Пашкевіч: «Трэцяя сусветная даўно ідзе ў гібрыднай, але пакуль не ў гарачай форме»

Гісторык, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч – пра тое, як грамадзянаў ЗША (і не толькі іх) рыхтуюць да вялікай вайны.

— Напэўна, кожны, хто больш-менш сочыць за навінамі, звярнуў увагу, наколькі часта Дональд Трамп паўтарае фразу, пра тое, што калі б ён быў прэзідэнтам у тыя часы, як Пуцін нападаў на Украіну, то гэтая вайна ніколі не пачалася б, — піша Аляксандр Пашкевіч.

Аляксандр Пашкевіч

У літаральна любым ягоным выступленні, датычным Расіі і Украіны, гэты тэзіс так ці інакш гучыць, прытым часта ў зусім рытуальнай форме: дзе паводле логікі і здаровага сэнсу патрабуецца сказаць проста «вайна», Трамп абавязкова скажа «вайна, якая б ніколі не пачалася, калі б я быў прэзідэнтам». Эканомія дзяржаўных выдаткаў — гэта любімы канёк 47-га прэзідэнта ЗША, але пра эканомію слоў гаворка, наадварот, не ідзе.

Прытым грашыць частым паўтарэннем гэтага выказвання не толькі сам Трамп, але і ягонае атачэнне — яго можна знайсці нават у афіцыйных заявах прэс-службы.

І гэта не выпадкова ўсё, вядома, а мэтанакіравана робіцца, у межах фармавання аўтарытарнага рэжыму на чале з лапідарным геніем.

Лапідарную геніяльнасць правадыра гэтая фраза мае акурат і падкрэсліваць, а пастаяннае яе паўтарэнне да месца і не да месца скіраванае на тое, каб людзі да гэтага тэзісу прывыкалі і пачыналі ўспрымаць як неабвержную аксіёму, якая як такая апрыёры не патрабуе ніякіх доказаў.

Бо насамрэч жа ні даказаць, ні абвергнуць гэтае выказванне абсалютна немагчыма, яно можа быць толькі прадметам веры, і не больш таго.

Ну вось яго свядома і робяць не толькі прадметам веры, але і яе сімвалам. Парадаксальна, але калі грамадствы рыхтуюць да вялікай вайны, то сярод іншага звычайна эксплуатуюць і боязь яе. Адно другому не надта супярэчыць.

А Трамп да вялікай вайны грамадства безумоўна рыхтуе. Ягоныя мала радзейшыя ў параўнанні з вышэйназваным, пастаянныя і паслядоўныя выказванні пра жаданне валодаць Грэнландыяй, Канадай і іншымі тэрыторыямі прывучаюць не толькі амерыканцаў, але і ўвесь свет да думкі, што гэта не фантастыка, а цалкам сабе магчымы ў цяперашнім свеце варыянт.

І калі хай не заўтра, а паслязаўтра Трамп аб’явіць, што ідзе браць Атаву за тры дні, то багата хто будзе гэта падтрымліваць, бо ў галовах ужо засядзе тэзіс пра «51-шы штат». А раз так, то што вы хацелі, ён жа насамрэч хацеў мірна вас далучыць, а вы супраціўляліся, то што ж цяпер...

І ўвогуле гэта ўсё Байдэн, і каб Трамп быў прэзідэнтам у 2021-2024 гадах, то гэтая вайна ніколі не пачалася б. Не захацелі лапідарнасці тады — ну то атрымайце цяпер вось гэта во ўсё.

Планаванае неўзабаве прызнанне з боку ЗША законнасці расійскай анексіі Крыма заб’е апошні цвік у труну старога свету, які многім, канешне, не падабаўся, але дазволіў дабіцца ўнікальнага для сусветнай гісторыі стану, калі прынамсі ў значнай частцы свету цэлае пакаленне людзей змагло нарадзіцца, вырасці, састарэць і сваёй смерцю спакойна памерці, не зазнаўшы на ўласнай скуры, што такое вайна.

Пасля рэалізацыі лапідарнага мірнага плана працэсы, падазраю, стануць абсалютна незваротнымі і назад нічога адкруціць ужо будзе зусім нельга.

Зрэшты, тут не варта гаварыць у будучым часе, у новым свеце мы ўжо апынуліся даўно і вярнуцца назад немагчыма. Проста не ўсе гэта пакуль да канца зразумелі і ўсвядомілі. Пакуль жа яшчэ збольшага ўсюды мірнае неба над галавой і больш-менш звыклы лад жыцця — Трэцяя сусветная даўно ідзе ў гібрыднай, але пакуль не ў гарачай форме.

Глядзіш, калі Пуціна цяпер шчодра пакормяць тэрыторыямі, зняццем санкцый і «цудоўнымі здзелкамі», то і ў нешчаслівай Украіне, якая воляй лёсу прыняла на сябе першы ўдар, пацішэе на нейкі час. Але перад знішчальнымі бурамі таксама звычайна бывае зацішша.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)