Праваабаронца: Незразумела, як у Беларусі ў 21-м стагоддзі мы дайшлі да такой кропкі, што сілавікі такія жорсткія катаванні прымяняюць да людзей

Пра новае расследаванне злачынстваў, якія здзейснілі супраць затрыманых 9-13 жніўня 2020 года ў Маскоўскім РУУС Мінска.

Расследаванне прадставіў «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі».

Эксперты Камітэта старанна вывучылі 48 індывідуальных інтэрв’ю (569 старонак тэксту) затрыманых, прааналізавалі фатаграфіі траўмаў і медыцынскія дакументы (58 старонак). На падставе гэтага была складзена храналогія падзей.

На падставе паказанняў грамадзян і прадстаўленых імі дакументаў, расследавальнікі Камітэта робяць выснову, што сілавікі на тэрыторыі РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска ажыццяўлялі масавыя і сістэмныя акты катаванняў і гвалту, у тым ліку сексуальнага (як мінімум трое пацярпелых распавялі пра гэта), здзекаў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых.

— Калі чытаеш гэтыя інтэрв’ю (з людзьмі, якія былі затрыманыя — «С»), становіцца незразумела, як у Беларусі ў 21-м стагоддзі мы дайшлі да такой кропкі, што міліцыя і амапаўцы, супрацоўнікі РАУС такія жорсткія катаванні прымяняюць да людзей, — распавяла праваабаронца ініцыятывы «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі» Вікторыя Фёдарава ў інтэрв’ю Еўрарадыё.

Вікторыя Фёдарава

— Людзей збівалі настолькі жорстка, што яны ўсе былі ў крыві. Асабліва жорстка ставіліся міліцыянты да тых, хто размаўляў па-беларуску, да тых, хто меў на сабе беларускія нацыянальныя сімвалы, белыя стужкі ці бранзалеты, у каго былі доўгія валасы, пірсінг, хто быў апрануты ў белае.

Быў затрыманы адзін чалавек у медыцынскай форме, з медыкаментамі, і да яго асабліва жорстка ставіліся, таму што лічылі, што ён аказвае медыцынскую дапамогу пратэстоўцам.

Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што непаўнагадовыя і людзі сталага ўзросту, а таксама жанчыны маюць асаблівыя патрэбы.

— У беларускім заканадаўстве ёсць прынцыпы, якімі павінны карыстацца сілавікі ў дачыненні да гэтых людзей. У гэтыя дні жніўня ніхто не глядзеў на прынцыпы і заканадаўчыя нормы, і да гэтых людзей ставіліся з той жа жорсткасцю, як і да іншых пратэстоўцаў, нягледзячы на іх узрост і асаблівасці.

Жанчыны адзначалі, што былі пагрозы сексуальнага гвалту. Мы не маем адносна жанчын сведчанняў здзейсненага сексуальнага гвалту, але такія пагрозы былі вельмі шырока распаўсюджанымі.

Паводле міжнародных стандартаў сексуальны гвалт гэта не толькі гвалтаванне, якое з’яўляецца злачынствам па беларускім заканадаўстве. Гэта і больш шырокія паняцці, якія ўключаюць у тым ліку пагрозы, словы ў бок жанчын, якія дыскрымінуюць іх па гендэрнай прыкмеце.

Вікторыя Фёдарава патлумачыла, што прызнанне аднаго з затрыманых у тым, што яго згвалтавалі ў РУУС 12 жніўня, а таксама апісанне сексуальнага гвалту ў дачыненні трэцяй асобы, тычылася сексуальнага гвалту мужчын дубінкай.

Прывядзем цытаты з паказанняў пацярпелых, апублікаваныя ў расследаванні:

  • «Я яшчэ ў аўтазаку зразумеў, што, мусіць, можна і не абрацца адтуль жывым. А ў РУУС я ўжо ў гэтым быў упэўнены».
  • «Калі ў актавай зале яшчэ параўнальна не вельмі моцна білі людзей, то ў калідорах было больш жорстка. Чуваць было, як іх б’юць. Мы, якія ляжаць у актавай зале, абураліся і спрабавалі крычаць: «Што ж вы робіце, спыніцеся!». Здавалася, там ужо нічога жывога няма».
  • «Тыя, хто ляжаў на падлозе, ім казалі: «Галаву ў падлогу». Калі нехта не слухаўся, у кагосьці зацякала шыя, ён не мог нешта зрабіць, яны дамагаліся гэтага сілай. Збівалі нагамі».
  • «Выйсці ў прыбіральню, ну, выпускалі рэдка. Там людзі пісаліся пад сябе. Ну, хадзілі па вялікім таксама пад сябе, некаторыя, ад болю, яшчэ нечага…».
  • «Што мяне больш за ўсё ўразіла – тое, што адзін з іх крычаў, што «мы толькі чакаем, калі нам дазволяць ужываць зброю, і мы вас, сук, будзем расстрэльваць. Усіх будзем страляць!»».
  • «Я магу сказаць, што гэта былі дзве самыя страшныя гадзіны ў маім жыцці. Яны нас збівалі там, яны здзекаваліся».
  • «Калі я там быў, адчуванні таго, што ты бездапаможны чалавек, яно цябе ніколі не пакідала. Бо з табой могуць зрабіць усё што заўгодна. У прынцыпе ты не можаш гэтаму супрацьстаяць ніяк. Я зразумеў, што яны захочуць, дык яны могуць зрабіць. Гэта значыць, у іх рукі развязаныя былі. Яны пра гэта самі казалі не раз».

У выніку знаходжання ў Маскоўскім РУУС у многіх затрыманых узніклі сур’ёзныя праблемы з фізічным і псіхічным здароўем, у некаторых яны маюць незваротны характар.

У канцы справаздачы апублікаваны спіс з 14 сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях. Іх апазналі пацярпелыя, а дадатковую інфармацыю аб супрацоўніках эксперты атрымалі з некалькіх крыніц. Важна: віна гэтых людзей павінна быць даказаная ў судзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)