Памерла Дзіяна Чаркасава

2004 год забраў Вераніку Чаркасаву. 2024-ы – яе маці Дзіяну Цімафееўну.

Фота: БАЖ

Дзіяна Цімафееўна Чаркасава нарадзілася 22.01.1935г. у Мінску. У 1946-м пераехала з сям’ёй у Навагрудак. У 1958 годзе скончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ.

Усё жыццё яна прапрацавала ў газеце для беларусаў замежжа «Голас Радзімы»: карэктарам, літаратурным супрацоўнікам, адказным сакратаром і нарэшце намеснікам галоўнага рэдактара. У 2000 годзе выйшла на пенсію.

У 1978 г. у бібліятэчцы газеты «Голас Радзімы» выйшла кніга Д. Чаркасавай «Люблю» пра жыццё і творчасць беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, з якой журналістка доўгія гады падтрымлівала асабістыя сувязі.

Яе публікацыі з’яўляліся таксама ў газетах «ЛіМ», часопісах «Полымя», «Нёман», на пачатку 2000-х па яе сцэнарах ствараўся цыкл праграм «Свая чужына» на беларускім «Радыё Рацыя» пра культурных дзеячоў беларускай эміграцыі. Яе рукапісы, перапіска з К. Буйло, публікацыі захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Яна надзвычай годна і высокародна трымалася ўсе гэтыя гады. Пры тым, што цяжка ўявіць сабе колькасць болю, што выпаў на долю Дзіяны Цімафееўны. У 2019-м яна засталася без каханага мужа Уладзіміра Мялешкі, з якім разам крочыла па жыцці цягам дзесяцігоддзяў. Хапала і іншых горкіх рэчаў.

І вось зямны шлях скончаны. Дзіяна Цімафееўна сышла на 90-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы. Практычна да апошніх дзён яна захоўвала вастрыню розуму. Але цела ў нейкі момант не вытрывала…

20 гадоў сілавікам не хапіла, каб знайсці забойцу Веранікі Чаркасавай. Цяпер Дзіяна Цімафееўна будзе чакаць справядлівасці на нябёсах.

«Салідарнасць» смуткуе з нагоды растання з Дзіянай Цімафееўнай і спачувае сваякам ды блізкім. Аднойчы яна напісала артыкул і для нас – пра кампазітара Міколу Равенскага. Гэты нарыс, што прысвечаны аўтару гімна «Магутны Божа», захоўвае актуальнасць. Прачытайце яго сёння і разам з намі назаўжды захавайце ў сэрцы светлую памяць пра Дзіяну Цімафееўну.   

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)