Прага жыцця. Чаму ў разгар залатой восені зацвілі каштаны

Прычыны могуць быць самыя розныя. І не ўсе з іх аптымістычныя.

У Беларусі не першы год назіраецца нязвыклая нашаму воку з’ява: у верасні, а то і ў кастрычніку на амаль палыселых дрэвах каштанаў з’яўляюцца новыя зялёныя лісточкі і свечкі кветак.

Тое самае здараецца ўсё часцей і ў іншых краінах Еўропы. Навукоўцы даюць некалькі тлумачэнняў гэтаму. Гэта і змены клімату, якія прыносяць спякотнае і засушлівае надвор’е ўлетку, а таксама ненатуральна цёплы пачатак восені.

У выніку каштаны скідваюць лісце ўжо ў ліпені, у іх закладваюцца новыя пупышкі. Дрэвы ўпадаюць у перыяд спакою, нібыта рыхтуюцца да зімы. Перыяд дажджоў пасля працяглай засухі ўспрымаецца многімі з іх як пачатак вясны.

Яшчэ адна прычына, якая таксама звязаная з пацяпленнем клімату, выклікае занепакоенасць у адмыслоўцаў. З-за спёкі і недахопу вільгаці белыя конскія каштаны, якія масава растуць і ў Беларусі, знясільваюцца. Гэтым карыстаюцца шматлікія шкоднікі і грыбкі.

Таму некаторыя навукоўцы бачаць у кастрычніцкіх кветках на каштанах спробу цяжка хворых дрэваў даць апошняе патомства. Прыгожая і адначасова сумная карціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)