Пашкевіч: Ці можа Лукашэнка выгнаць з краіны ўсіх незадаволеных? Мы бачылі рэалізацыю самых неверагодных сцэнароў
Гісторык Аляксандр Пашкевіч расказаў Филину, ці можна ператварыць Беларусь у еўрапейскую Кубу.
— Апошнім часам вы часта цытуеце публікацыі праўладных СМІ, якія сваім тонам і зместам нагадваюць махровае савецкае мінулае. Напрыклад, гісторыя дзяўчынкі, чыю мару нібыта здзейснілі чыноўнікі — зладзілі ёй экскурсію ў Цэнтрвыбаркам.
Улічваючы тое, што падобныя сюжэты знаёмыя ў лепшым выпадку людзям сталага веку, на якую аўдыторыю ўсё гэта разлічана?
— Я думаю, што падобныя публікацыі ў раёнках ды іншых дзяржаўных СМІ прадыктаваныя даведзенай задачай у рамках новых тэндэнцый — узмацніць ідэалогію, прапаганду дасягненняў цяперашняй улады, стварыць ёй пазітыўны вобраз. Дзяржпрэса вымушаная гэтаму падпарадкоўвацца і інтэнсіфікаваць гэтую працу, як яна ўмее.
Бо ў тых жа раёнках, абласных і цэнтральных выданнях ніколі не было добра з кадрамі, тым больш нядобра цяпер. Таму яны робяць, як умеюць. І адзіны адрасат іхняй працы, гэта не чытачы, не аўдыторыя, на якую яны павінны ўздзейнічаць, а іх начальства, тыя праверкі, перад якімі яны справаздачацца.
Таму ўсё і робіцца ў адпаведнасці з разуменнем начальства. Тым больш, што ідэалогіі дзейснай ў Беларусі няма, ніхто асабліва ў гэта не верыць. Таму і пішуць адчэпнае, як па старых метадычках.
Не думаю, што тут варта шукаць нейкую прадуманую палітыку, спробы выйсці на нейкую канкрэтную аўдыторыю, каб падладжвацца пад яе патрабаванні. Тут ёсць найперш жаданне выканаць даведзеныя задачы. І атрымліваецца так убога, бо робіцца без душы і ўласнай веры.
— На Раство Лукашэнка ізноў звярнуўся да тэмы тых, хто з’ехаў з краіны. Гэтым разам ён гаварыў у прымірэнчым тоне, на што многія звярнулі ўвагу. Тым часам палітолаг Валер Карбалевіч апісвае магчымы апакаліптычны прагноз: Лукашэнка выжыве з краіны ўсіх нязгодных, пазбавіць тысячы з іх грамадзянства і такім чынам здабудзе электаральную большасць. Як гэта, напрыклад, у свой час атрымалася ў Фідэля Кастра. Наколькі рэалістычна выглядае такі сюжэт? Ці можа Беларусь ператварыцца ў еўрапейскую Кубу?
— Мне падаецца, звяртаць увагу на нібыта прымірэнчыя словы Лукашэнкі — апошняя справа. Сачыць трэба за дзеяннямі, а не за словамі. Бо словы гэтыя мы шмат разоў чулі. І, па вялікім рахунку, яны ніколі нічога не значылі
Пра нейкія перамены можна было б казаць, калі нават не сталі б адпускаць палітвязняў, але хоць бы перасталі набіраць новых, не давалі б такія жорскія прысуды, спынілі б новыя рэпрэсіўныя заканадаўчыя ініцыятывы.
А тое, што Лукашэнка нешта прынагодна сказаў, мне падаецца, нічога не значыць. Хлусіць ён занадта часта, на адныя і тыя ж тэмы. Таму даўно пара перастаць на гэта весціся.
Што датычыць гэтага апакаліптычнага прагноза Карбалевіча, то на першы погляд гэта выглядае не вельмі верагодным. Бо каб такое магло рэалізавацца, рэальна з краіны трэба выцясніць мільёны чалавек.
Не дзясяткі ці сотні тысяч, як цяпер, а каб справа пайшла на мільёны. Каб ён змог пераламаць рэальны электаральны расклад на сваю карысць. Тым больш, што выедуць самыя кваліфікаваныя кадры, без якіх будзе вельмі складана функцыянаваць эканоміцы.
Але казаць, што гэта зусім не магчыма, я б не стаў. Яшчэ нядаўна мала хто верыў, што рэпрэсіі будуць ісці такім валам, а яны цягнуцца ўжо больш за два гады. І што столькі людзей пад іх патрапіць.
Мы бачым, што самыя неверагодныя сцэнары робяцца магчымымі. Таму, калі раптам хтосьці захоча гэта рэалізаваць, то я зусім гэтага не выключаю. Хоць здзейсніць гэта ў беларускіх умовах будзе вельмі складана.
Ці можна тут зрабіць еўрапейскую Кубу? Куба ўсё ж такі востраў. І хоць яна знаходзіцца побач з ЗША, востраў — гэта востраў. Беларусь ачэпленая з усіх бакоў, акрамя аднаго, еўрапейскімі краінамі. Яна не мае выхаду да мора, але пры гэтым займае стратэгічнае значэнне.
Таму я не ведаю, ці магчыма ў такіх аграмадных маштабах у Беларусі правярнуць падобнае. Тым больш, улічваючы тую геапалітычную сітуацыю, якая складваецца. Краіна, якая падтрымлівае беларускі рэжым, церпіць паразы ва Украіне і, хутчэй за ўсё, прайграе гэтую вайну. А гэта можа прывесці да пераменаў у нашым рэгіёне.
Таму я спадзяюся, што такі сцэнар немагчыма да канца рэалізаваць. Хоць відавочна, што Лукашэнка жадае таго, каб ягоныя апаненты не толькі траплялі ў турмы, але і з’язджалі ў адзін канец.
Мы бачым, што некаторыя вядомыя дзеячы без перашкодаў пакідаюць краіну. Некаторых адкрыта выцясняюць. І тое, што бяруць на мяжы тых, хто спрабуе вярнуцца, выглядае сігналам: вас тут ніхто не чакае, сядзіце там, куды з’ехалі.
Таму тут тэндэнцыя такая: акрамя рэпрэсій, акрамя гэтай колькасці палітвязняў, пасадак у турмы, адным з варыянтаў бачыцца выезд па-магчымасці ўсіх незадаволеных з краіны. Але калі б гэтых незадаволеных была жменька, я мог бы сказаць, у прынцыпе, што гэта можа даць нейкі плён.
А тут гаворка пра мільёны. Тым больш, што Карбалевіч кажа пра пазбаўленне грамадзянства, каб ужо зусім не засталося ніякіх магчымасцяў. Адна справа пазбавіць некалькі тысяч, але ці магчыма такое, калі гаворка ідзе, напрыклад, пра паўмільёна чалавек?
— Сталінскія прысуды ў лукашэнкаўскай Беларусі перасталі быць навіной. Пра 1930-я нагадваюць фармулёўкі ў абвінавачванні Паўлу Белавусу. Беларусы ўсё больш замыкаюцца ў сабе, не выказваюць крытыкі, намагаюцца быць «як усе». Ці стала краіна бліжэй да таталітарызму, у які бок яна рухаецца?
— Вядома, у які бок. Усё рухаецца калі не да самога таталітарызму, то да таталітарных практык. Бо ёсць усё ж канктэртнае вызначэнне, што пад таталітарызмам разумеецца. Ён, сярод іншага, прадугледжвае моцную мабілізацыйную ідэалогію. Чаго ў Беларусі няма і, выглядае, немагчыма з цягам часу распрацаваць — столькі гадоў намагаліся і нічога не атрымлівалася.
Таму, верагодна, тут не будзе класічнай таталітарнай сістэмы. Але хапае рэпрэсіўных рэжымаў, якія ў сучаснай гісторыі ўжываюць таталітарныя практыкі, ад чаго у роце не робіцца саладзей, што яны не адпавядаюць усім крытэрам класічнага таталітарызму. У любым выпадку пад такімі рэжымамі жыць страшна і цяжка.
Безумоўна, бясконцымі і жорсткімі рэпрэсіямі можна прымусіць людзей у Беларусі маўчаць. І нават рабіць выгляд, што яны задаволеныя дзеяннямі ўладаў. Прынамсі, вонкава. Але Лукашэнка цудоўна разумее, што гэта не гарантуе поспеху.
Бо маўчаць людзі могуць у спрыяльных для яго ўмовах. А ў неспрыяльных гэтае маўчанне можа перарвацца, як гэта было ў 2020 годзе, калі здавалася, што нічога не будзе, што ўсе змірыліся.
Таму колькі разоў і сам Лукашэнка казаў, што трэба выявіць усіх, хто «схаваўся пад плінтусам», выцягнуць іх. І на практыцы тое самае робіцца: здаецца, ужо і пратэстаў ніякіх няма, а людзей усё бяруць і бяруць, шукаюць іх старыя «грахі» 2020-га, нават калі чалавек апошнія два гады нічога не рабіў.
Безумоўна, людзі стараюцца не высоўвацца, некаторыя намагаюцца мімікрыраваць, рэпрэсіўная палітыка дае свой плён. Але гэта не гарантуе, што пратэсты не паўторацца. У гэтым сэнсе выцясненне незадаволеных за мяжу дае большы эфект, бо гэта азначае не поўнае заканапачванне катла, які падаграецца, а пакіданне клапана для выпускання пару.
Бо калі ўсе сядзяць, як мышы пад венікам, але думаюць зусім іншае, ёсць вялікая небяспека, што накрыўку ўрэшце сарве, калі кацёл перагрэецца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное