відавочна, што частка яе ўжо ўключылася ў працэс. Але большасць вырашыла ўстрымацца, узяць паўзу і не падтрымліваць нікога, не будучы ўпэўненай, што Ціханоўская будзе рэалізоўваць нацыянальныя праекты. Не будучы ўпэўненай, што гэта самастойны праект.
Гэтая частка не згодная з тэзай, што галоўнае перамагчы Лукашэнку, а на яго месца можа прыйсці хто заўгодна, абы не ён. Бо ў такім выпадку няма гарантыі, што вакантнае месца не зойме чалавек, абыякавы да нацыянальных ідэяў, які будзе проста праводзіць палітыку ў інтарэсах Крамля.
Таму я думаю, што агульны фронт у падтрымку Ціханоўскай наўрадці атрымаецца стварыць. Адбываецца сегментацыя ў дэмакратычным лагеры. Я бачу частку нацыянальна-дэмакратычнай супольнасці, якая працягне супрацу са штабам, ня гледзячы на яго наступныя крокі. Проста, каб быць побач і мець магчымасць уплываць на падзеі.
Гэтая частка супольнасці разумее, што без змены ўлады рэпрэсіі працягнуцца, сама змена рэжыму адкрые вакно магчымасцяў для рэалізацыі нацыянальнай канцэпцыі развіцца краіны.
Читайте еще
Избранное