Пашкевіч: «Эфект можа атрымацца зусім не той, на які разлічваюць арганізатары гэтага дзеяння»
Гісторык — пра выхаванне падлеткаў.
Валожынская раёнка паведаміла, што супрацоўнікі мясцовай інспекцыі па справах непаўналетніх зладзілі для вучняў з розных школ раёна экскурсію ў прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх на Акрэсціна. А падлеткі з іншага раёну —Копыльскага — апынуліся на Дне адкрытых дзвярэй… у аўтазаку.
Такім чынам сілавыя структуры нібыта папулярызуюць сваю працу.
Які ўплыў падобныя мерапрыемствы могуць аказаць на дзяцей і падлеткаў, Філін спытаў у гісторыка Аляксандра Пашкевіча.
— Тое, што школьнікаў павезлі знаёміцца з рэаліямі Акрэсціна, не першы выпадак. Раней туды ўжо вазілі вучняў з іншых раёнаў, — нагадаў суразмоўца. — Гэта дае падставу меркаваць, што ў краіне ёсць нейкая спланаваная кампанія падобных экскурсій для школьнікаў.

І гэта цалкам ўкладаецца ў агульную тэндэнцыю апошніх гадоў, калі ладзяцца і лекцыі, і экскурсіі, звязаныя з сілавікамі, праходзяць паказальныя суды прама ва ўстановах адукацыі.
Так, уплыў сілавікоў у Беларусі вельмі ўзмацніўся, пашырыліся іх функцыі і сферы ўздзеяння. Відавочна, што зараз, акрамя задушэння пратэстаў і рэпрэсій супраць насельніцтва, ім таксама дадзена заданне забяспечыць лаяльнасць маладога пакалення, каб яго па магчымасці ў нечым калі не пераканаць, то запалохаць.
Мяркую, што ўсім сілавым структурам даведзеныя планы з мерапрыемствамі, якія яны мусяць праводзіць.
Таму, на жаль, мы яшчэ не раз пачуем пра такія акцыі, якія перастануць быць навіной, бо стануць будзённасцю. Гэта асэнсаваная палітыка сённяшняй улады.
— Вы сказалі, што ў іх ёсць разлік на тое, каб выхаваць гэта пакаленне лаяльным. Ці такія метады апраўдваюць сябе, ці сапраўды ў іх усё атрымаецца, як задумалі?
— Не ўпэўнены, што на лад мыслення падлеткаў гэта ўплывае менавіта так, як таго хочуць тыя, хто гэта прыдумаў. Залежыць і ад таго, як праводзяць гэтыя мерапрыемствы.
Калі іх праводзяць проста для «птушачкі», толькі каб рэалізаваць пункт таго плана, то і дзеці могуць да гэтага ставіцца фармальна, то бок проста магчымасць прапусціць школу.
Ва ўмовах, калі няма пэўнай ідэалогіі і многае робіцца толькі для «птушачкі», так часта бывае: на камеру робіцца адно, а ў рэальнасці — зусім іншае.
Таму я б не перабольшваў уплыў на сучасных падлеткаў. Разумееце, калі ўсё робіцца такімі лабавымі метадамі па нейкіх састарэлых метадычках, якія арыентаваныя не на сучасных дзяцей, а хутчэй на тых, каго выхоўвалі пэўны час таму, думаю, усе ж такі ўплыў будзе абмежаваны.
Але, канешне, на частку дзяцей гэта паўплывае.
На мой погляд, у спосабах уздзеяння на падлеткаў самае страшнае, калі ўлады пяройдуць на папулярныя ў іх платформы, тыя ж сацсеткі, то бок пачнуць прымяняць не састарэлыя метады, а адпаведныя часу.
— Дарэчы, пра адпаведнасць часу. Не можа быць такога, што падлеткі, якія наогул да такой экскурсіі нічога не ведалі пра Акрэсціна, пабываўшы там, захочуць даведацца больш пра гэта месца, залезуць у інтэрнэт і ў першай жа спасылцы прачытаюць пра катаванні 2020 года?
— Безумоўна, для пэўнай часткі дзяцей, найбольш дапытлівай, найбольш разумнай, гэта можа сапраўды стаць нейкім штуршком, каб пашырыць свае веды.
І, канешне, калі яны пачнуць шукаць інфармацыю, то першае, пра што даведаюцца, будзе інфармацыя не пра пенітэнцыярную сістэму, а пра падзеі ад 2020 года і дагэтуль.
Так, гэта такая палка а двух канцах, эфект можа атрымацца зусім не той, на які разлічваюць арганізатары гэтага дзеяння. Бо, паўтару, адсутнічае нейкая моцная ідэалогія, якая б дазваляла ўсё прапускаць праз яе для пэўнага ўспрымання любых падзей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное